Юноша и шахматы

Дошка, падзеленая на 64 клеткі: 32 белыя і 32 чорныя. Яна нечым нагадвае наша жыццё, у якім кожны крок трэба аналізаваць, прадумваць і правяраць. Кажуць, што, гуляючы ў шахматы, чалавек вучыца прымаць рашэнні, а значыць, і жыць…
Валянцін Фядыніч, дзесяцікласнік Турнянскай СШ, даўно і захоплена гуляе ў гэтую няпростую, але такую цікавую гульню. Яе, па праву, можна лічыць і спортам, і мастацтвам.
– Раскажы, калі ласка, Валянцін, калі ты ўпершыню сеў за шахматную дошку.
– Даволі даўно! Тата навучыў асновам гульні, а пасля я практыкаваўся, беручы ў сапернікі сваіх аднакласнікаў. Хацелася паглыбіць веды, адшліфаваць навыкі, гэтае жаданне і прывяло мяне ў наш школьны гурток “Шахматы і шашкі”. Кіруе ім Яўгеній Вамбальд, якому таксама абавязаны многім.
– Атрымліваецца абыгрываць сваіх настаўнікаў?
– Тату абыгрываў, а вось Яўгенія Карлавіча – ніяк. Маю таксама трох сяброў, з якімі цікава пазмагацца.
– Хвалюешся падчас гульні?
– Вельмі, але стараюся трымаць сябе ў руках. Трэба думаць і памятаць, што час абмежаваны.
– Якімі рамкамі?
– Трыццаць хвілін на партыю, а потым па пяць на кожны ход, калі не ўкладваемся.
(У Валянціна Фядыніча, дарэчы, немалы вопыт не толькі ўдзелу ў шматлікіх спаборніцтвах, але і перамог. Так, сёння ён займае першае месца ў раённай спартакіядзе школьнікаў па шахматах.)
– Даводзілася калі-небудзь звяртацца да падручнікаў па шахматнай гульні?
– Здаралася. Чытаў, стараўся запомніць. Вопыт сусветнавядомых шахматыстаў пойдзе толькі на карысць.
– Ці ёсць у цябе кумір сярод іх?
– Вельмі паважаю Аляксандра Алёхіна. Ён – адзіны шахматыст, які памёр непераможаным. У гады Першай Сусветнай вайны Аляксандр Аляксандравіч шмат выступаў з сеансамі адначасовай гульні, зборы ад якіх ішлі параненым салдатам, палонным рускім шахматыстам.
– Даводзілася табе самому ўдзельнічаць у сеансе адначасовай гульні?
– Толькі дома (усміхаецца). Супраць мяне гулялі мама, брат і сястра. Было складана, і выйграў я не ва ўсіх.
– А з камп’ютарам спрабаваў сапернічаць?
– Было такое, але так гуляць нецікава. Ужо з-за таго хаця б, што ў любы момант можна адмяніць папярэдні ход. Акрамя таго, выйграць у машыны складана.
– Кажуць, што ўменне гуляць у шахматы дапамагае ў жыцці. Згодны з гэтым?
– Згодны. Кожны дзень кожны з нас неаднаразова робіць выбар, разлічвае свае крокі наперад, каб не памыліцца, каб не сапсаваць пачатае.
– Ці ёсць у цябе іншыя захапленні, акрамя шахмат?
– Займаюся таксама і іншымі відамі спорту: гуляю ў футбол, хакей, настольны тэніс.
– Якія прадметы падабаюцца ў школе? Відаць, матэматыка?
– Так. У вывучэнні яе мая любімая гульня – найлепшы памочнік. А яшчэ вельмі падабаецца руская мова.
– Куды збіраешся паступаць?
– Хачу, каб мая спецыяльнасць была звязана з фізікай і матэматыкай.
– Тады поспехаў табе!
– Дзякую.
Размова атрымалася вельмі цікавай, а пасля яе ўспомнілася мне вось што… Некалі ў гады вучобы ва ўніверсітэце была ў мяне знаёмая. Невысокага росту, са светлымі валасамі і тонкім тварыкам. Яна гаварыла ціха, але па справе, была заўсёды пунктуальнай, як швейцарскі гадзіннік, і хадзіла так бязгучна, што мы неаднаразова ўздрыгвалі, калі дзяўчына нечакана з’яўлялася побач. Я правучылася разам з ёй пяць гадоў, не перамовіўшыся і дзесяццю словамі (мы былі ў розных групах), а пасля зусім выпадкова даведалася, што яна – гросмайстар. Гэта расставіла ўсё па сваіх месцах… Такія людзі не любяць хваліцца. А ганарыцца ім ёсць чым.
Магчыма, калі-небудзь, Валянцін Фядыніч стане такім жа вялікім майстрам, як чацвёрты чэмпіён свету па шахматах Аляксандр Алёхін, але, што б там ні было, валоданне таямніцамі шахматнай гульні ніколі не будзе лішнім.

Настасся НАРЭЙКА
Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий