У Чапялях свае пальмы…

IMG_4499Расіяне Іван і Ніна Вандакуравы прыехалі ў Белавежскі гадоў трыццаць таму назад. Няблізкі шлях з Чалябінскай вобласці, дзе жылі, да Беларусі, якая ўжо стала другой радзімай. Ніна Іванаўна працавала на свінагадоўчым комплексе, Іван Паўлавіч мае важкі стаж механізатара. Жылі ў кватэры. Гадавалі дзяцей. Калі яны пакінулі бацькоўскі кут (асталяваліся у Магілёве і Мінску), а саміх гаспадароў “напаткаў” пенсійны ўзрост, пачалі задумвацца аб пераездзе ў вёску, дзе раздолле працавітым рукам, творчасці і ўнукам.

Прыгледзелі сядзібу ў Чапялях, што ў кіламетры ад Белавежскага. Прадалі кватэру ў пасёлку – за тыя грошы і купілі хату. Работы мелі праз край, але з кожным годам прысядзібны ўчастак набываў ўсё больш выразныя абрысы задуманага. І ўнукі, якіх ужо трое, ахвотна едуць з горада ў вёску, дзе ў бабуліным двары іх чакае столькі цудаў! Дзе вельмі ўтульна, ягадна і яблычна.

Іван Пятровіч і Ніна Іванаўна выдатна дапаўняюць адзін аднаго і ў дбайнасці, і ў “дызайнерскіх” фантазіях, абое любяць працаваць на зямлі. Праўда, здароўе ўжо не тое, каб мець вялікія задумкі. Але, гледзячы на іх з любоўю ўпарадкаваную сядзібу, дзе беражліва апрацаваны кожны куточак, разумееш, у чым сакрэт абаяльнасці гэтых немаладых гаспадароў з маладым імкненнем да прыгожага. Акуратныя градкі, якія вось-вось прымуць у сябе насенне, стужка раллі падрыхтавана пад бульбу, дагледжаныя кветнікі, малады сад, што летась парадаваў першымі пладамі, дзіцячая пляцоўка для ўнукаў – за ўсім гэтым праца, праца… А вось адпачынкам лічыцца творчасць, калі стары веласіпед становіцца падстаўкай для кашпо, калі з-пад умелых рук “выходзяць” персанажы казак, а то і “пальмы”, што не баяцца ніякіх маразоў. Звычайныя пластыкавыя бутэлькі сталі незвычайнымі “дрэвамі” – яшчэ адзін урок для ўнукаў на тэму “эксклюзіў са “смецця”…

Гасціннасць і шчырасць Вандакуравых прыемна ўражваюць. І тым больш непаўторнай здаецца іх вясковая сядзіба, якую яны стварылі ўласнымі рукамі.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий