Яго дрэва жыцця

AAA_7693На Камянеччыне ўжо тры народныя майстры! Надзея Грыцук – майстар-метадыст Камянюцкага сельскага Цэнтра рамёстваў і культуры, з’яўляецца народным майстрам Рэспублікі Беларусь па ткацтву падвойных дываноў. Статус “народны” ёй прысвоены 26 кастрычніка 2009 года. Нядаўна зноў прыйшла добрая навіна. Рашэннем экспертнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь ганаровага статусу ўдастоіліся яшчэ два майстры народнай творчасці з нашага раёна. Гэта вядомы камянецкі разьбяр па дрэве Анатоль Туркоў і майстрыха двухасноўнага ткацтва Марыя Краўчынская з вёскі Падбела, якая з’яўляецца паслядоўніцай зберажэння традыцыі ткацтва падвойных дываноў на Камянеччыне. Раскажам пра кожнага.

Анатоль Савельевіч Туркоў – самадзейны мастак, майстар разьбы па дрэве, старшыня грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў рэгіёну “Белавежская пушча і Брэстчыны “ТУР”, член абласнога клуба майстроў народнай творчасці «Скарб», член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці з 2004 года, неаднаразовы пераможца і прызёр абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, якія адбываліся ў Швецыі, Літве, Польшчы. У конкурсе на лепшы беларускі сувенір, які праводзіўся па ініцыятыве Адміністрацыі Прэзідэнта, заняў 3-е месца.

Нарадзіўся Анатоль 1 кастрычніка 1949 года ў г.Каменец, у шматдзетнай сям’і. Яго і брата бацькі аддалі вучыцца ў Высокаўскую школу-інтэрнат, дзе хлопец пачаў самастойна маляваць, іграў у духавым аркестры, займаўся спортам. Апошнія два класы заканчваў у СШ №1 у Каменцы і адначасова займаўся малюнкам, жывапісам і лінагравюрай у студыі выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам Заслужанага настаўніка Беларусі Дзмітрыя Раманавіча Дошчыка.

З 1975 па 1989 гады Анатоль загадваў раённай мастацкай майстэрняй, быў членам абласнога мастацкага савета ўпраўлення культуры; з 1989 па 1992-і – старшыня мастацкага кааператыву «Узор»; з 1992 года – мастак КУШВП ЖКГ «Камянецкая ЖКГ».

За час творчай працы Анатоль Савельевіч зарэкамендаваў сябе дасведчаным, ініцыятыўным, старанным чалавекам з вялікім жаданнем ствараць. У яго невычэрпны энтузіязм і арганізатарскія здольнасці, ён цесна супрацоўнічае з актыўнымі ўдзельнікамі аб’яднання аматараў мастацтваў рэгіёну “Белавежская пушча і Брэстчыны “ТУР”, якое з 2008 года плённа працуе па розных напрамках народнай творчасці.

Любімы накірунак прыкладнога мастацтва Анатоля Туркова – разьба па таніраваным фоне, якая характэрна толькі для рэгіёну Белавежская пушча. Гэтую тэхніку разьбы ўпершыню распрацаваў і выконваў мастак май­стэрняў Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» Юрый Іосіфавіч Кісялёў. Анатоль Туркоў працуе ў гэтай тэхніцы больш за 40 гадоў. Работа выконваецца разцамі для лінагравюры на шліфаванай бярозавай фанеры, пакрытай бейцам. Тэхніка падобная да лінагравюры і адрозніваецца магчымасцю выконваць больш тонкія штрыхі, работа – у адзіным экземпляры, не падлягае тыражыраванню. Памер яе можа быць дастаткова вялікім, але звычайна не больш за 1,5х1,5 м. Любімыя вобразы майстра ў гэтай тэхніцы – зубр і Камянецкая вежа. У рэспубліканскім конкурсе «Лепшы беларускі сувенір» у 2010 годзе Анатоль заняў 3-е месца менавіта за работы на тэму Белавежскай пушчы, выкананыя ў гэтай тэхніцы. Яе і іншыя сакрэты разьбы па дрэве ён спасцігаў самастойна, грунтуючыся на мастацкіх здабытках беларускай традыцыйнай культуры.

