“Усе мае сны пра вайну і школу…”

IMG_8287У гэтым годзе лёс звёў мяне з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, заслужаным настаўнікам Іванам Іванавічам Вайцюком выпадкова, пры напісанні аднаго з матэрыялаў. Але я ніяк не магла забыць нашу з ім размову. Таму перад кожнай наступнай камандзіроўкай заўсёды мела надзею, што паедзем у бок Воўчына, дзе жыве дзядуля. Так атрымалася, што сустрэлася з цікавым субяседнікам акурат напярэдадні Вялікага свята – Дня Перамогі…

“… Нарадзіўся я ў Воўчыне ў 1924 годзе. Сям’я была вялікая, таму прыходзілася з самага ранняга дзяцінства брацца за плуг і ісці разам з бацькамі ў поле працаваць на зямлі. У нас на той час была польская школа, дзе я вучыўся. Закончыў 6 класаў і палову сёмага, бо не давалі сямікласнай адукацыі спецыяльна, каб ніхто нікуды не паступаў. Таму прыходзілася ўсім, хто хацеў вучыцца, праходзіць навучанне ў 6-м класе два разы. Сістэма такая была. А ў 1939 годзе, калі пачалася Другая сусветная вайна, нас вызвалілі з-пад улады палякаў, і школа перайшла на рускую форму навучання. Я зноў пайшоў у 5-ы клас, потым – у 6-ы. У 40-м годзе стаў вучыцца ў рамесным вучылішчы ў Гайнаўцы. Там прайшлі 6 месяцаў навучання – менавіта такі тэрмін. Перад самай вайной, 6 чэрвеня, усіх навучэнцаў накіравалі на працу ў Новасібірск. Калі даехалі да Мінска, то да нас далучыўся яшчэ адзін эшалон з Ленінграда, дзе былі такія ж 15-гадовыя хлопчыкі, як і мы. У Маскве зноў прыбавіліся людзі. Усіх разам нас набралася каля 12 тысяч чалавек. Вось такой вялікай кампаніяй мы і даехалі да пункта назначэння. Там нас пасялілі ў палаткі ў недабудаваным горадзе Крывашчокава. На заводзе займаліся сталярнымі справамі. Потым нас перавялі ў казармы і ваенізавалі, далі старшыну. Так і жылі па-армейску. А потым пачалася вайна… А мы ж яшчэ нічога пра вайну тую не ведалі, малышня зусім, вайна дык вайна, страшна, але ж цікава.

Першы год на заводзе працавалі на зборцы дзвярэй і аконных рам. У 42-м нас перакінулі на скрыні пад снарады, дзе шчыравалі за норму выпрацоўкі і па карткавай сістэме да 43-га. А ў снежні гэтага года мяне прызвалі ў армію. Перад гэтым разоў пяць хадзілі ў ваенкамат, каб узялі на вайну, але нас на заводзе “забраніравалі”, бо прадукцыя, якую выпускалі, была быццам бы і лёгкая, а на самой справе – вельмі цяжкая. Калі фар­міравалася польская армія, то два разы мяне і маіх таварышаў выклікалі ў Новасібірск, але мы адмаўляліся – усе хацелі служыць у Савецкай арміі. А потым знайшліся нашы дакументы, і стала вядома, што мы з Брэста, таму больш не чапалі…

Пачалася мая служба з Омска, дзе за паўгода навучылі розным ваенным хітрыкам, а потым – кінулі на фронт. Трапіў я на поўдзень, амаль на польскую мяжу, на 4-ы Украінскі фронт. Пайшлі мы ў бок Берлі­на – там паўсталі чэхі. Але туды не дайшлі, прайшлі праз Одэр, а далей нас не пускалі ўласаўцы. Там мы прастаялі да апошняга патрона. Многа было наступленняў, смерцяў таварышаў і радасцяў за кожны адваяваны кавалачак зямлі… 19 красавіка 1945 года пад Чэхаславакіяй мяне раніла ў галаву і правую руку. А справа была так. Была ноч. А гэта ж ужо 45-ы, таму “пёрлі” немца з усіх бакоў, што яны не паспявалі нават акопвацца. Калі нас высадзілі, то трапілі мы на левы фланг і адразу пачалі акопвацца. Ведаеце, малады, пад раніцу так захацелася спаць. Крыху акапаўся і прысеў адпачыць. Адразу заснуў. І сніцца мне мой малодшы брат Колька: быццам бы трымаю яго на каленях, а ён так скача-скача і сваёй галавой б’е ў маю галаву. Я ачнуўся і падумаў: нешта сёння здарыцца – ці раніць, ці заб’е. Калі пачало світаць, то наперадзе ўжо сталі віднецца траншэі і дот, а таксама жыта. Я зноў пачаў капаць. Калі кідаў пясок, па мне пачалі страляць. Я прысеў, але ўсё роўна працягваў капаць. Так акапаўся ў поўны рост, зрабіў сектар абстрэлу. Галаву вельмі не высоўваў. Праз некаторы час прыслалі сувязнога – прыгатавацца, будзем атакаваць. А я тады камандаваў аддзяленнем. Па ланцужку пачалі перадаваць інфармацыю, што пойдзем у наступленне. На той момант моцна не стралялі, а потым паляцела адна ракета, другая. Мы выскачылі і адразу – наперад перабежкамі. З дота пачаўся абстрэл з кулямётаў. З майго аддзялення малдаване заляглі таксама з кулямётам, але чамусьці не стралялі. Падбег я да іх, даў распараджэнні і хацеў перабегчы на іншае месца. Атрымалася пабегчы з другога разу. І тут чую, быццам нехта па галаве даў дрынам. Чую, нібы праз сон, памкам-узвода кліча мяне, а я быццам у сне лётаю – страціў прытомнасць, упаў і нічога мне не балела, толькі крывёю вока заліло. Потым усё ж такі ачухаўся. Тым часам немцы пачалі страляць разрыўнымі кулямі. Мне яшчэ і ў руку трапіў асколак адной з іх. А я рыдлёўку выцягнуў і пачаў акопвацца – трэба было хаця б галаву схаваць. Але ж параненая рука так і абвісла… Наша атака спынілася, неяк усё заціхла… Тая куля, што трапіла ў галаву, засела ў чэрапе. Два разы мяне аперыравалі, вось шрам застаўся на ўсё жыццё…

Сустракаў Вялікую Перамогу на ложку ў шпіталі ў Кракаве, дзе правёў два месяцы, а потым зноў – у рады арміі. Трапіў у запасны полк. Адправілі нас у Львоў пешшу. Ішлі бяззбройныя. Аказалася, з нас хацелі сфарміраваць роту на японскі фронт. Да Львова мы дайшлі ноччу. Два тыдні жылі ў лесе за горадам. Нас абмундзіравалі, далі ўсё новае: уся вопратка зялёная, з ангельскага сукна шынялі, боты. Пагрузілі ў тры эшалоны і павезлі нас ва Уладзівасток. Па дарозе стала вядома, што вайна з японцамі скончылася. Мы лічыліся дзеючай арміяй, таму маршрут усё роўна не змянілі. Не даехалі да назначанага пункта 80 кіламетраў. 12 кіламетраў амаль бягом дабіраліся да Усурыйскай тайгі. Гэта быў жнівень, спякота стаяла невыносная. Па дарозе сустрэўся толькі адзін калодзеж, а нас жа – каля 15-і тысяч чалавек… У тайзе прабылі два тыдні, а потым паступіла каманда – накіроўвацца ва Ула­дзівасток. Там мы трапілі на пагрузку. На беразе паставілі палаткі – такім аказаўся наш начлег. Грузілі мы параходы, а куды – ніхто не ведаў. Пасля таго, як увесь груз быў на судне – мы, тры тысячы чалавек, выйшлі ў Японскае мора, потым – у Ахоцкае. Падняўся вялікі шторм – 9 балаў, а параход наш – амерыканскай вытворчасці, на зварцы. Пагаворвалі нават, што ён можа зламацца напалам. Было так страшна! І так на працягу трох дзён: як плюхне, дык вада ў трум нават трапляла. Нікога не выпускалі на палубу. У дзень давалі паўлітра вады. Не мыліся, бо запасы заканчваліся… Завезлі нас на Чукотку, у горад Анадыр. Як паведаміў наш генерал, прыехалі мы туды асвойваць незнаёмыя паўночныя месцы. Прабылі мы там 2 гады: першы – у Анадыры, тут атрымаў званне сяржанта, другі – на Берынгавым праліве. А потым сказалі, каб мы рыхтавалі сабе замену… Дэмабілізаваўся ў 47-м. З Чукоткі ехалі да Масквы 48 сутак. Пакуль даехалі да гэтага горада, засталося нас усяго толькі двое – я і хлопец з Баранавічаў. Астатнія засталіся па дарозе ў дзяўчат, з якімі перапісваліся. Так я вярнуўся дадому ў 22 гады. Спачатку хацеў паехаць да медсястры Клавы са шпіталя, з якой перапісваўся, але потым неяк закруціўся і застаўся дома. Тут і сваіх дзяўчат хапала. У 1948 годзе ў Воўчыне адкрылі сярэднюю школу. Ваенкамат прапанаваў пайсці працаваць ваенруком. Я згадзіўся. Так і засеў тут. Паралельна быў настаўнікам фі­зічнай культуры. Усё сваё жыццё аддаў працы ў школе… У 49-м ажаніўся. У 1956 годзе завочна скончыў Пінскі індустрыяльны тэхнікум… Лёс склаўся так, што зараз у мяне другая жонка – Марыя Рыгораўна, якая стала для мяне апорай у апошнія гады. У мяне – два сыны, таксама настаўнікі. І ўнучка – настаўніца біялогіі. У мяне ўжо шэсць праўнукаў. Калі ўсе з’язджаюцца, то вельмі весела становіцца ў хаце… Радуе тое, што школа, мая родная школа, заўсёды запрашае на мерапрыемствы. Я ж тут адзін такі застаўся… Ведаеце, усе мае сны аб школе і вайне, яны мне сняцца кожны дзень…”

На гэтым ветэран закончыў свой расказ аб вайне, якую бачыў ён, пра тыя гады, калі было каханне, свае радасці і смерці сяброў, якія сталі самымі роднымі і блізкімі людзьмі… Але чалавек устроены так, што колькі б ні прайшло гадоў, ніколі не сатрэцца памяць людская… Чалавек створаны для таго, каб перажыць у жыцці і радасць перамог і горыч страт. На лёс гэтага ветэрана выпала выпрабаванне, якое не хацелася б пажадаць нікому…

1 лютага 2014 года Іван Вайцюк адзначыць свой 90-гадовы юбілей. Здароўя Вам, Іван Іванавіч, яшчэ на доўгія гады! Няхай Ваша шчырая ўсмешка яшчэ доўга радуе Вашых родных і блізкіх людзей!

Нізкі паклон вам да зямлі, дарагія ветэраны! Дзякуй вам за тое, што мы бачым чыстае мірнае неба над галавой! Дзякуючы вам, у нашага народа ёсць гісторыя, якую ніхто не мае права змяніць. Дзякуй вам шчыры і вялікі за тое, што вы ёсць!

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий