Як у баі…

У той дзень было сапраўды горача для ратаўнікоў-пажарных раёна: у камянецкім вытворчым філіяле ААТ “Савушкін прадукт” прайшлі тактыка-спецыяльныя вучэнні, набліжаныя да рэальнасці.

…Адбылася разгерметызацыя кампрэсарнай устаноўкі, у паветра вырваліся амаль тры тоны аміяку. Каб ліквідаваць аварыю, аб’ядналіся байцы райаадзела па надзвычайных сітуацыях і работнікі медыцыны, міліцыі. У вучэннях дзейнічалі пяць баявых разлікаў МНС, аўтамабілі райаддзела міліцыі, неадкладнай медыцынскай дапамогі, раёна электрасетак і раённага вузла электрасувязі. Ратаўнікі найперш эвакуіравалі персанал і прыступілі да ліквідацыі ўцечкі аміяку, лакалізавалі распаўсюджанне атрутнага воблака. Усё гэта – за лічаныя хвіліны. Аўтарытэтная камісія назірала за працэсам і засталася задаволенай прафесіянальнымі дзеяннямі ліквідатараў аварыі.

– Такія вучэнні карысныя як ветэранам-ратаўнікам, так і маладым супрацоўнікам, – адзначыў намеснік начальніка райаддзела МНС па аператыўна-тактычнай рабоце Раман Церабей. – Адна справа – планаваць тактыку дзеянняў у кабінетах, адпрацоўваць яе на трэнажорах, і зусім іншае – баявое, хоць і трэніровачнае, разгортванне непасрэдна на аб’ектах. Вядома, дай Бог, каб не давялося працаваць у час рэальнай аварыі. Але быць гатовым да яе павінны быць заўжды.

Генадзь КОХНЕНКА,

інспектар групы прапаганды і навучання райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Фота аўтара.

Добавить комментарий