У Хадасах – школа з гісторыяй

Наша даведка

У 1927 годзе ў вёсцы Галёнчыцы адкрылася пачатковая польская школа, якая існавала да 1939-га. У верасні гэтага года сюды прыслалі новага настаўніка, а школа, цяпер ужо руская, перасялілася ў дом аднаго з хадасоўцаў (там цяпер знаходзіцца сталовая СВК “Хадасы”). У перыяд фашысцкай акупацыі заняткі не праводзіліся, але ўжо 1 верасня 1944-га 67 вучняў з Хадасоў, Унучак і Галёнчыцаў селі за парты Хадасоўскай пачатковай школы, якая ў чарговы раз змяніла “месца жыхарства”. Дырэктарам прызначылі Івана Васільевіча Сцяжко. У 1964 годзе ў памяшканні МТС у Хадасах адкрылася васьмігодка.

На наступны год пры навучальнай установе заклалі сад, выдзелілі зямельны ўчастак, які пад кіраўніцтвам Уладзіміра Аляксеевіча Дарашука (першага дырэктара базавай школы) стаў узорным, яго называлі нават кутком батанічнага саду ў Хадасах. Тут вучні праводзілі доследы па заданнях саўгаса “Першамайскі” і вучоных Беларускага навукова-даследчага інстытута агароднінаводства і садаводства. Па доследнай рабоце школа займала другое месца ў рэспубліцы. Юныя натуралісты ўдзельнічалі ў Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. З часам тут з’явіліся трусаферма і геаграфічная пляцоўка.

Саўгасы “Белавежскі” і “Першамайскі” перадалі школе памяшканні, што дазволіла весці навучанне ў адну змену. 2 кастрычніка 1990 года ў школе адкрыўся этнаграфічны музей, у якім 130 экспанатаў, 41 знаходзіцца на ўліку Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Гаспадыняй музея была Людміла Мікалаеўна Серая. У свой час дырэктарамі школы былі: Алена Канстанцінаўна Самко, Іван Іванавіч Макарэвіч…

Сёння дырэктарам Хадасоўскай базавай школы з’яўляецца Наталля Казлюк. Тут яна была колісь вучаніцай, пасля – настаўніцай, а цяпер, ужо трэці год запар, на чале школы.

Педагагічны калектыў яе – 18 чалавек, 5 з іх – настаўнікі вышэйшай катэгорыі, 8 – першай.  Ёсць тыя, хто аддаў школе ў Хадасах нямала гадоў свайго жыцця, любові і сіл. Наталля Іванаўна з цеплынёю пералічвае імёны і лічбы, якія не могуць не ўражваць: настаўніца пачатковых класаў вышэйшай катэгорыі Людміла Мікалаеўна Лемяза – 37 гадоў стажу; пачатковых класаў – Тамара Васільеўна Егунова – 30 гадоў; матэматык вышэйшай катэгорыі Вольга Мікалаеўна Стасюк – 30 гадоў. Карыстаюцца заслужанай павагай педагогі-ветэраны Марыя Іванаўна Казлюк, Кацярына Аляксандраўна Дарашук, Марыя Мікалаеўна Шкутнік, Валянціна Аляксандраўна Ярашук, Алена Канстанцінаўна Самко, Святлана Сяргееўна Сяргеева, Людміла Мікалаеўна Серая. А Галіна Нічыпарук і Надзея Самаркіна самі некалі вучыліся ў Хадасоўскай БШ, каб потым вярнуцца сюды настаўнікамі.

Педагогі праводзяць модульныя і інтэгрыраваныя (гісторыя + літаратура, напрыклад) урокі, прымяняюць электронныя сродкі навучання, сярод якіх – мультымедыйная ўстаноўка. Школа нядаўна закупіла для настаўнікаў вельмі патрэбныя кантрольна-вымяральныя матэрыялы – чым не падарунак?

