Фермерскае поле Кайтасавых

P1012172Яно займае 160 гектараў у Ратайчыцкім сельсавеце. Самастойна гаспадараць ужо васямнаццаты год. За гэты час падрос да “галавы” гаспадаркі і сын Надзеі і Васіля Кайтасавых – Яўгеній, які з юнацтва не цураўся клопатнай сямейнай справы. А самая першая спроба стаць на рынкавыя рэйкі была зроблена імі ў Астрамечаве. Пазней “адшукалі” зямлю для фермерскага агарода на мяжы Брэсцкага і Камянецкага раёнаў, недалёка ад Млыноў. Пачыналі тут у 2003-м з 50-і гектараў поля і будаўніцтва фермерскай сядзібы…

Перавагу па-ранейшаму аддаюць агародніне. Акрамя таго, маюць ужо немалую плантацыю клубніц – сёлета яны занялі 10 гектараў; рэалізавана, у асноўным на Мінск, больш за 20 тон ягад. У гаспадарцы закладзены клубнічны гадавальнік, што з часам дазволіць знізіць сабекошт гэтай духмянай прадукцыі.

Даўно апусцелі градкі, дзе расла ранняя цыбуля; ураджаем задаволены – з гектара збіралі да 300 ц цыбулі-рэпкі. Спрыяльным было надвор’е і для ранняй бульбы, якая займала 15 гектараў. А вось для капусты і позніх гатункаў “другога хлеба” – а гэта яшчэ 60 гектараў – жнівень не надта дагадзіў. Капанне пачалі ўжо, у полі шчыруюць два бульбаўборачныя камбайны, што патрабуе значна менш рабочых рук. Доўжыцца ўборка і таматаў, якія спеюць у адкрытым грунце – на 4-гектарным палетку.

Па агародніну едуць сюды аптовыя купцы з розных рэгіёнаў Беларусі. Увогуле з рэалізацыяй праблем няма. Як і патрэбы ў рэкламе. Ланцужок “поле – прылавак” працуе безадмоўна амаль круглы год, бо ёсць добраўпарадкаванае агароднінасховішча (рэканструяваная былая калгасная майстэрня) у Свішчове, разлічанае на паўтары тысячы тон агародніны, дзякуючы кантэйнернаму спосабу захоўвання. Да 500 тон яе змяшчае “халодны” склад, дзе асабліва добра пачуваюцца морква і буракі. Плюс яшчэ сховішча на 200 тон у Млынах. Адной толькі цыбулі – днямі пачалася ўборка яе, прыдатнай для захоўвання, – на зіму пакідаюць да паўтысячы тон. “Млыноўскае”, такую назву мае гаспадарка Кайтасавых, – нібы знак якасці таварнай агародніны.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий