Танцуем «от лампочки»

Апошнім часам значнай саперніцай “лямпачкі Ільіча” стала энергазберагаючая кампактная люмінесцэнтная лямпа. Перш чым купіць яе, чула нямала меркаванняў аб ёй: ад таго, што гэта самае лепшае асвятленне і да катэгарычнага пераканання ў шкодзе ад новай лямпы.
Але першае, на што звяртаем увагу, – кошт энергазберагаючых лямпаў. Вельмі нязвыкла заплаціць за прыбор асвят­лення 25-30 тысяч рублёў, адмаўляючыся ад значна больш таннага і прывычнага. Аднак, як разумею, рана ці позна станем перад выбарам энергазберагаючай лямпы, бо ў многіх еўрапейскіх краінах ужо ўводзіцца паступовая забарона на выкарыстанне лямпачак напальвання, пачынаючы са 100-ватных…
І ўсё ж карціць ведаць, ці вернуцца пераплачаныя за новую лямпу грошы за кошт эканоміі. Вытворцы запэўніваюць, што энергазберагаючая лямпа магутнасцю 15 Вт адпавядае звычайнай ў 75 Вт. На практыцы, сцвярджаюць знатакі, такую лямпачку замяняе энергазберагаючая люмінесцэнтная лямпа ў 20 Вт. Значыць, атрыманая эканомія – 55 Вт. Многа гэта ці мала?
патлумачыць гэтае пытанне папрасіла галоўнага інжынера Камянец­кага раёна электрасетак Алега Клюшына.
Калі мы купілі энергазберагаючую лямпу за 25 тыс. рублёў, дык гэта эквівалентна кошту 130 кВт электраэнергіі (пры сённяшнім кошце яе для бытавых спажыўцоў 193 руб. за 1 кВт). А 130 кВт новая лямпа зможа з’эканоміць – пры розніцы спажывання ў 55 Вт – за 2360 гадзін. Вытворцы энергазберагаючых лямпаў гарантуюць 8-10 тыс. гадзін работы іх, і калі працягласць “жыцця” новай лямпы будзе адпавядаць гэтым лічбам, дык не толькі акупіцца яе кошт, але і сапраўды будзе значная эканомія. Энергазберагаючыя лямпы хутка акупляюцца пры выкарыстанні іх у месцах, дзе святло запатрабавана пастаянна ці ўсю ноч. У такім разе і ўключэнняў-выключэнняў менш, што спрыяе даўгавечнасці лямпы
Кошт такіх лямпаў залежыць ад іхняй электроннай начынкі, што забяспечвае пуск лямпы і яе стабільную работу. Калі вытворцы занадта эканомілі дзеля больш нізкага кошту вырабу, дык якаснай і доўгай работы ад такой “бюджэтнай” лямпы чакаць не варта. Таму лепш аддаць перавагу якасці, а не больш нізкай цане.
Ад Алега Клюшына даведалася, як пра­вільна трэба разумець лічбы на ўпакоўцы, дзе, напрыклад, значыцца 21/41-827. Вядома, першыя дзве лічбы – магутнасць лямпы ў ватах, 41 – гэта маркіроўка колернасці, 8 – індэкс колераперадачы, 27 – колерная тэмпература, што адпавядае 2700К (кельвінаў), г. зн. лямпа дае “цёплы” белы колер, што найбольш нагадвае звыклую лямпачку напальвання. “халодны” белы колер – 4200 К, дзённае святло – 6500К.
Энергазберагаючыя лямпы (натрыевыя) сёння шырока выкарыстоўваюцца ў вулічным асвятленні. прыйшлі на змену ранейшым лямпачкам у вытворчых памяшканнях, у школах, Дамах культуры новыя эканомныя лямпы. Аб тым, наколькі актыўна цікавяцца імі “дамашнія” спажыўцы электраэнергіі, спытала ў прадаўцоў электратавараў. Як высветлілася, жадалі б часцей даваць заяўкі на пастаўку лямпаў новага пакалення. І асноўнай стрымліваючай прычынай лічаць нават не цану, а меркаванні-чуткі, што гэтыя лямпы шкодныя для здароўя.
Апошняе і дало нагоду звярнуцца па тлумачэнні да галоўнага тэхнолага ААТ “Брэсцкі электралямпавы завод” Сяргея Лышчыка.
Гэтыя чуткі народжаны, пэўна, той акалічнасцю, што кампактныя люмінесцэнтныя лямпы ўтрымліваюць ртуць. Яе там 3-5 міліграмаў. Гэта амаль у 1 тысячу разоў менш, чым у звычайным градусніку. Калі лямпа пра­вільна эксплуатуецца, ніякай пагрозы здароўю яна не ўяўляе. А вось калі яна разбілася ў памяшканні, дык неабходна прыняць меры перасцярогі, якія пералічаны ў інструкцыі па эксплуатацыі: праветрыць пакой, а месца, над якім разбілася лямпа, трэба змачыць 0,2-працэнтным растворам марганцоўкі або мыльна-содавым, працерці растворам блізка размешчаныя канструкцыі…
І яшчэ. Кампактная люмінесцэнтная лямпа мае пэўную частату мігцення. У лямпы добрай якасці гэта адбываецца непрыметна для вачэй, як пры неперарываемым спектры выпраменьвання, накшталт сонечнага. Увогуле, наш завод яшчэ не зусім задавальняе патрэбы ўнутранага рынку ў такіх лямпах, найперш для прамысловага асвятлення – іменна ў гэтай сферы спажывання такія лямпы запатрабаваны найбольш, бо акупляюцца найхутчэй і даюць найбольш адчувальную эканомію. У Беларусі пакуль не знімаюцца з вытворчасці электралямпачкі напальвання, а вось у Расіі гэта паступова ўжо робіцца. Нашы спажыўцы маюць час ацаніць якасці новых кампактных люмінесцэнтных лямпаў.

Галіна НОВІК

Добавить комментарий