Як вучні з Пелішча вывучаюць на колах гісторыю і геаграфію

 Восень — час падвядзення вынікаў для аматараў велапрагулак і велавандровак. І ў адзін з суботніх лістападаўскіх дзён чальцы краязнаўчага гуртка «Мая вёска» Пелішчанскай сярэдняй школы (вялікія аматары актыўнага адпачынку!) вырашылі зладзіць для сябе свята — закрыццё веласіпеднага сезона. У праграме было запланавана невялікае падарожжа па найбліжэйшаму да вёскі лесе Скіндэраўцы.

І такое падарожжа адбылося. Спачатку вучні завочна пазнаёміліся з аб’ектам свайго наведвання. Лясны масіў, дзе ўтульна адчуваюць сябе ў асноўным лісцяныя пароды дрэў (дуб, граб, клён, ясень, бяроза) досыць вялікі. Яго плошча складае некалькі тысяч гектараў. І яшчэ Скіндэраўка – лес шаноўнага ўзросту. На трохвярстовай карце Шуберта, што была выдадзена ў 1866 годзе, ён ужо пазначаны. Нанесены ён і на іншыя старыя карты. Толькі назвы некалькі адрозніваюцца: «Скіндэраўка», «Скіндэрувка», «Скіндірувка».

Адкуль такая назва?

Хутчэй за ўсё, яна ўтворана ад дзеяслова «skinder», які сустракаецца ў літоўскай мове. Гэты дзеяслоў мае значэнне «секчы», «высякаць». Зразумела, што дадзенае слова апісвае гаспадарчую дзейнасць чалавека ў лесе.

Тут ёсць месцы з багатай гісторыяй. У першую чаргу гэта ўрочышча «Цэгельня». Назва пайшла ад польскага і беларускага слова «цэгла». У пачатку ХХ стагоддзя ўладальнік тутэйшых зямель польскі магнат Станіслаў Гутоўскі пабудаваў на гэтым месцы невялікі завод па вытворчасці цэглы. Завод працаваў да канца 40-х гадоў.  Да гэтага часу тут бачныя сляды дзейнасці прадпрыемства: засталіся глыбокія кар’еры, дзе здабывалі гліну, высокія насыпы, куды складвалі пустую пароду. Калі ўважліва паглядзець вакол сябе, то пад пластом апалай лістоты можна яшчэ знайсці старыя, парослыя мохам кавалкі цэглы мясцовай вытворчасці. А ў ліпені 1944 года на тэрыторыі Цэгельні некалькі дзён стаяў штаб 19-ай механізаванай брыгады – воінскага падраздзялення, якое 22 ліпеня 1944 года вызваліла вёску Пелішча. Магутныя векавыя дубы і грабы многае маглі б распавесці пра падзеі тых часоў!

У кіламетры ад гэтага месца яшчэ некалькі год таму можна было знайсці невялікую паляну, дзе ў першай палове ХХ стагоддзя месціўся дамок лесніка з гаспадарчымі пабудовамі. Зараз тут падрастаюць маладыя ялінкі, пасаджаныя работнікамі Пелішчанскага лясніцтва.

Праз Скіндэраўку праходзіць цяпер закінутая, а раней досыць ажыўленая дарога. Мясцовае яе назва — «Кобрыньскі гостынэць». На картах ХIX стагоддзя яна паказаная такім жа сімвалам, як і вядомая ўсім траса Р85 Слонім-Высокае. У той час гэта быў самы кароткі і таму запатрабаваны шлях з Камянца ў Кобрын. Зараз дарога страціла сваё ранейшае значэнне, але пелішчанцы і жыхары навакольных вёсак карыстаюцца ёй да гэтага часу.

А ўздоўж усходняга ўскрайку лесу працягнуўся яшчэ адзін цікавы прыродны аб’ект — глыбокі яр. Мясцовыя жыхары называюць яго «Індыцькі ровы». Назва паходзіць ад вёскі Індычы, ушчыльную да якой яр падыходзіць. Даўжыня рова каля 3 кіламетраў. Глыбіня ў некаторых месцах дасягае 12 метраў. Аб’ект таксама досыць шаноўнага ўзросту. На падрабязнай карце Расійскай імперыі сярэдзіны ХIX стагоддзя ён таксама пазначаны.

Узброіўшыся ведамі з гісторыі, мы адправіліся ў падарожжа з мэтай убачыць на свае вочы ўсё тое, пра што даведаліся. Шпацыр на роварах па лясных дарогах даставіў сапраўднае задавальненне. Свежае паветра, халоднае, але без нуднага дажджу надвор’е, ціхі празрысты восеньскі лес з мяккім дываном з апалай лістоты – усё гэта зачаравала і дало зарад станоўчых эмоцый на доўгі час.

А ў канцы падарожжа было вогнішча

Прыемна стомленныя падпрожнікі частаваліся гарачым духмяным чаем. Тут жа, ля вогнішча, падвялі вынікі гэтага сезону. Пагаварыць было пра што. У гэтым годзе нам удалося многае з таго, што раней планавалі. Мы пабывалі ў вёсках Седруж і Антаны. Там наведалі месцы, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. На восеньскіх вакацыях мінулага года адкрылі для сябе вёскі Арэпічы, Сцяпанкі і Драмлёва ў Жабінкаўскім раёне. А 22 мая, на праваслаўнае свята Міколы Цудатворца, здзейснілі экскурсію ў Спаса-Праабражэнскі мужчынскі манастыр вёскі Хмелева. Храм манастыра, якому ў 2025 годзе спаўняецца 300 гадоў, знакаміты ў праваслаўным свеце Беларусі ў першую чаргу сваімі   старажытнымі іконамі: цудатворнай іконай Божай Маці Чанстахоўскай і старадаўнім абразом Міколы Цудатворца.

Але самыя вялікія ўражанні звязаныя з падарожжам, якое адбылося на вясновых вакацыях. За тры дні праехалі на роварах каля 120 кіламетраў. Вывучалі на колах гісторыю і геаграфію Камянецкага раёна. Вёскі Мікалаева, Шастакова, Трасцяніца, Ратайчыцы, Кругель, Дзямянчыцы, Турна – наведванне гэтых мясцін пакінула незабыўныя эмоцыі і заахвоціла да здзяйснення новых адкрыццяў.

Гісторыя нашага раёна багатая і разнастайная. Тут ёсць што даследаваць і вывучаць. Было б толькі жаданне. А яно ў чальцоў краязнаўчага гуртка «Мая вёска» невычэрпнае!

Васіль АРАБЕЙКА,
кіраўнік краязнаўчага гуртка “Мая вёска”  Пелішчанская сярэдняй школы