У апошнія гады прыярытэтным напрамкам творчасці Анатоля Туркова з’яўляецца стварэнне паркавай скульптуры і малых архітэктурных форм. Ён плённа працуе з дрэвам на пленэрах, майстар-класах, семінарах, удзельнічае ў розных святах і фэстах, выставах і аглядах рознага ўзроўню, на якія атрымлівае запрашэнні з 2000 года. Неаднаразова быў ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і дыпломамі. У яго багаты паслужны спіс: пачынаючы з 1998 года, Анатоль быў прызёрам абласнога конкурсу I Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці «Беларусь – мая песня», абласнога конкурсу «Ремесленное подворье» на лепшы твор у драўлянай скульптуры, I і II Рэспубліканскіх фестываляў-кірмашоў рамёстваў «Вясновы букет» у Мінску, Рэспубліканскага фестывалю рамёстваў «Палітра фарбаў і фантазій», Рэспубліканскай выставы-кірмашу рамёстваў «Горад майстроў», прысвечанай 65-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 2011 годзе Анатоль стаў пераможцам Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу разьбярства «Дрэва жыцця», які ладзіўся ў Музеі старадаўніх рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі», заняў другое месца ў намінацыі «Скульптура» за стварэнне выявы героя беларускай дахрысціянскай міфалогіі Зюзі.

У 2013 годзе ён браў удзел у V Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў «Вясновы букет», быў ўдастоены Дыплома II ступені Саюза народных майстроў і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за высокі ўзровень работ; стаў лаўрэатам V Міжнароднага пленэру разьбяроў па дрэве, які праходзіў у АТК «Гарадзенскi маёнтак «Каробчыцы» Гродзенскага мясакамбіната, і быў узнагароджаны Ганаровым дыпломам за самабытнасць і вернасць прынцыпам народнай творчасці.

А яшчэ Анатоль Савельевіч – дыпламант II Рэспубліканскага пленэру разьбяроў па дрэве ў г. п. Зэльва. У 2014 годзе ўдзельнічаў у беларуска-польскім пленэры разьбяроў манументальнай скульптуры, які праходзіў у рамках мікра-праекта “Ад Яна да Івана – трансгранічныя культурныя мерапрыемствы”, у адпаведнасці з праграмай трансгранічнага супрацоўніцтва ў Еўрарэгіёне “Белавежская пушча”, узнагароджаны Дыпломам за самабытнасць і вернасць прынцыпам народнай творчасці.

На Беларусі спакон вякоў існуе традыцыя ўсталёўваць паклонныя крыжы. Анатоль Савельевіч вырабіў і ўсталяваў не адзін такі традыцыйны праваслаўны крыж на тэрыторыі Камянецкага раёна, у вёсцы Бездзеж Драгічынскага, у Рэспубліцы Польшча.

Работы майстра знаходзяцца ў прыватных калекцыях Расіі, Польшчы, Германіі, Італіі, Ізраіля, ЗША, Францыі, Канады і іншых краін, а манументальна-дэкаратыўныя скульптуры ўсталяваны ў тых гарадах і мястэчках, дзе былі вырабленыя, як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі.

У пачатку 2015 года Упраўленнем справамі Прэзідэнта быў праведзены чарговы конкурс на лепшы беларускі сувенір, каб выявіць найлепшыя ўзоры сувенірнай прадукцыі, якія павінны адлюстроўваць нацыянальныя асаблівасці і несці інфармацыю пра нашу краіну. Пано разьбяра Анатоля Туркова кансультацыйнай радай, у склад якой увайшлі вядомыя мастацтвазнаўцы, спецыялісты сферы культуры і народнай творчасці, аднесена да ўзораў прадстаўнічай сувенірнай прадукцыі, якая будзе выкарыстана ў галерэі Дзяржаўнага падарункавага фонду сувенірнай прадукцыі Беларусі.

Анатоль Туркоў – чалавек, які знаходзіцца ў пастаянным пошуку, удасканальвае сваё майстэрства і паспяхова рэалізуе свае творчыя ідэі ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прынцыповасць, сур’ёзнасць, патрабавальнасць да сябе, прафесійныя навыкі і ўменне арганізаваць работу – адметная пазіцыя майстра. Для Анатоля Савельевіча, як сам прызнаецца, вельмі важна меркаванне недасведчаных у разьбярстве людзей, аднак галоўнае – прайсці ўласную самацэнзуру. Ён падтрымлівае таленавітую моладзь: запрашае працаваць у майстэрню і на мерапрыемствы, ладзіць майстар-класы. Нават вопытным разьбярам, калі трэба, дапамагае прафесійнымі парадамі. Дзякуючы такім людзям, улюбёным у сваю справу, рамёствы нашых продкаў не толькі не загінулі, а атрымалі сваё далейшае развіццё на Камянеччыне і па-за яе межамі. Анатоль Туркоў сваёй плённай працай і майстэрствам уносіць неацэнны ўклад у справу прапаганды беларускага народнага мастацтва.

Таццяна ТУРКОВА,

метадыст па народнай творчасці і фальклору аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Добавить комментарий