Увогуле вучняў тут 117 (колькасць іх захоўваецца на адным узроўні ўжо некалькі гадоў), з іх 16 выпускнікоў, 13 першаклашак. На заняткі вучні з Галоўчыцаў, Ганцэвічаў, Любашак, Янушоў, Унучак прыязджаюць на школь­ным аўтобусе. Самы вялікі клас – 17 вучняў, самы маленькі – 10. Ёсць дзве групы падоўжанага дня – на 20 і 25 дзетак (Хадасоўская школа, дарэчы, апорная па арганізацыі работы такіх груп, тут працуе кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання выхавальнікаў Таццяна Дзмітрук). Дзейнічаюць шматлікія гурткі, частка – па суботах, таму так званы шосты дзень тыдня ў вучняў Хадасоўскай БШ заўсёды заняты, цікавы і пазнавальны. Вучні выбіраюць занятак па сваіх інтарэсах: адзін танцуе, другі спявае, трэці наведвае гурток “Меткі стралок”, чацвёрты ву­чыцца здароваму ладу жыцця, пяты – ахоўваць навакольнае асяроддзе, шосты захапляецца кветкаводствам. У Хадасоўскай БШ працягваюць справу, распачатую юннатамі яшчэ ў мінулым стагоддзі (гл. гістарычную даведку). Вучні і нас­таўнікі з задавальненнем працуюць на ўчастку, які дае добры ўраджай агародніны для сталовай. У школьным садзе – поўна яблыкаў (яны ідуць на кампот). За агарод, сад, квітнеючыя клумбы, нарыхтоўкі, харчаванне, ацяпленне і многае іншае адказвае загадчыца гаспадаркі Святлана Казлюк. Вучні Хадасоўскай школы харчуюцца двойчы на дзень: адзін раз абавязкова, другі – па жаданні. Акрамя таго, 29 дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў атрымліваюць бясплатныя абеды за кошт бюджэтных сродкаў.

Кіраўніцтва СВК “Хадасы” заўсёды цікавіцца жыццём сваёй школы. У ёй па ініцыятыве ды­рэктара гаспадаркі Уладзіміра Федаровіча і старшыні прафкама Ніны Церанцюк быў своечасова распачаты рамонт. Тут 7 кабінетаў, актавая зала, сталовая, этнаграфічны музей. Першы і другі класы вучацца ў будынку дзіцячага садка, што па суседстве. Фізкультура прахо­дзіць на вуліцы, калі дазваляе надвор’е, да паслуг аматараў спорту валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, спартыўны гарадок. “Акрамя таго, гаспадарка пад Новы год падарыла школе тэнісны стол, – расказвае Наталля Іванаўна. – А да Дня ведаў – тры класныя дошкі. Вельмі ўдзячныя за такую ўвагу. Прыемна, што і аддзел адукацыі не забывае пра нас.”

Словы падзякі выказвае дырэктар яшчэ і сваім намеснікам: Алене Рагозінай (па выхаваўчай рабоце) і Святлане Нігірыш (па вучэбнай). Дарэчы, Святлана Нігірыш і Наталля Казлюк у свой час паспяхова прымалі ўдзел у раённым конкурсе “Настаўнік года”.

“Нашы дзеці разумныя, адказныя, працавітыя, – не без гонару зазначае дырэктар. – Пасля заканчэння школы многія імкнуцца атрымаць сярэднюю адукацыю, і нашых вучняў з радасцю прымаюць школы і гімназія райцэнтра.” У Хадасоўскай школе не толькі вучаць, але і выхоўваюць: хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца піянерамі і членамі БРСМ (урачыстасць праходзіць у Брэсцкай крэпасці і на пагранзаставе адпаведна), наведваюць у Пелішчы выхаванцаў сацыяльнага прытулку з падарункамі, набытымі на самастойна сабраныя сродкі, ез­дзяць разам з педагогамі ў Брэсцкі драматычны тэатр, аквапаркі ў Пружанах і Кобрыне…

Да Дня настаўніка тут рыхтуюцца загадзя: выпускаюць насценныя газеты (адна з іх, па традыцыі, ад васьмікласнікаў), праводзяць канцэртную праграму, на якую запрашаюць і ветэранаў педагагічнай працы. А яшчэ у гэты дзень усё ў Хадасоўскай БШ «перакульваецца» з ног на галаву: вучні становяцца настаўнікамі і наадварот. Гаворка ідзе аб дні самакіравання, як вы, напэўна, здагадаліся.

Запытала ў Наталлі Іванаўны, чаго б яна пажадала сваім калегам напярэдадні свята. “Каб яны не раствараліся ў мітусні, знаходзілі пазітыў у тым, што робяць. Так лягчэй. Каб здароўе не падводзіла, каб у сем’ях іх панаваў мір.” Мудрыя словы. А мы пажадаем калектыву Хадасоўскай БШ поспеху і ўдачы, што вельмі спатрэбяцца падчас удзелу ў абласным конкурсе на лепшую ўстанову адукацыі аграгарадка па грамадзянска-патрыятычным выхаванні вучняў, да якога падрыхтоўка цяпер ідзе.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий