Элитный картофель готов для продажи

“Восень – работ восем” – так гавораць здаўна і ўсюды. Хацелася б перайначыць выказванне на “вясна – работ… дзесяць”. І сапраўды, пасля зімы трэба падрыхтаваць глебу да новага ўраджаю, угноіць, пасеяць, перабраць, пасадзіць… Спіс можна працягваць, але ад гэтага працы ў полі не зменшыцца. Сёння размова пойдзе аб яе вялікасці бульбе. Зараз якраз час заняцца ёю роднай, бо ўжо хутка яна ляжа у глебу.
У адкрытым акцыянерным таварыстве “Каленкавічы” ва ўсю моц бульбу пачалі перабіраць у сярэдзіне сакавіка. А вось з новенькага бульбасховішча, якое з’явілася ў гаспадарцы ў мінулым годзе, другі хлеб пачалі раскупляць яшчэ ў студзені. Таму з упэўненасцю можна гаварыць, што бульбяныя пытанні тут пачалі вырашацца яшчэ ў пачатку года.
Наконт бульбасховішча: у Каленкавічах бульбу трымалі ў драўляных кантэйнерах, якія разлічаны на 1 тону клубняў. З дапамогай кантэйнераў ёсць магчымасць запоўніць сховішча аж да самага верху. Тут створаны пастаянны тэмпературны рэжым, ёсць сістэма вентыліравання. Так што ўмовы для захоўвання другога хлеба ў гаспадарцы аптымальныя.
У Каленкавічах, як вядома, можна купіць насенне бульбы. Яго прадаюць не толькі аграрным арганізацыям, але і насельніцтву. Нягледзячы на высокую цану (сёлета яна складае 3300 рублёў за кілаграм насенкі), кліенты ўсё ж такі знаходзяцца. Карыстаецца попытам каленкавіцкая бульбачка і ў індывідуальных прадпрымальнікаў, і ў ААТ “Усход-Каменец”, “Агра-Зарэчча”, “Відамлянскае”. 15 тон элітных сартоў ужо знаходзяцца ў адной з фермерскіх гаспадарак. Усяго на продаж гаспадаркам раёна для сортаабнаўлення ААТ “Каленкавічы” падрыхтавала 120 тон элітнай насенкі.
Летась выручка ад рэалізацыі бульбы склала амаль 800 мільёнаў рублёў. З палёў было сабрана больш за 2,5 тысячы тон клубняў. У мінулым сезоне гаспадарка рэалізоўвала насенку па 520 рублёў за кілаграм. Тут займаюцца таксама продажам і вялікай бульбы (але, безумоўна, не ў такой колькасці). Яе цана дагаворная, вагаецца ад 900 да 1100 рублёў.
Сёлета плануецца засадзіць клубнямі элітных сартоў (а іх сем), як і летась, 134 га. Але гэтыя работы наперадзе. Зараз жа асноўная ўвага прыкавана да пераборкі бульбы. Тут заняты працаўнікі мясцовай паляводчай брыгады. Ім на дапамогу прыехалі жанчыны з Ганцавічаў. 10 красавіка пачалі перабіраць клубні з буртоў. А гэта 500 тон “Скарба”, “Альпініста” і “Атланта”. Працэс адладжаны: пагрузчык запаўняе бульбай МАЗ, пасля чаго яе вязуць на сартавальны комплекс, які падрыхтаваны да працы на ўсе 100% Віктарам Кацубам.
Як паведаміла аграном-насеннявод гаспадаркі Марыя Грыгарук, выручыла ў гэтым годзе новае сховішча. Бульба зімавала ў ім усяго толькі першы год, але вынікі парадавалі. Тут і зараз знаходзяцца клубні для рэалізацыі.
Наведалі мы і месца часовага знаходжання бульбы, дзе пераборка падыходзіла да завяршэння. Па праўдзе сказаць, не змагла адрозніць перабраную бульбу ад неперабранай – уся яна выглядала перабранай: ніводнага парастка, адзінкі гнілушак. Аб гэтым можна было меркаваць і па буртах, якія знаходзяцца за вёскай. Як засведчыла Марыя Мікалаеўна, за такую чыстую бульбу “дзякуй” сказаць патрэбна вопытнаму брыгадзіру Івану Пашкевічу, які, дарэчы, разам з двума мужчынамі шчыраваў на першым бурце…
У “Каленкавічах” ёсць і раннія, і познія сарты другога хлеба. Але гонар гаспадаркі – новы “Здабытак”, сорт супер-супер элітны, позні, сталовы. Сёлета яго будуць садзіць толькі другі раз, таму на продаж гэты “Здабытак” пакуль не выстаўляецца. Але тут спадзяюцца, што праз некалькі год ён прынясе адкрытаму акцыянернаму таварыству немалыя грошы ад рэалізацыі гаспадаркам і насельніцтву.
“Атлант”, “Альпініст”, “Скарб”, “Моллі”… Хутка ўсе яны лягуць у глебу, дадуць новы ўраджай, які зможа парадаваць не толькі гаспадарку, але і насельніцтва, якое па-сапраўднаму цэніць смак беларускай бульбы і загадзя патурбавалася аб набыцці насенкі.

Наталля ГРЫЦУК

Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий