Школа семейного счастья

21 чэрвеня ў гасцінны дом Аляксея Сцяпанавіча і Лідзіі Іванаўны Басацкіх з Вярховічаў прыйдзе вялікае свята, а следам за ім, як па нітачцы, – усе любімыя дзеці са сваімі сем’ямі. Хіба могуць яны зрабіць інакш, калі бацькі святкуюць залатое, як лісце клёнаў і спелае зерне, вяселле?
50 гадоў побач. Побач ва ўсіх сэнсах. Не толькі дома, але і на рабоце. Давайце ж вернемся на паўстагоддзя назад…
Лідзія Іванаўна родам з вёскі Шані, што на Пружаншчыне. Скончыла ў 1953 годзе Пружанскае педвучылішча, а пасля разам з сяброўкай «размеркавалася» ў Камянецкі раён. Першым працоўным месцам стала школа ў Чарнаках, а ў ёй чакаў сюрпрыз. Учарашняя выпускніца вучылішча была прызначана не проста настаўніцай пачатковых класаў, як чакала, а адразу – загадчыцай пачатковай школы. Было цяжка. Не толькі ў сэнсе аб’ёму работы. Да школы Лідзіі Іванаўне даводзілася дабірацца пешшу. 15 кіламетраў штодзень – уявіце толькі! Пра транспарт тады і гаворкі не было.
Маладую настаўніцу, на шчасце, хутка перавялі ў Ліпну, дзе школа размяшчалася ў прыватным доме. Адну зіму Лідзія Іванаўна працавала тут, а потым скарацілі з той прычыны, што практычна не было каго вучыць. Давялося ехаць адтуль у вёску Падлессе Жабінкаўскага раёна. Новыя дарогі… Новыя месцы… Новыя людзі… Гэта было нялёгка, але маладая настаўніца заставалася вернай свайму прызванню, якое прывяло яе нарэшце ў школу ў Рэчыцы Камянецкага раёна, а адначасова – да Аляксея Сцяпанавіча. Ён працаваў на той час настаўнікам фізікі і асноў вытворчасці, а потым – намеснікам дырэктара па вытворчасці. Лідзія Іванаўна зноў пачала працаваць з самымі маленькімі школьнікамі.
У Рэчыцы нарадзіліся старэйшыя дзеці: Валодзя і Лена. Было жыллё, была любімая работа, школьны хор, але… Аднойчы Аляксею Сцяпанавічу прапанавалі месца намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Вярховіцкай СШ. Параіўшыся, яны вырашылі ехаць. “З сумам пакідала я Рэчыцу, – успамінае яна. – Шкада было калектыву, наладжанага быту, але не магла пакінуць мужа. Сабраліся з дзецьмі і маёй пажылой маці і – у дарогу.” (Дарэчы, тата і брат Лідзіі Іванаўны былі расстраляны фашыстамі недалёка ад Пружан за сувязь з партызанамі…) З часам сям’я атрымала кватэру ў Вярховічах, нарадзілася другая дачка – Ліля.
За спінай Лідзіі Іванаўны 49 гадоў працоўнага стажу. Гледзячы на яе, я не магла пазбавіцца ад думкі, што менавіта такой павінна быць першая настаўніца. Быць настаўнікам увогуле няпроста і вельмі адказна, а ПЕРШЫМ настаўнікам – тым больш. Бо яго памятаюць да скону дзён, што б ні здарылася, бо першая настаўніца – гэта заўсёды мама.
А Аляксей Сцяпанавіч сеяў разумнае, добрае, вечнае таксама каля 50 гадоў (18 з іх на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце). Ён выкладаў фізіку і астраномію, захапляецца да гэтай пары тэхнікай. “Літаральна ўсё ўмее рамантаваць, – не без гонару зазначае жонка. – Дзецям дапамагае машыны да ладу даводзіць, дома штось майструе. Раней, як жылі ў Рэчыцы, наш пакой часта ў сапраўдны склад пераўтвараўся. Усе знаёмыя неслі нейкія рэчы, каб Алёша “палячыў”. У той час майстроў не было, даводзілася самому вучыцца. У школе ён нават радыёвузел зрабіў разам з вучнямі…”
Доўга не адпускала школа і пасля выхаду на пенсію, а галоўнае – дочкі Басацкіх атрымалі ў свой час залатыя медалі за паспяховую вучобу і таксама сталі настаўнікамі. “Мы не ўгаворвалі, – тлумачыць Аляксей Сцяпанавіч. – Гэта іх самастойны выбар. Лена працуе ў каледжы сувязі ў Брэсце, выкладае французскую і нямецкую мовы, Ліля – у абласным ліцэі для адораных дзяцей, вучыць беларускай мове, прывівае любоў да літаратуры. У сына прафесія іншая, з настаўніцтвам не звязаная, але затое жонка яго – педагог. Жывуць сям’ёй у Гродзенскай вобласці. Сёння ў Басацкіх трое ўнукаў. Хто ведае, можа, дынастыя яшчэ працягнецца.
Аляксею Сцяпанавічу давялося вучыць фізіцы ды астраноміі і сваіх дзяцей таксама. “Да іх я адносіўся так, як і да іншых, – узгадвае ён, – не выдзяляў ніколі. Але ім нясоладка даводзілася. Памятаю, казалі: не давядзі Бог быць дзецьмі настаўнікаў! Нехта іншы выкіне якую штуку на ўроку – яму з рук сыдзе, а мы толькі партай рыпнем – усё, бацькі, лічы, ужо ў курсе.”
Дзеці часта наведваюць бацькоў, дапамагаюць на агародзе і дома. Не забываюць дарогу да любімых настаўнікаў іх вучні, заўсёды віншуюць са святамі. Аляксей Сцяпанавіч і Лідзія Іванаўна час ад часу выбіраюцца ў Рэчыцу, дзе таксама засталося шмат добрых сяброў. А самае галоўнае: яны проста ёсць адзін у аднаго.
“Хто ў вашай сям’і галоўны?” – задаю каверзнае пытанне.
“Па ўсіх дакументах я!” – смяецца Аляксей Сцяпанавіч, а жонка дадае: “І на самой справе ты.”
Смяёмся ўсе.
Пытаюся зноў: “Уявіце, а калі б вам прапанавалі выкладаць у “Школе сямейнага шчасця”, якія прадметы вы ўвялі б у праграму?”
Першай адгукаецца Лідзія Іванаўна: “Урок узаемаразумення”, “Урок узаемапавагі” і “Урок кахання”, безумоўна!”
“А яшчэ, – дадае Аляксей Сцяпанавіч, – “Урок пошуку кампрамісаў”, каб навучыцца саступаць адзін аднаму.”
І думаецца мне, што залатым юбілярам Басацкім можна з поўнай упэўненасцю паставіць дзясяткі па ўсіх гэтых прадметах.

Настасся НАРЭЙКА
Фота аўтара

Добавить комментарий