Трэба граматна выкарыстоўваць свой патэнцыял

Апошнім часам чытачы газеты ўсё часцей цікавяцца міжнароднымі – сумеснымі з Польшчай і Украінай –

праектамі, у якіх удзельнічае наш раён. Па тлумачэнні наконт гэтага рэдакцыя звярнулася да намесніка старшыні райвыканкама Дзяніса Шпака.

– Дзяніс Іванавіч, цікаўнасць чытачоў зразумелая: любы міжнародны праект – гэта заўсёды нешта новае, а навізна, безумоўна, прываблівае…

– Так, але у дадзеным выпадку вабіць не толькі навізна, але і практычная карысць для раёна. Тым больш, што, па-сутнасці, нічога звышновага тут не адбываецца. Пачатак міжнароднаму супрацоўніцтву, а больш канкрэтна – прыгранічнаму, быў пакладзены яшчэ 10 год таму назад, з моманту стварэння міжнароднага грамадскага аб’яднання “Еўрарэгіён “Белавежская пушча”. Тады, у маі 2002 года, падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Хайнаўскім паветам Рэспублікі Польшча з аднаго боку і Камянецкім, Пружанскім і Свіслацкім раёнамі Рэспублікі Беларусь – з другога. Менавіта з таго часу і пачаўся наш удзел у трансгранічных праектах. Іншая справа, што цяпер гэтая дзейнасць значна актывізавалася.

– А з якой мэтай стваралася гэтае грамадскае аб’яднанне?

– Першачарговая і першапачатковая мэта – фарміраванне на прыпушчанскай тэрыторыі ўмоў для ўстойлівага развіцця рэгіёна і паляпшэнне каардынацыі сумесных дзеянняў выканаўчых улад, самакіравання і грамадскасці. Прыярытэтныя сферы дзейнасці: ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў; трансгранічны экалагічны і культурны турызм; грамадска-гаспадарчае, культурнае і навукова-адукацыйнае супрацоўніцтва; збліжэнне народаў дзвюх краін і, вядома, захаванне Белавежскай пушчы, унікальнага прыроднага комплексу, які ў значнай ступені вызначае клімат кантынента. Адразу пасля стварэння “Еўрарэгіёна” пачалася распрацоўка сумесных мерапрыемстваў. Гэта прыцягнула ўвагу іншых прыгранічных рэгіёнаў, і сёння склад і геаграфія ўдзельнікаў грамадскага аб’яднання значна пашыраны, узаемадзеянне між імі выйшла на прынцыпова новы ўзровень.

– У прыватнасці?..

– У 2007-м мы сталі ўдзельнікамі Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна 2007-2013 (далей – Праграма, аўт.) Яна створана па ініцыятыве Еўрапейскага саюза з мэтай супрацоўніцтва ЕС і партнёрскіх краін для забеспячэння інтэграванага і ўстойлівага рэгіянальнага развіцця. У межах Праграмы вызначаны тры асноўныя прыярытэты: павышэнне канкурэнтаздольнасці прыгранічных тэрыторый і якасці жыцця, падтрымка мясцовых ініцыятыў. Згодна з гэтымі прыярытэтамі, удзельнікі Праграмы прадстаўляюць свае міні-праекты. Пасля разгляду прымаецца рашэнне аб іх аб’яднанні ў адзін маштабны і наступнай рэалізацыі, прычым асноўную частку фінансавых выдаткаў бярэ на сябе Еўрасаюз. Сказаўшы на пачатку размовы аб практычнай карысці для раёна, меў на ўвазе менавіта гэта.

– Іншымі словамі, у раёне ўжо рэалізуецца нейкі праект?

– Вядома. У межах Праграмы райвыканкам сумесна з Хайнаўскім паветам Падляскага ваяводства ўдзельнічае ў рэалізацыі праекта “Мадэрнізацыя дыдактычнай інфраструктуры для польска-беларускага супрацоўніцтва на карысць інвалідаў”. Больш канкрэтна – мы атрымалі фінансавыя сродкі на рамонт і мадэрнізацыю Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў Каменцы. Работы ўжо распачаты. Пасля іх заканчэння (тэрмін рэалізацыі праекта – 15 месяцаў, аўт.) у карэкцыйна-развіваючым цэнтры будзе 40 месцаў для навучання дзяцей, 6 месцаў для кругласутачнага знаходжання, мадэрнізуецца навучальны клас, а таксама кабінет рэабілітацыйнай тэрапіі. Акрамя таго, 12 дзетак атрымаюць магчымасць наведаць спецыялізаваны адукацыйны цэнтр у Хайнаўцы. Агульная сума фінансавання нашай часткі праекта – больш за 158 тысяч еўра, з іх без малога 143 тысячы – сродкі Еўрапейскай камісіі, астатнія – бюджэту Камянецкага раёна

Гэты праект вельмі дарэчы. Чаму? Адказ просты. Сёння ў нашым раёне больш за 700 дзяцей з асаблівасцямі развіцця, сярод іх ёсць і цяжка хворыя. Як бы там ні было, але факт застаецца фактам – інфраструктура для іх у нас практычна адсутнічае. Умовы навучання таксама жадаюць быць лепшымі. Усё гэта адмоўна адбіваецца на іх развіцці, карэкцыі і рэабілітацыі. Рэалізацыя праекта дазволіць ухіліць названыя недахопы. Таксама з’явіцца магчымасць дзённага навучання дзяцей у Цэнтры, а не “на даму”, што павысіць яго якасць і значна дапаможа бацькам. Прадугледжана таксама і метадычная дапамога: семінары па абмену вопытам, укараненне новых форм навучання…

– Карысць відавочная. Але гэта, мабыць, не адзіны праект?

– Безумоўна. Праект рэканструкцыі Цэнтра – з першага набору заявак. А ёсць яшчэ два наборы, у якіх мы таксама ўдзельнічаем. Увогуле ж, калі браць раён у цэлым, то патэнцыял у нас значны. Зыходзячы з яго і распрацоўваліся іншыя праекты.

З дапамогаю трансгранічных праграм мы імкнёмся вырашыць надзённыя праблемы жыхароў раёна. Як прыклад – тры міні-праекты скіраваны менавіта на гэта: будаўніцтва ачышчальных збудаванняў у Каменцы, рэканструкцыю сістэмы каналізацыі ў Высокім і добраўпарадкаванне парка. Іх мы падалі на разгляд у мінулым годзе.

– Гэта, я так разумею, быў другі набор. А што з трэцім?

– Сёлета, у трэцім наборы, пададзена ажно 11 заявак-праектаў. Шэсць з іх – па лініі аддзела адукацыі райвыканкама – звязаны з развіццём спартыўнага, турыстычнага і культурнага супрацоўніцтва. Яшчэ два праекты курыруе аддзел культуры, адзін – аддзел па фізічнай культуры, спорце і турызме. А Відамлянскі сельскі Савет удзельнічае ў праекце па накірунку развіцця аграэкатурызму. Як бачна, ініцыятыў шмат і цяпер трэба напружана працаваць над іх ажыццяўленнем.

– Сапраўды так. Спадзяюся, што ўсе праекты неўзабаве будуць рэалізаваны. Дзякуй вам, Дзяніс Іванавіч, за цікавую размову.

– І вам дзякуй. Да пабачэння.

Гутарыў

Уладзімір ВЯРЭНІЧ.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий