Шчасце – служыць людзям

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЗ дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Пелішчанскай сярэдняй школы В.В. АРАБЕЙКАМ гутарыў наш карэспандэнт Георгій ПАРАФЯНЮК.

– Васіль Васільевіч, пэўна, нялёгка сумяшчаць прафесійную дзейнасць і дэпутацкую работу?

– Безумоўна. Але прывык ужо да гэтых паўсядзённых клопатаў: дэпутатам райсавета па Пелішчанскай выбарчай акрузе №10 абраны ў другі раз. Звычайна і не падзяляю сваю дзейнасць на прафесійную і грамадскую. Напрыклад, пошукавая работа, якая адрадзілася напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пошукавым атрадам вучняў устаноўлена 27 прозвішчаў воінаў, якія загінулі ў час вызвалення Пелішча 21 ліпеня 1944 года, але месца іх пахавання не было вядома. Адпаведна, іх імёны не былі занесены на мемарыяльныя пліты брацкіх магіл і ў пашпарты воінскіх пахаванняў. Наша пачынанне знайшло падтрымку ў кіраўніцтва райвыканкама, напрыканцы верасня на брацкай магіле былі ўстаноўлены новыя пліты з імёнамі раней невядомых загінуўшых воінаў. З мая па верасень тут пабывалі дзве сям’і з Харкава і Падмаскоўя, яны сустрэліся з жыхарамі Пелішча, вучнямі нашай школы, выказалі словы ўдзячнасці за карпатлівую работу і ўвекавечванне памяці тых, хто змагаўся за вызваленне Айчыны ад чужаземцаў. Дарэчы, аб гэтай пошукавай рабоце падрабязна апавядаецца ў “Навінах Камянеччыны” – сёлетняй публікацыі ад 11 мая пад назвай “Этот вечный огонь мы в груди храним…”

– Але ж Вам як дэпутату даводзіцца вырашаць не толькі тыя пытанні, што звязаны з выхаваўчай работай у школе, за якую адказваеце?

– Так, пастаянна ўзнікаюць праблемы, якія можна вырашыць толькі ў цесным ўзаемадзеянні ўсіх структур мясцовых органаў улады. Адна з набалелых – асвятленне вуліцы Першамайскай. Пытанне было пастаўлена на сесіі Пелішчанскага сельскага Савета дэпутатаў. Звяртаўся і да кіраўніцтва раёна, і да дэпутатаў у Брэст і Мінск. У выніку да нас тройчы прыязджалі спецыялісты, якія праводзілі папярэднюю ацэнку кошту работ. Затым прыходзілі адказы: маўляў, праблему разумеем, але на яе вырашэнне няма сродкаў. У двух адказах паведамлялася, што неабходныя сродкі будуць закладзены ў бюджэце. І напрыканцы мінулага года ў сувязі з праектаваннем новых жылых дамоў па вуліцы Першамайскай з адпаведнай інфраструктурай справа крыху зрушыла з месца. Але пакуль пытанне засталося адкрытым. Як дэпутат райсавета цесна супрацоўнічаю з Пелішчанскім сельскім Саветам. Сумесна дабіліся выканання просьбаў мясцовых жыхароў: была створана аўтамабільная паркоўка ў цэнтры аграгарадка паблізу касцёла, што спрыяе беспецы на дарозе ў святочныя дні. Летась па прапанове жыхароў на сельскім сходзе праведзена добраўпарадкаванне брацкай магілы і прылягаючай тэрыторыі. Фінансавую дапамогу аказала ААТ “Агра-Пелішча”. Дарэчы, гаспадарка ніколі не застаецца ў баку ад праблем жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак.

– На 23 сакавіка 2014 года намечаны чарговыя  выбары. Як Вы ацэньваеце  ролю мясцовых Саветаў дэпутатаў у жыцці грамадства?

– У апошні час вядуцца размовы аб рэфармаванні мясцовых Саветаў, асабліва наконт значэння сельскіх, ролі іх дэпутатаў у жыцці грамадства. Выкажу думку, зыходзячы з уласнага вопыту, бо абраны і дэпутатам сельскага Савета: пакуль яшчэ рана адмаўляцца ад выбараў гэтага нізавога дэпутацкага звяна. Так, дэпутат сельскага Савета сапраўды мала што можа вырашыць сам, але ён ажыццяўляе непасрэдную сувязь паміж органамі дзяржаўнай улады на месцах і сельскімі жыхарамі. Калі ў сельскіх Саветах пакінуць толькі адміністрацыю (старшыняў, кіраўнікоў спраў), вясковаму жыхару будзе больш складана дайсці да структур улады. У нас некаторыя вёскі – да 10-ці кіламетраў ад цэнтра сельсавета, і туды не кожны, асабліва пажылы, зможа дабрацца, каб зрабіць вусны ці пісьмовы зварот. А дэпутаты сельскага Савета, як правіла, жывуць у тых жа вёсках, дзе і іхнія выбаршчыкі. І праз сваіх дэпутатаў, старастаў хутчэй і лягчэй можна вырашыць вяскоўцу любое пытанне. Ды многія на месцы і разглядаюцца, не абавязкова іх выносіць на раённы ўзровень…

– Вашы пераднавагоднія пажаданні сваім выбаршчыкам…

– Сваім выбаршчыкам, чытачам паважанай мною раённай газеты найперш зычу ў новым годзе добрага здароўя! А яшчэ – дабрыні, узаемаразумення, міру, дабрабыту. Сімвал года – конь, а гэта – рабацяга. І мае планы, мары звязаны на гэты год з плённай працай. Шчасце – не ў багацці для сябе, а ў служэнні людзям. Хачу, каб гэты год быў не горшым, чым папярэдні. А ці будзе ён лепшым, залежыць не толькі ад кожнага з нас.

Добавить комментарий