Четыре педагога, или Как «привязать» молодого специалиста?

У 2009 годзе ва ўстановы адукацыі Камянецкага раёна прыйшлі па размеркаванні 35 маладых спецыялістаў. Сёння з іх засталіся 22. Гэта многа ці мала? І чаму, адпрацаваўшы вызначаны тэрмін, пакінулі свае школы і дзіцячыя сады тыя 13? Што было не так? Летась 27 маладых спецыялістаў ўпершыню пераступілі парогі ўстаноў адукацыі раёна. Колькі іх распачне новы навучальны год у верасні 2013-га? Хто ведае. Звычайна ўсе пачынаюць аднолькава…
1. Скончыць школу. Паступіць у педагагічны на бюджэт. Атрымаць дыплом, а разам з ім накіраванне на працу па размеркаванні. Аднастаўнічаць два абавязковыя гады…
2. Скончыць школу. Паступіць у педагагічны па накіраванні мясцовага аддзела адукацыі. Атрымаць дыплом, а разам з ім першае рабочае месца, замацаванае за табой ужо даўно. Адпрацаваць два абавязковыя гады…
3. Скончыць школу. Паступіць у педагагічны на платнае. Атрымаць свабодны дыплом і прыйсці з ім у мясцовы аддзел адукацыі ў пошуках працы, дзе падбяруць першае месца работы. Аднастаўнічаць два абавязковыя гады…
У гэтым месцы ўсе тры ланцужкі звычайна перарываюцца, бо чалавек, былы малады спецыяліст, аказваецца перад выбарам: пайсці з першага месца сваёй працы ці застацца? І выбар гэты, безумоўна, будзе грунтавацца на тым, як працавалася на новым месцы і, што не менш важна, як жылося – у чыста бытавым плане. Чатыром маладым настаўніцам, з якімі мне давялося пазнаёміцца падчас наведвання Турнянскай сярэдняй школы, даволі хутка давядзецца выбіраць… Цікава, як яны настроены цяпер?
Жыццёваму шляху настаўніцы беларускай і рускай моў і літаратуры Ніны Іванаўны Кандрацюк адпавядае трэці з вышэй названых пунктаў. Яна родам з Ясінаўкі, летась скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна і прыйшла працаваць у Турнянскую СШ. Да дома далекавата, але свой раён усё ж такі, і гэта не можа не радаваць. Ад работы малады спецыяліст атрымлівае вялікае задавальненне, любіць тыя прадметы, якія выкладае, асабліва рускую мову, шчырую зацікаўленасць якой будучаму педагогу прывіла настаўніца Вярховіцкай СШ Ніна Міхайлаўна Драбовіч.
У рабоце Ніна Кандрацюк шырока выкарыстоўвае новыя, цікавыя формы. Напрыклад, яе хлопчыкі і дзяўчынкі ахвотна робяць адмысловыя кадрапланы да пэўных мастацкіх твораў, па іх хоць сёння кіно здымай! Ніна Іванаўна бачыць, як падабаецца дзецям працаваць у групах, і часта прапаноўвае ім гэты варыянт. Праводзяцца ў яе класах і ўрокі-падарожжы, адна назва якіх ужо будзіць цікаўнасць. Па заданні настаўніка вучні пішуць вершы паводле мастацкіх твораў, складаюць і разгадваюць крыжаванкі. “Вельмі адораныя дзеці!” – не нарадуецца настаўніца.
На маё пытанне “Ці застанецеся працаваць у Турне?” Ніна Кандрацюк адказвае проста: “Хацела б застацца”, і ў голасе яе чуецца надзея. Значыць, работай чалавек задаволены. А з жыллём у аграгарадку больш складана, інтэрната няма, даводзіцца здымаць.
Што ж тычыцца настаўніцы матэматыкі, інфарматыкі і англійскай мовы Іны Георгіеўны Казловіч (на першай старонцы злева), то яна скончыла ў 2011-м тую ж навучальную ўстанову, што і яе калега. Нарадзілася ў Брэсце, а па размеркаванні пасля бюджэтнай формы навучання прыехала ў Турну. На работу маладая настаўніца кожны дзень дабіраецца з Брэста, дзе мае сям’ю. У выкладанні англійскай мовы яна стараецца ўводзіць як мага больш гульнявых момантаў, вучыць размаўляць свабодна. На інфарматыцы расказвае пра тое, што асабліва актуальна сёння, у час, калі без камп’ютара не абыдзешся, а падчас урокаў матэматыкі дае задачы на логіку, якая абавязкова прыдасца ў жыцці.
Па меркаванні маладой настаўніцы, у кожнага педагога павінен быць свой стыль працы, які трэба сцвердзіць на самым першым уроку (пазней выправіць яго будзе ўжо складана). І пачатак, пакладзены Інай Георгіеўнай, як я змагла прасачыць, вельмі добры. На кароннае пытанне наконт работы пасля “адпрацоўкі” яна адказала: “Будзе відаць.”
Яшчэ адна брастаўчанка Наталля Мікалаеўна Якушэвіч выкладае ў Турнянскай СШ замежныя мовы: англійскую і нямецкую (апошнюю для тых дзяцей, што перайшлі з іншых школ). Яна таксама вучылася ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна, на бюджэце. Працуе другі год. На работу настаўніца ездзіць з роднага горада, мае там сям’ю. Таму і не дзіўна, што ў хуткім часе, адпрацаваўшы, яна збіраецца вярнуцца дадому. Але на якасці работы гэта ніколькі не адбіваецца.
На ўроках Наталля Мікалаеўна шырока прымяняе ўсё тыя ж гульнявыя метады, а таксама камп’ютарныя тэхналогіі. Акрамя таго, яна – класны кіраўнік у 5 класе, у якім 15 вучняў. Усе яны, са слоў настаўніцы, неардынарныя, кожны мае сваё меркаванне і ўмее яго адстойваць. На класных гадзінах разгараюцца дыскусіі, заўсёды ёсць што абмеркаваць.
А чацвёрты малады спецыяліст Таццяна Паўлаўна Скулавец (на першай старонцы справа) нарадзілася ў Войскай, пасля школы паступіла ў Рэчыцкі дзяржаўны педагагічны каледж, адкуль па размеркаванні (вучылася на бюджэце) прыехала летась у Турну Вялікую, чаму вельмі рада. Вядзе маладая настаўніца беларускую мову і літаратуру і ў кожны свой урок стараецца ўнесці нешта яркае, ператварыць яго ў маленькае свята. У сваім восьмым класе, кіраўніком якога з’яўляецца, Таццяна Паўлаўна да кожнага вучня (а іх тут 8) знайшла падыход. Маленькі калектыў жыве дружна, здараюцца часам і непаразуменні, але разабрацца ў сітуацыі заўсёды дапаможа любімая настаўніца. Яна ўмее захоўваць таямніцы і заўсёды радуецца поспехам сваіх выхаванцаў. Яны, напрыклад, ужо павысілі свае адзнакі па беларускай мове на 1-2 балы!
Што ж тычыцца бытавых умоў жыцця, то маладая настаўніца здымае жыллё ў аграгарадку. Яна, як вы, напэўна, здагадаліся, збіраецца застацца працаваць тут і надалей.

Добавить комментарий