У Ваўкастаўцы хаты не пустуюць

IMG_4552Непаўторныя ваколіцы Ваўкастаўца, дзе 20 жыхароў, – нібыта кампенсацыя за аддаленасць вёскі ад усіх “цэнтраў” – Амелянца, Вярховічаў, Каменца. Сядзібы мяжуюць з сасновым борам, паветра – гаючы настой. Самабытнай вёску ўжо не назавеш, бо большасць тут – людзі прыезджыя: адным жыллё прадаставіла гаспадарка, другія самі купілі хаты “пад дачу”.

Больш таго, тры зямельныя ўчасткі прадастаўлены пад будаўніцтва і абслугоўванне жылых дамоў – будоўля пачалася ўжо; сёлета адбудзецца аўкцыён па продажы ў Ваўкастаўцы двух ўчасткаў – таксама пад будаўніцтва.

Той, хто даўно тут не быў, заўважае, як памаладзела вёска: адрамантавалі магазін, ліхтары на слупах заменены на сучасныя, заасфальтавана вясковая вуліца, злучаная з аб’язной па перыметры Белавежскай пушчы, збудаваны зручны прыпынак (аўтобус “Каменец – Амелянец” заязджае ў вёску па панядзелках і пятніцах і, адпаведна, ім жа можна вярнуцца дадому). Валянціна Казачук (на здымку) працуе на малочнатаварнай ферме, якую бачна з парога хаты. На ферме была занята і ў Амелянцы, адкуль пераехала ў Ваўкаставец гадоў сем таму, пасля таго, як не стала мужа. Тут жыве яе свякроў. Валянціна ж пасялілася ў доме, які прадаставіла гаспадарка. Дачка-старшакласніца вучыцца ў Амелянцы, але “дарожных” праблем не ўзнікае, бо школьны аўтобус ніколі не абмінае вёску. Упэўненасці ў заўтрашнім дні Валянціне надае і заробак, які, вядома, залежыць ад вынікаў.

Хоць магазін – праз дарогу, але часта наведвацца туды па прадукты няма патрэбы, бо на падвор’і амаль поўны «набор» жыўнасці. З харчовай бяспекай сям’і поўны парадак.

 

* * *

На невялікай ферме ў Ваўкастаўцы, дзе 120 кароў, разам з Валянцінай Казачук працуюць яшчэ двое аператараў, адна з іх – падменная. Дояць з дапамогай «удээскі», якая ў абсталяванай даільнай зале адначасова абслугоўвае дзесяць рагуль. Па выніках мінулага года сярэдні надой ад каровы ў групе Валянціны – звыш 5 тыс. кілаграмаў.

З пачатку красавіка статак ужо на пашы, што недалёка ад фермы. Гэта спрыяе надоям.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий