У доўгі і добры шлях, малыш!

P1094615У снежні мінулага года рэдак- цыя аб’явіла акцыю “У жыццё – з раёнкай!” Яе сэнс у наступным: матулі, якія нарадзілі ў Камянецкім радзільным аддзяленні ў снежні, атрымаюць у падарунак трохмесячную бясплатную падпіску на “НК” у 2013-ым.

Цэлы месяц мы старанна запісвалі, калі і хто нарадзіў. І вось распачаўся новы год. Паведамляем вам вынікі нашай акцыі. Вельмі прыемная навіна: у радзільным аддзяленні ў снежні на свет з’явіліся 17 немаўлят: 13 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. Найбольш парадзіх – з Высокага, але былі і з Пелішча, Макарава, Хадасоў, Відамлі, Дзмітровіч, Каменца, Ляска, з вайсковай часці і Маларыцкага раёна. У сем’ях Кавалёвых, Наўрасюк, Базылюк, Сабчук, Гайдукевіч нарадзілася першае дзіця; Ташкіновы, Свібовічы, Бондаравы, Гаўрылюкі, Смалюкі, Жэдзікі прычакалі другога малыша; Кабрынец, Леванюкі, Гуліны, Кулеша, Дацкевіч – трэцяга, Сухаравы – чацвёртага. Цяпер усе матулі дома даглядаюць сваіх дзетак. А рэдакцыя стрымала слова і выпісала на хатнія адрасы гэтых жанчын раённую газету. Няхай у вольны час знаёмяцца, чым жыве Камянеччына. Спадзяемся, што названыя сем’і стануць нашымі пастаяннымі падпісчыкамі, а іх дзеці будуць расці разам з раёнкай. У добры шлях!

А на гэтым тыдні, у сераду, мы віншавалі нованароджанага 2013 года. Віноўнікам урачыстасці стаў жыхар Каменца. Хлопчык ростам 53 см і вагою ў 4200 грамаў нарадзіўся 3 студзеня ў сям’і Алены і Дзмітрыя Давыдоўскіх (гл. здымак). Мама – студэнтка юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Тата працуе механікам у НП “Белавежская пушча”, студэнт-завочнік Баранавіцкага ўніверсітэта. Пазнаёміліся яны ў Пружанах, адкуль родам Алена і дзе Дзмітрый вучыўся ў сельскагаспадарчым каледжы.P1094609

З’яўлення сына чакалі не толькі самі маладыя бацькі, але і такія ж маладыя дзядулі і бабулі. Каб раздзяліць радасць са шчаслівымі дзецьмі, з Пружан прыехала сям’я Алены. Узнёсла і хвалююча перадала нованароджанага сына маладому тату дзяжурная акушэрка Вольга Гац.

Безумоўна, веліч і прыгажосць надаюць кожнай сям’і дзеці. Моманты пажаданняў малышу расці здаровым і шчаслівым застануцца на памяць аб гэтай падзеі ў фатаграфіях нашага фотакарэспандэнта. Душэўныя словы родных і іх спадзяванні, што ўнук вырасце моцным, дужым і разумным, стане для сям’і гордасцю і памочнікам, нікога не пакінулі раўнадушнымі.

А малыш ўвесь гэты час спакойна спаў на руках таты…

Вера ІВАНЮКОВІЧ.

Фота Міколы Шума.

Добавить комментарий