Усе дарогі вядуць у… ДРБУ

Высокое 230Начальнік філіяла КУП “Брэстаблдарбуд” Высокаў-скае ДРБУ-137 Юрый Мураўскі ў нашых краях зусім нядаўна, з 2011 года, але яго арганізацыя ўжо паспела паказаць сябе, прычым СА станоўчага боку. Аб яго жыцці з самага нараджэння і да сённяшняга дня – наш традыцыйны “Субяседнік”.

– Юрый Уладзіміравіч, раскажыце крыху пра сябе.

– Нарадзіўся на Украіне, у невялікай вёсцы Хмяльніцкай вобласці, у сялянскай сям’і. Было нас у бацькоў шасцёра, так што работы па гаспадарцы хапала з самага маленства кожнаму. У свой час закончыў мясцовую сярэднюю школу і паехаў пакараць краіну-суседку Беларусь. Выбар навучальнай установы спыніў на Пінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме. Але доўга там не правучыўся, бо прызвалі ў армію. Пасля звальнення ў запас усё ж такі атрымаў дыплом. На апошнім курсе тэхнікума ажаніўся з дзяўчынай, з якой пазнаёміўся, калі быў на Брэстчыне ў будатрадзе… Зараз наша сям’я жыве ў Матыкалах, у нас чацвёра сыноў і дзве ўнучкі. Раней займаўся футболам, рыбалкай, часта ездзіў у грыбы. Сёння, на жаль, не магу пабалаваць сябе любімымі заняткамі, бо вольнага часу няма зусім, а калі і выпадае, то езджу ў Брэст, у басейн.

– А як вы трапілі ў Высокае?

– Шлях да Высокага быў доўгі. Спачатку 5 гадоў шчыраваў інжынерам па сельскагаспадарчых машынах у адной з сельгасарганізацый у Брэсцкім раёне. У дарожнай галіне – з 1990 года. Пачынаў майстрам у ДРБУ-138, потым быў старшым майстрам, прарабам. Апошняя пасада ў той арганізацыі – намеснік начальніка. У верасні 2011 года заняў крэсла начальніка тут, у Высокім…

– Скажыце, калі ласка, што ўваходзіць у Вашы абавязкі?

– Арганізацыя ўсяго працэсу дарожнай галіны раёна, аб’ёмы, зарплата і падаткі…

– Юрый Уладзіміравіч, чым канкрэтна займаецца дарожна-рамонтнае будаўнічае ўпраўленне-137? Якія дарогі абслугоўваеце?

– Дарогі мясцовага значэння ўсяго Камянецкага раёна – гэта каля 630-і кіламетраў, а таксама вуліцы населеных пунктаў – 185 кіламетраў. На жаль, тых сродкаў, якія штогод выдзяляюцца на раён, вельмі мала, іх не хапае. Для таго, каб захаваць калектыў і дастойную заработную плату, шукаем работу па ўсёй вобласці. Такім чынам прыходзіцца выконваць вялікі аб’ём работ: будаўніцтва вуліц і тратуараў, добраўпарадкаванне… Зараз у нашай арганізацыі 121 чалавек. У асноўным гэта дарожныя рабочыя, аўтагрэйдарысты, трактарысты, вадзіцелі аўтамабіляў, асфальтаўкладчык. Наш гонар – асфальтабетонны завод, які з’яўляецца ўласнасцю ДРБУ.

Асноўная задача – утрыманне дарог у добрым стане. Для гэтых мэтаў у мінулым годзе набылі машыну для ямачнага рамонту, якая замяніла работу адразу некалькіх людзей. Таму зараз многае выконваецца механізавана. Яшчэ мы мяняем дарожныя знакі, абкошваем абочыны… Гэта зіма вельмі парадавала. Да 12 студзеня мы рабілі асфальтаўкладку ў Брэсце. Зараз нашы работнікі заняты на адсыпцы “вертыкалкі” ў “Агра-Ніве”. У Белавежскім адсыпаем вуліцы, дзе вядзецца будаўніцтва 11-і новых жылых дамоў. Усяго ў арганізацыі каля 40 адзінак тэхнікі, за мінулы год мы купілі тры МАЗы, два “пескача”.

Акрамя ўчасткаў у Высокім, ёсць яшчэ адзін наш прарабскі ўчастак у Каменцы. Там працуе каля 30 чалавек.

– Можа, ёсць у Вашай арганізацыі дасягненні, якія адзначаны на высокім узроўні?

– У 2012 годзе мяне прызналі ганаровым дарожнікам Рэспублікі Беларусь… Не так даўно прадпрыемству далі дыплом за першае месца па вытворча-эканамічных паказчыках сярод ДРБУ вобласці. Сёлета мы сталі лепшымі сярод будаўнічых і дарожна-будаўнічых арганізацый раёна па выкананні прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця ў галіне будаўніцтва.

– А што скажаце аб калектыве?

– У нас граматныя спецыялісты, высокакваліфікаваныя механізатары, з якімі прыемна працаваць. Кожны “трымаецца” за сваю работу. “Цякучкі” кадраў амаль няма… Мая задача як кіраўніка – забяспечыць добрыя ўмовы работы. Гэтым і займаемся разам з нашым прафсаюзам.

– Зараз зіма. Ці гатова Ваша ДРБУ ў любую хвіліну выехаць на заснежаныя дарогі?

– Зімой работнікі працуюць у дзве змены. Калі надвор’е паказвае характар, то прыходзіцца шчыраваць па 12 гадзін кожнай змене. Самае галоўнае – забяспечыць праезнасць дарог. Часта параўноўваем сябе з пажарнымі – яны таксама своечасова павінны быць на месцы, дзе горача…

– Юрый Уладзіміравіч, падзяліцеся планамі на бягучы год.

– Хацелася б, каб было больш сродкаў, каб былі лепшымі дарогі. У бягучым годзе плануем павялічыць на 30% аб’ёмы работ. Бо толькі ад гэтага залежыць, ці будзе ў работнікаў дастойная зарплата.

– Дзякуй за размову!

Наталля ГРЫЦУК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий