Фіяска ў Белавежскім, і “Ніва” – чэмпіён

У мінулую нядзелю фінішаваў чэмпіянат раёна па футболе.

Інтрыга ў ім захавалася да апошняга тура (на тры прызавыя месцы прэтэндавалі чатыры каманды). Асаблівы інтарэс прадстаўляла сустрэча ў Белавежскім, дзе мясцовая дружына прымала “Агра-Зарэчча”. Да пачатку гульні стала вядома, што белавежцам, каб стаць бронзавымі прызёрамі, дастаткова нават нічыёй. (“Аграпрадукту” было залічана тэхнічнае паражэнне 0:3, і ФК “Ніва” набраў тры ачкі. Дагэтуль “ніваўцы” ўжо атрымалі тры – “Апошняму рубяжу” таксама залічана тэхнічнае паражэнне 0:3). Такім чынам, пасля неігравой “тэхнічнай” серыі каманда з Доўбізна выйшла на першае месца, што, у сваю чаргу, вымушала “Агра-Зарэчча” гуляць толькі на перамогу. Менавіта яна гарантавала ім чэмпіёнства. Праўда, сапернік “на закуску” трапіўся “ой, які няпросты”. Белавежцы, увогуле, нікому не даюць спуску, а тым больш пры родных трыбунах. А ніхто і не казаў, што барацьба за чэмпіёнства будзе лёгкай.

Вайскоўцы спрабавалі гуляць востра, але на 18-й хвіліне Віктар Герасімік падлавіў абарону вайскоўцаў пры стварэнні штучнага афсайду і выйшаў сам-насам з варатаром. Перайграць кіпера не атрымалася, але першым на дабіванні аказаўся Сяргей Місялюк, які і пераправіў мяч у сетку. Праз хвілін пятнаццаць ужо сам Віктар рэалізаваў булітны выхад: ён, не набліжаючыся да варатара, трапна прабіў у дальні вугал. У таго ж Герасіміка былі і яшчэ моманты, але пры іх рэалізацыі, пэўна, збіваўся прыцэл. На пачатку другога тайма Раман Іванюковіч узнавіў інтрыгу. Спачатку пасля яго ўдару з лініі штрафной мяч ад перакладзіны перасёк лінію варот. Затым, літаральна праз некалькі хвілін, ударам са штафнога зняў павуцінне з “дзявяткі”. Праз хвілін дзесяць Віталій Гарчук замыкае навес з вуглавога і зноў выводзіць белавежцаў наперад. А “тлустую” кропку ставіць Іван Ярашук, які пасля навесу Дзмітрыя Якуша злёту ўкалачвае мяч у сетку. 4:2 – на карысць белавежцаў. Пераканаўчая перамога і, безумоўна, пасля такой гульні язык не павернецца сказаць, што каманда не заслужыла трэцяе месца. “Агра-Зарэчча” – сярэбраны прызёр. ФК “Ніва” – чэмпіён? ФК “Ніва” – чэмпіён! Так! Так! Так! Засмучае толькі той факт, што нейкае яно, месца, “курортнае”, не баявое. Праляжалі “на печы” і вось табе “бац-бац” і ў дамках. Аж зайздросна. Але факт трэцяга запар чэмпіёнства – усё ж факт няўхільны. З чым і віншуем. “Аграпрадукт” на чацвёртым месцы. У апошнім туры каманда перайграла “Каленкавічы” (2:1). У “алей­нікаў” вызначыліся Андрэй Ярашук і Андрэй Доцнік, у “Каленкавічаў” гол-прыгажун на рахунку Віталія Супрунюка, які забіў мяч у вароты саперніка са сваёй паловы поля. Тым не менш, на пачатку сезона ад “Аграпрадукта” чакалі больш прывабных вынікаў. Але, відаць, гульня на два фронты не пайшла ім на карысць (у гэтым сезоне яны выступалі яшчэ і ў чэмпіянаце вобласці).

Бяспройгрышную фінальную серыю з пяці перамог выдала ФК “Высокае”. У апошнім туры гараджане разбілі “Стаўскі”. У першым тайме значнай перавагі над імі дабіцца не атрымалася (2:1): на галы Андрэя Шостака і Дзмітрыя Фёдарава (пенальці) адказаў Юрый Быковіч. Як падмечана, другія таймы высакаўчане праводзяць больш рэзультатыўна. Так і атрымалася. На хет-трык у выкананні Рамана Леванюка, Дзмітрыя Фёдарава і Аляксандра Панасюка “Стаўскі” агрызнуўся толькі аднойчы – трапным стаў стрэл Станіслава Ляўко. Такі фініш не быў дарэмным – высакаўчане змаглі дастаць у турнірнай табліцы ФК “Каменец”, апярэдзіць яго і заняць пятае месца.

ФК “Каменец”? Другая спроба адрадзіць каманду, лічу, не атрымалася. Чаго не хапіла? Аб’яднанасці – ёсць добрыя футбалісты, але няма каманды. А грошы, пра якія напэўна падумае большасць, – справа дзясятая.

Што датычыцца аўтсайдараў чэмпіянату, “Стаўскага”, Апош­няга рубяжа” і “Каленкавічаў” (наўмысна не называю “Камянецкую Пушчу”, таму што яна знялася са спаборніцтваў), то каманды згулялі ў сваю сілу, і больш ачкоў набраў той, хто лепш сябе праявіў у вочных паядынках або змог адабраць ачкі ў лідараў.

***

Адзін за ўсіх

Шостага кастрычніка работнікі выканаўчых і распарадчых органаў вобласці з’ехаліся ў Бярозу, дзе адбыліся занальныя спаборніцтвы ХIII спартакіяды «Вертыкаль». Каманды з Камянецкага, Брэсцкага, Бярозаўскага, Жабінкаўскага раёнаў і аблвыканкама выяўлялі мацнейшых у валейболе, міні-футболе, шашках, шахматах, настольным тэнісе і більярдзе. Па рэгламенце ў фінал трапілі толькі пераможцы ў кожным з відаў. Сярод камянчан экзамен прайшоў Дзмітрый Аніскевіч (більярд), які і выступіць 20 кастрычніка на фінальных гульнях у Лунінцы, куды таксама накіруюцца ўдзельнікі ў велаэстафеце, плаванні і дартсе. У астатніх відах прадстаўнікі Камянеччыны занялі трэція месцы і толькі ў міні-футболе сталі другімі.

***

“З’елі”… Пінск

Шостага кастрычніка ў Пінску прайшлі абласныя спаборніцтвы па шашках сярод дзяцей і падлеткаў 1998-2001 г. н. У састаў Камянецкай дружыны, якая таксама прыняла ўдзел у гэтым спартыўным форуме, увайшлі Фаміль Агаеў і Сяргей Шкута з Турнянскай СШ, Максім Рашатнёў з СШ №2 г.Каменец, Ганна Швайко з Відамлянскай СШ і Алеся Каралінская з СШ №1 г.Каменец. Вынік – другое месца. На першым – прадстаўнікі Драгічынскага раёна, на трэцім – г.Пінск.

Камянецкія шашысты адзначаны Дыпломам II ступені ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама і выказваюць удзячнасць аддзелу фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, а таксама – сям’і Каралінскіх за дапамогу ў арганізацыі паездкі.

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.

Добавить комментарий