У Каменец – з Паднябеснай

У мінулы аўторак у нашым раёне пабывалі госці з Кітая – трое выпускнікоў БДУ: Цзян Цянь цань, Сюе Сяо лэй і Го Юй сін. Яны прыязджалі па запрашэнні сваіх сяброў з Кобрына Уладзіміра і Станіслава (спяшаліся, таму і прозвішчы назваць не паспелі, запісалі мне толькі нумар аднаго з мабільнікаў). Незабыўныя ўражанні засталіся ў кітайцаў ад наведвання жамчужыны прыроды – Белавежскай пушчы, музея Камянецкай вежы. Уразіў і размах абнаўлення Каменца напярэдадні абласных “Дажынак”.

Так, паміж нашымі краінамі наладзілася плённае супрацоўніцтва, і нядзіва, што наш край наведваюць і афіцыйныя кітайскія дэлегацыі, і «звычайныя» турысты з Паднябеснай, як гэтыя трое маладых людзей, з якімі я пазнаёміўся на вуліцы. Цяпер яны – магістры, будуць займацца на сваёй радзіме лазернай оптыкай. Жывуць у розных гарадах, напрыклад, Цзян Цянь цань у горадзе Лоаян, што недалёка ад Дэнфэна (цэнтральны Кітай), дзе на гары Суньшань знаходзіцца вядомы буддысцкі манастыр Шаолінь. Кітайскім юнакам спадабаліся гасціннасць і адкрытасць беларусаў, яны пажадалі жыхарам нашага горада дабрабыту, шчасця і міру. А “гіды” кітайскіх юнакоў паспелі расказаць пра сябе: Уладзімір па спецыяльнасці інжынер-механік, а Станіслаў – пчаляр, яго ж родная сястра вучыцца ў Мінску і вывучае кітайскую мову. Пэўна, у бліжэйшыя гады будзе не толькі развівацца плённае супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Кітаем, але і пашырацца сяброўскія сувязі паміж жыхарамі дзвюх краін.

Георгій ПАРАФЯНЮК.

На здымку: госці з Кітая ў Каменцы разам са сваімі кобрынскімі сябрамі – Уладзімірам (ён крайні злева) і Станіславам (другі справа).

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий