«Цифра» расширяет границы

З першага ліпеня сёлета пачнецца афіцыйны паэтапны пераход ад аналагавага тэлебачання да лічбавага. Такія перамены ў тэлевізійным вяшчанні выклікаюць нямала пытанняў у тэлегледачоў. Асноўныя з іх адрасуем сёння аператару кабельнага тэлебачання Віктару Рамейку.
– Віктар Юльянавіч, як канкрэтна будзе ажыццяўляцца пераход ад “звычайнага”, аналагавага, тэлебачання да лічбавага?
– Пераход адбудзецца з дапамогай тэлевізараў – лічбавых – новага пакалення або лічбавых прыставак, якія ёсць у продажы. Дарэчы, лічбавае тэлебачанне ўжо “працуе” ў аналагавым пакеце каналаў – Беларусь 1, АНТ, Беларусь 2, СТВ, НТВ-Беларусь. А ў ліпені гэтыя каналы будуць паэтапна адключацца з мэтай пераходу на лічбавае тэлебачанне. Пры яго прыёме гледачы змогуць бачыць праграмы васьмі каналаў: да вышэй названых пяці каналаў будуць дададзены РТР-Беларусь, Мір і 8-ы канал.
– Многія, вядома, купяць лічбавыя прыстаўкі, бо гэта значна танней, чым новы, лічбавы, тэлевізар. А якія магчымасці, акрамя прагляду тэлеперадач, дае такая прыстаўка?
– Лічбавая прыстаўка – гэта магчымасць “зняць” запіс з флэшкі, зрабіць такі запіс, падключыць лічбавы фотаапарат і прагледзець здымкі на экране тэлевізара, можна карыстацца і дыскамі з музычнымі ці відэазапісамі або адпачываць з ігравымі праграмамі.
Купляючы прыстаўку, не трэба забываць пра афармленне гарантыі.
– Скажыце, якая антэна спатрэбіцца пры падключэнні да “звычайнага” тэлевізара лічбавай прыстаўкі?
– У зонах упэўненага прыёму лічбавае тэлебачанне можна будзе прыняць на “звычайныя” вонкавыя антэны, якія ўжо служаць гаспадарам не адзін дзясятак год.
– Ці давядзецца плаціць за прапануемы пакет праграм, якія будуць прымацца з дапамогай лічбавай прыстаўкі?
– Сацыяльны пакет каналаў будзе пашыраны да васьмі – іх назваў вышэй, для “спажыўцоў” яны бясплатныя. Аднак у недалёкім будучым для тэлегледачоў будзе прадастаўлены і платны пакет каналаў – іх, мяркуецца, будзе 24, памер платы – даступны. Якасць адлюстравання, дарэчы, не саступае спадарожнікавай антэне.
– На якія перамены могуць разлічваць жыхары Камянюкаў, адкуль нярэдка паступаюць нараканні на якасць прыёму?
– Так, у Камянюках і Пашуках з прычыны асаблівасцей рэльефу мясцовасці часам узнікаюць праблемы з прыёмам сігнала. Але зусім нядоўга засталося чакаць, калі можна будзе прыняць 24 тэлеканалы з той жа “Ракітніцы”, але з боку Пружан, дзе будуецца тэлевышка. Якасць адлюстравання будзе выдатнай.
– Кабельнае тэлебачанне будзе “жыць” паралельна з лічбавым?
– Яно таксама будзе пераходзіць на “лічбу”, але тэрмін пераходу больш працяглы – да 2016 года. І колькасць каналаў кабельнага тэлебачання будзе павялічвацца па меры фінансавых магчымасцей.
– Але вернемся да блізкіх перамен. Што параілі б тым грамадзянам, якія цяпер збіраюцца купляць новы тэлевізар?
– Калі наспела такая неабходнасць, дык абавязкова трэба звярнуць увагу на тое, каб гэта быў тэлевізар новага пакалення і прымаў лічбавае тэлебачанне. Варта параіцца з прадаўцамі.
– А што ў тым выпадку, калі чалавек з нейкай прычыны не набудзе ні лічбавы тэлевізар, ні лічбавую прыстаўку? Экран яго “нялічбавага” тэлевізара згасне?
– Так, згасне. Напрыканцы 2013 года. Паэтапны пераход на лічбавае тэлебачанне і азначае, што паступова тэлеканалы, трансліруемыя на “звычайны” тэлевізар, будуць адключацца. Апошнім, вядома, будзе адключаны канал АНТ. І экран перастане цешыць блакітам, калі своечасова не будзе набыта лічбавая прыстаўка. Каштуе яна ад 500 тысяч рублёў.
– Калі ў нашых чытачоў узнікнуць і другія пытанні наконт лічбавага тэлебачання, куды яны могуць звярнуцца па тлумачэнні?
– Кансультацыі можна атрымаць і ў мяне, і ў майстэрні індывідуальнага прадпрымальніка Алега Табольчыка (тэлефон 2-50-65).

Галіна НОВІК

Добавить комментарий