Фірма вырабіла помнік…

Але ён праз месяц разваліўся. Амаль 15 месяцаў жыхарцы Каменца давялося дабівацца ад фірмы вяртання грошай за няякасную работу.

Пасля смерці мужа жонка вырашыла ўстанавіць яму помнік з мармуровай крошкі. Звярнулася ў фірму “Миридий”, прадстаўніка якой сустрэла ў Камянюках, заключыла адпаведны дагавор, унесла перадаплату. А 16 ліпеня 2011 года, калі надмагільны камплект быў выраблены, заплаціла канчатковую суму, згодна з дагаворам. Калі фірма ўстанавіла помнік, заплаціла і за ўстаноўку. А ўсяго праз месяц Станіслава Пятроўна ахнула, калі зайшла на могілкі: надмагільная пліта ўпала і раскалолася… Жанчына тут жа звярнулася да фірмы-вытворцы. Расказала і пра тое, што праз тры тыдні пасля ўстаноўкі, калі было дазволена вымыць помнік, на ім бачыла шчыліны і няроўнасці. А цяпер ён зусім разваліўся, застаўся толькі тонкі штыр… Фірма спаслалася… на вандалаў. Але міліцыя не пацвердзіла такую версію. Пасля “гарачых” перамоў работнікі фірмы ўсё ж вырашылі забраць разбітыя кавалкі помніка. Але не захацелі пакінуць жанчыне хоць нейкі дакумент…

І пачаліся судовыя разборкі. Замест таго, каб накіраваць намаганні на выпраўленне становішча, магчымае паляпшэнне тэхналогіі вырабу помнікаў увогуле і замену разваленага на новы, фірма сваю рэпутацыю ратавала… контраргументамі, не прызнаўшы сваю віну. Аднак, суд раёна летась, 20 лістапада, вынес рашэнне на карысць ісціцы: скасаваць яе дагавор з гандлёва-вытворчым прадпрыемствам “Миридий” на выраб надмагільнага помніка і ўтрымаць на яе карысць грашовую кампенсацыю, у тым ліку і за маральную шкоду, і судовыя выдаткі.

Фірма не згадзілася з рашэннем суда раёна і падала касацыйную скаргу ў Брэсцкі абласны суд. Справа была разгледжана 28 лютага 2013 года. Фірма ўпарта стаяла на сваім: надмагільны камплект быў выраблены якасна, віна фірмы ў падзенні помніка не даказана. Гэта, маўляў, ісціца парушыла інструкцыю па эксплуатацыі: пачала пліту мыць і выціраць, чым перашкодзіла працэсу зацвярдзення клеявога саставу. Больш таго, яна так шчыра працірала помнік, што той і рухнуў, пры гэтым жанчына атрымала закрыты пералом.

Судовая калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда не прыняла гэтыя “довады” фірмы і вызначыла: рашэнне суда Камянецкага раёна, у асноўным, пакінуць без змен, а касацыйную скаргу фірмы “Миридий” – без задавальнення. Зменшаны толькі сумы ўтрымання грошай з фірмы: адменена ўтрыманне “за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі”, зменшаны сумы няўстойкі і судовых расходаў. Канчаткова фірме давядзецца вярнуць ісціцы 22 085 700 рублёў – прыкладна такую суму (каля 22 млн. рублёў) яна і заплаціла за выраб і ўстаноўку помніка, плюс судовыя выдаткі.

… А помніка на магіле мужа пакуль так і няма. Чакае Станіслава Пятроўна вяртання грошай, за якія і закажа новы помнік, у іншай фірме. Лепшая ж рэклама для кожнага вытворцы – якасць вырабу і ўменне ладзіць з кліентамі. Збоі ў рабоце, вядома, здараюцца. Дык у такім выпадку трэба не “ваяваць” з кліентам, не прычыняць яму маральных пакут, а як найхутчэй ухіліць брак і даказаць на справе, што фірма даражыць сваёй рэпутацыяй.

Георгій ПАРАФЯНЮК.

Добавить комментарий