У заўтра – са смакам настальгіі

У заўтраНемагчыма сёння ўявіць Высокае без сіне-белага комплексу будынкаў сыраробнага завода. Ён амаль што ў цэнтры горада, але стылізаваны выгляд кампактна размешчаных збудаванняў толькі ўпрыгожвае старадаўнюю частку Высокага. На перапрацоўчым прадпрыемстве занята 256 чалавек – з багатым вопытам работы і маладых.

Да першай кагорты несумненна належыць Людміла Літоўская, начальнік вытворчасці СААТ “Белавежскія сыры”. Яе працоўны стаж 30 гадоў, з іх 25 – работа на Высокаўскім сыраробным.

Пасля вучобы ў механіка-тэхналагічным тэхнікуме малочнай прамысловасці, у небезвядомым Углічы, працавала на Брэсцкім малочным камбінаце ў цэху вырабу закваскі. А паколькі гэта былі 1980-я і “мой адрес – Советский Союз”, не здзіўляе, што неўзабаве апынулася ў Малда­віі разам з мужам-расіянінам, былым мараком, з якім пазнаё­мілася ў Брэсце і бацькі якога жылі недалёка ад мяжы з Румыніяй. Там, на Кагульскім сыраробным заводзе, працавала ў цэху, дзе выпускалі масла. Там, у Малдавіі, нарадзілася і дачка. Але Людмілу цягнула на радзіму, і яна дасюль удзячная мужу (яго, на жаль, не стала шэсць гадоў таму) за тое, што зразумеў, што згадзіўся пераехаць на Камянеччыну. Сям’я асталявалася ў Караліне, у дзядулевай хаце; малады гаспадар уладкаваўся ў СПМ-15, і Людміла таксама памкнулася знайсці работу ў Высокім. Паколькі дачцэ ішоў толькі другі год, найбольш прымальнай падалася праца выхавацелем ў дзіцячым садку. Тут праз гады два Людмілу і “адшукаў” тагачасны дырэктар Высокаўскага сырзавода Іван Сіцько – надта ж патрэбны быў майстар у сыраробны цэх. Дала згоду. Найпершай яе паплечніцай стала Надзея Памыканава – таксама старшы майстар. Пазней працавала поплеч з Аленай Яўташук – да 2003-га, бо ў тым жа годзе ўзначаліла сыраробны цэх, а яшчэ праз год – усю асноўную вытворчасць прадпрыемства.

Пасада начальніка вытворчасці патрабуе і адмысловага ведання сучасных спецыялізаваных тэх­налогій, і ўмення працаваць з калектывам, і браць на сябе адказнасць у складаных сітуацыях.

– Добрая якасць малака, строгі кантроль тэхналагічных рэжымаў, належны санітарны стан цэхаў, умелыя рукі прафесіяналаў – усё гэта робіць нашу прадукцыю кан­курэнтаздольнай і на знешнім рынку, – зазначае Людміла Ге­оргіеўна.

У яе атрымліваецца наладжваць дзелавыя адносіны з парт­нёрамі прадпрыемства. Праца – справа ўсяго жыцця. Нават у час падарожжа ці ў гасцях, калі накрываюць стол, Людміла Георгіеўна найперш паспытае “чужы” сыр: цікава, чый лепшы, што новае ў рэцэптуры і смаку, – не праміне ніводнай дробязі: а раптам прыдасца?

У Высокім не адмовіліся ад вытворчасці сыроў і паводле кла­січных рэцэптаў: “Пашахонскі”, “Кастрамскі”, “Расійскі”, “Галандскі”… Гэта прадукцыя (у тым ра­дзе і масла сметанковае) выпускаецца па стандартах часоў СССР, што вельмі адпавядае сённяшняму попыту на “эка-” і “бія-” прадукты. Усё лепшае, што вынайдзена спецыялістамі і ўпадабана пакупніком, сабрана пад сцягам “Белавежскіх сыроў”.

Добавить комментарий