«Я видел реактор…»

26 красавіка… 26 гадоў… Тысячы згубленых лёсаў… Выбух, які прагрымеў у г.Чарнобыль каля дзвюх гадзін ночы 26 гадоў таму, раздзяліў жыцці многіх на “да” і “пасля”… Мой аднакласнік нарадзіўся менавіта ў гэты дзень, у гэты год, таму ніхто ніколі не забудзе яго Дзень нараджэння… Смуткам і жалем ахутаны гэты дзень ва ўсім свеце, асабліва ў краінах СНД, бо ва ўсе куткі даляцела рэха… чарнобыльскае рэха…
Адных людзей адсялялі з родных мясцін за соткі кіламетраў, другіх – прывозілі на работу туды, дзе зашкалівалі дазіметры… У чэрвені 86-га ў закрытую зону адправілі чатырох нашых землякоў…
Аляксей КАРАГОДА,
в.Войская:

– Нарадзіўся я ў вёсцы Жылічы, у звычайнай сям’і. Раслі з братам, дапамагалі бацькам. Пасля таго, як скончыў сярэднюю школу №1 г.Каменец, райваенкамат накіраваў мяне на вадзіцельскія курсы, дзе і атрымаў пасведчанне кіроўцы. А ў ім, акрамя звычайных надпісаў, быў яшчэ адзін – “вадзіцель БТР”. Пазней гэты запіс адыграе немалую ролю ў маім лёсе. Праходзіў тэрміновую ваеннай службу ва Украіне. Пасля яе працаваў вадзіцелем аўтобуса ў Брэсце, а потым – у Каменцы. Тут і знайшла мяне павестка з райваенкамата, у якой патрабавалася з’явіцца на ваенныя зборы… Едучы на іх, ніхто з чацвёркі выкліканых нават не здагадваўся аб тым, куды мы едзем. Але, калі прыехалі, то без слоў усё зразумелі – Чарнобыль… Чаму туды трапіў? Бо меў пасведчанне вадзіцеля БТР. Менавіта на гэтай машыне мне прыйшлося працаваць. На ёй вазіў людзей на работу падчас дзяжурства, якое, бывала, зацягвалася на цэлыя суткі… Жылі мы ў піянерскім лагеры “Казачны”, у якім адпачывалі дзеці работнікаў станцыі. А калі быць больш дакладным, то там мы толькі елі, а вось жылі за лагерам, у палатках… Знаходзіўся ў чарнобыльскай зоне паўтара месяца. За гэты час многае чуў і бачыў. Напрыклад, як будавалі саркафаг для чацвёртага рэактара. Аднойчы мне давялося нават там пабываць. Справа ў тым, што ў машыне вёз атамшчыка з Масквы, які нешта хацеў там паглядзець. Вось і прывёз яго да рэактара… Пасля кожнага выезду “на работу” мы ўсе ішлі ў лазню, і кожны раз нам выдавалі новую вопратку, а старую спальвалі на вогнішчы, бо яна была радыеактыўнай. Так прайшлі мае ваенныя зборы… Зараз я ўжо на льготнай пенсіі, бо быў у Чарнобылі…
Вось такая гісторыя. Але, відаць, не толькі БТР сыграў у гэтай сітуацыі ключавую ролю, але і тое, што Аляксей Аркадзьевіч на той момант не меў сваёй сям’і, не было каму чакаць…

Наталля ГРЫЦУК
Фота Міколы ШУМА

1 thought on “«Я видел реактор…»

Добавить комментарий