Хадасоўская “Westfalia”

Усім, і нават малым дзецям, даўно вядома, што малако і мяса на мясакамбінаты і сыраробныя фабрыкі краіны трапляе з сельскай мясцовасці. А якасць гэтых прадуктаў залежыць ад таго, у якіх умовах утрымліваюцца рагулі. У СВК “Хадасы” яны спрыяльныя, таму і завітала туды падчас чарговага выезду ў раён.

Справа ў тым, што ля вёскі Хадасы ўзводзяць малочнатаварную ферму на 765 галоў (усяго ў гаспадарцы 3300 галавы буйной рагатай жывёлы, з іх 1134 – малочны статак). Яе будаўніцтва распачалося ў студзені мінулага года. Генпадрадчыкам з’яўляецца ТАА “Брэстрайаграбуд”, а субпадрадчыкам – “Брэсцкая СПМК-2” (апошнія ўсталёўваюць водаправод). Зараз на аб’екце шчыруюць каля пяцідзесяці чалавек.

За 2011 год на будаўніцтве асвоена 2,3 мільярда рублёў, за мінулы перыяд сёлета – 15 мільярдаў. Ужо праплачана ўсё даільнае абсталяванне, частка якога знаходзіцца ў гаспадарцы. І гэта будзе нямецкая даільная ўстаноўка “Westfalia”.

Новая малочнатаварная ферма ў Хадасах – гэта цэлы комплекс, у які будуць уваходзіць 2 кароўнікі, малочнадаільны блок і цэх сухастою з радзільным аддзяленнем, воданапорная вежа, кацельня. Ужо ўведзены ў эксплуатацыю тры сянажныя ямы, а чацвёртая вось-вось будзе гатова прыняць кармы новага ўраджаю. Яшчэ на тэрыторыі фермы (як і на аналагічных па ўсёй краіне) будуць пляцоўкі для выгулу рагуль. Такім чынам, 765 кароў больш не будуць пасвіцца на палях гаспадаркі. Ужо зараз можна сказаць аб 60-працэнтнай завершанасці будаўнічых работ на аб’екце: адзін з кароўнікаў амаль гатовы да здачы ў эксплуатацыю, а вось рэканструкцыя цэха сухастою з радзільным аддзяленнем, які павінен быць на месцы ўжо існуючага будынка кароўніка, яшчэ не распачалася, таму такія працэнты. Але, як адзначыў старшыня СВК “Хадасы” Уладзімір Федаровіч, мажліва, што ўжо ў наступным годзе на гэтай ферме будзе наваселле…

А тым часам сцяжынка прывяла мяне на ферму “Дашэвічы” па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы вышэй згаданай гаспадаркі. Тут 1200 рагуль ад нараджэння да ацёлу (усяго ў СВК “Хадасы” 8 фермаў, у Дашэвічах знаходзіцца найбольшая частка статка).

Гэтая ферма непадалёк ад новазбудаванай аб’язной трасы вакол Белавежскай пушчы, таму часта сюды заязджаюць госці. Як паведаміла загадчыца Святлана Уласюк, наведваўся старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар і застаўся задаволены ўбачаным. А чаму тут здзіўляцца: ферму відаць здалёк (яна вылучаецца сярод апошняй зеляніны лета сваім ярка-ружовым колерам), усе пад’езды і падыходы  да яе чыстыя, а цяляты дагледжаныя і накормленыя.

Уся жывёла знаходзіцца ў пяці будынках, у двух з якіх працэс кармлення адбываецца ўручную (тут самыя маленькія цяляты), на астатніх – механізавана, з кормараздатчыка. Нядаўна гаспадарка набыла пастэрылізатар малака на 200 літраў, які аблегчыў работу жывёлаводам.

Кожны дзень на ферму наведваецца ветфельчар, якая і агледзіць жывёл, і, калі трэба, паставіць кропельніцу.

Калектыў фермы – 13 чалавек, 10 з якіх – жывёлаводы. Сярод лепшых – Тамара Антанюк, Валянціна Касцюк, Міхаіл Хмара і Міхаіл Ураімаў. Гэтыя людзі не адзін дзень шчыруюць у Дашэвічах, і вылучыліся сярод іншых сваёй адказнасцю і добрасумленнасцю і працавітасцю.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий