Трон пахіснуўся, але выстаяў

P1100686У першую лютаўскую нядзелю ў спарткомплексе Каменца адбыліся фінальныя гульні чэмпіянату раёна па валейболе сярод мужчынскіх каманд. Чацвёрку мацнейшых склалі “Белавежскі”, «Белавежскія сыры”, “Экстрым” і каманда раёна электрычных сетак.

Безумоўным фаварытам, як і на працягу апошніх гадоў, значыліся белавежцы. Статус аказаўся не беспадстаўным. Лідар даказаў, што і на сёння ён з’яўляецца мацнейшай валейбольнай дружынай раёна. Праўда, цяпер лёгкіх перамог ім ніхто не падарыў. Бадай, толькі з “Белавежскімі сырамі” было не так цяжка. Асабліва ж патрапалі нервы белавежцам “электрыкі”. Пасля безальтэрнатыўна прайгранай першай партыі ў другой яны ў адплату “разнеслі” белавежцаў. У трэцяй жа барацьбы зноў не атрымалася – падапечныя Васілія Лесіка ўпэўнена правялі трэці сэт і дабіліся перамогі над “электрыкамі”.

Асобна таксама можна выдзеліць і сустрэчу “Экстрыма” з “электрыкамі”. У кожнай з партый вікторыя “электрыкам” даставалася, як кажуць, “на тоненькага”. У другім сэце каманды нават не абмежаваліся адведзенымі 25 ачкамі.

Адзначу яшчэ адну сустрэчу, апошнюю, паміж “Белавежскім” і “Экстрымам”. Сітуацыя перад ёй склалася такая, што пры перамозе “экстрымалаў” першае месца ад белавежцаў уплывала. Па тым, як складвалася гульня, можна было бачыць, што такі зыход не толькі тэорыя. Асабліва ж пільна сачылі за сустрэчай “электрыкі” – бо пры пройгрышы белавежцаў першае месца адыходзіла менавіта ім. На жаль, дрэнная гульня “экстрымалаў” у канцоўках партый звяла да нуля ўсе іх патугі. І надзеі “электрыкаў” на першую перамогу ў гісторыі выступленняў – каманда раёна электрычных сетах засталася на другім месцы. “Экст­рым” – трэці, а “Белавежскія сыры” замкнулі фінальную чацвёрку.

 

* * *

У гэты ж дзень адбыліся чэмпіянаты раёна па шашках і гіравым спорце. У першым камандная перамога за шашыстамі “Белавежскага”, на другім месцы – “Камянецкая пушча”, на трэцім – “Агра-Зарэчча”. У асабістым заліку лепшымі былі Іван Харламповіч і Дарына Хоміч. У гіравым спорце “вікторыя” ў “Нівы”, “Агра-Зарэчча” – на другім месцы, “Белавежскі” – на трэцім. У асабістым заліку чэмпіёнствавалі Васілій Прыймачук (да 70 кг), Аляксандр Хомка (ад 70 да 90 кг) і Алег Клюшын (звыш 90 кг).

Каманды-прызёры адзначаны граматамі, а пераможцы яшчэ заахвочаны грашовымі прэміямі ад аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.

 

* * *

На Алімпійскіх днях моладзі Рэспублікі Беларусь па дзюдо сярод дзяўчат 1997-1998 гадоў нараджэння, якія прайшлі ў Бабруйску з 30 студзеня па 2 лютага, у складзе каманды Брэсцкай вобласці выступіла камянчанка Марыя Кавальчук (трэнер Рыгор Маеўскі). Выхаванка СДЮШАР “Пушча” заняла другое месца ў вагавай катэгорыі 57 кг.

 

* * *

2-3 лютага ў Мінску, спарткомплекс “Стайкі”, прайшлі кубак і першынство Рэспублікі Беларусь па доўгіх кіданнях. Убачыць на гэтым спартыўным форуме можна было і выхаванцаў СДЮШАР “Пушча”. Зазначу, за Камянеччыну не было сорамна. Мікалай Клімук з Расны (першы трэнер Сцяпан Веляшкевіч) з вынікам 59,28 м у кіданні кап’я заняў першае месца сярод юнакоў 1996-1997 гадоў нараджэння. Парадаваў і Валерый Галубковіч з Белавежскага (трэнер Аляксандр Кандрацюк). Юнак таксама заняў першае месца ў кіданні дыска сярод юніёраў. Яго вынік – 53,38 м.

 

* * *

Тыя, хто завітаў у спарткомплекс 1 лютага маглі здзівіцца. Трэці год запар на паркеце сустракаліся ўсё тыя ж каманды, фінальную чацвёрку першынства раёна па валейболе сярод дзяўчат зноў склалі прадстаўніцы Раснянскай, Камянюцкай, Баршчэўскай СШ і СШ №1 г.Каменец. Адразу адзначу, што працягнуць трыўмфальнае шэсце ў лідара мінулых сезонаў – раснянак – не атрымалася. Прычым, падзенне з алімпа вельмі цяжкае, адразу да самага нізу (вынік іх выступлення – чацвёртае месца). Затое шанцуе ў гэтым годзе валейбалістам СШ №1. У студзені першынство выйгралі юнакі, і вось чарговая ўдача – першынство выйграюць дзяўчаты (мінулы сезон закончылі на чацвёртай пазіцыі). Як кажуць, год задаўся. Што датычыцца апошніх дзвюх каманд, то, у параўнанні з годам мінулым, між імі прайшла ракіроўка. У гэтым годзе ўжо лепш выступілі камянюцкія спартсменкі – яны другія, баршчэўскія, наадварот, сталі трэцімі.

Сяргей Аляшчэня.

Фота аўтара.

Добавить комментарий