Там, где вырастет сахар

Яшчэ ў савецкі час нашаму раёну вызначылі спецыялізацыю: вырошчванне цукровых буракоў, суседняму Пружанскаму – лёну. За апошнія 12 гадоў плошчы пад “салодкімі карэннямі” на Камянеччыне выраслі на 26%. Калі ў 2000 годзе ў сярэднім на адну гаспадарку прыпадала па 90 га буракоў, дык цяпер – 290, а ў асобных буйнатаварных іх пасевы займаюць ад 400 да 600 гектараў.
– Наш раён уваходзіць у лік вядучых па вытворчасці цукровых буракоў, у тройку раёнаў-“стотысячнікаў”, – расказаў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці райсельгасхарча Сяргей Мурын. – Аб’ёмы вытворчасці за апошнія дзве пяцігодкі выраслі ў 1,9 раза. Сёлета сельгасарганізацыі раёна адвялі пад пасеў цукровых буракоў 3,2 тысячы гектараў. Нашы пасевы гэтай сельгаскультуры па Брэстчыне складаюць 15%, а вырашчаны ўраджай (не менш 120 тысяч тон караняплодаў) – гэта каля 1/4 ад агульнай вытворчасці па вобласці. Так што нашы буракаводы – у ліку асноўных пастаўшчыкоў сыравіны на Жабінкаўскі цукровы завод. Прычым, рэалізуем салодкую прадукцыю выгадна: за апошнія тры гады сярэдняя рэнтабельнасць вытворчасці склала 20,2%.
Да сказанага варта дадаць, што новыя магчымасці стварыліся не самі па сабе: дапамагло паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы і ўдасканавальванне тэхналогіі вырошчвання. Назаўжды адышоў у нябыт той час, калі бураковыя палеткі “разбівалі” на ўчасткі, за кожнай “дзялкай” замацоўвалі палявода. Ад плошчы той “дзялкі” залежалі і памеры выдзяляемых для калгаснікаў участкаў пад бульбу, і колькасць сена для ўласнай кароўкі. І на апрацоўцы тых участкаў з дапамогай шырокай, без зубцоў, матыкі, была асноўная “тэхнічная” сіла – калгасніца з матыкай. Ой, даставалася не толькі жанчынам – сем’ямі выходзілі ў летнюю спёку на плантацыі, дзеці з горада прыязджалі на падмогу. Зараблялі з горкім потам на адносна “салодкае жыццё” і ўкраінскія брыгады…
Урэшце, і да нас дайшоў прагрэс – пачалі прымяняць гербіцыды, з дапамогай якіх хімпраполка пры ўмелым карыстанні дазваляе знішчыць пустазелле і даць волю культурным раслінам. Але пра тонкасці новых тэхналогій лепш даведацца непасрэдна ад спецыялістаў. Асноўныя вытворцы па буракаводстве ў раёне – ААТ “Агра-Зарэчча”, “Відамлянскае”, “Белавежскі”, “Усход-Каменец”, СВК “Агра-Ніва” (на іх долю прыпадае 72% вытворчасці). Пасяўная на бураковых плантацыях напачатку гэтага тыдня была ў разгары. Каб сустрэцца з перадавымі буракаводамі, трымаем курс на Войскую. Першым напаткалі дырэктара гаспадаркі Віктара Мазько.
– Цукровыя буракі – культура рэнтабельная, – зазначыў Віктар Майсеевіч. – Да таго ж дзяржава ідзе насустрач вытворцам, вось і сёлета закупачныя цэны павысілі ў 2,5 раза. Таму штогод пашыраем плошчы пад буракамі, сёлета – на 50 гектараў, усяго засеем 350; у перспектыве і да 500 давядзем… Летась атрымалі прыбытак ад буракаводства ў 1 мільярд 338 мільёнаў рублёў. У нас ёсць усё неабходнае для буракаводства: комплекс машын, хімікаты, а галоўнае – вопытныя кадры…
Разам з кіраўніком гаспадаркі едзем на поле ля Войскай, дзе поўным ходам вялі сяўбу буракоў. Галоўны аграном Сяргей Мартысюк там з ранку. Час быў перадабедзенны, і неўзабаве прывезлі гарачыя стравы для механізатараў. Яны спынілі сваіх “жалезных коней” і выйшлі з кабін – гэтым і скарыстаўся наш фотакарэспандэнт: зрабіў здымак, дзе на фоне палетка і тэхнікі – Мікалай Кірылюк (злева) і Сяргей Логвін (на 1-й стар.). Яны – галоўныя выканаўцы на сяўбе буракоў, у кожнага – багаты вопыт і стараннасць. Мікалай – на МТЗ-2522 рыхтуе глебу з дапамогай шыроказахватнага (7,2 м) агрэгата АКШ-7,2, таму і поле роўнае, апрацаванае – любата! А Сяргей вось ужо пяты год – нязменны сеяльшчык буракоў, трактар у яго МТЗ -1221, а сеялка “Плантар 3М” – высокадакладная радковая. Пропускаў не будзе – як жа, у кабіне трактара – камп’ютар, заб’ецца які насеннеправод – тут жа дасць сігнал…
Галоўны аграном Сяргей Мартысюк расказвае аб тэхналогіі вырошчвання салодкіх каранёў:
– Яна сучасная, выпрабаваная на практыцы, вядома, ўдасканальваецца. Тэхнічны комплекс буракаводства: напачатку – вось такія сеялкі, сёлета набылі яшчэ адну, французскую. Хімікаты ўносім з дапамогай апырсквальнікаў. А для ўборкі набылі буракаўборачны камбайн “Холмер”, ёсць і спецыяльныя пагрузчыкі. А цяпер – пра тэхналогію. Усё пачынаецца з насення – яно грануляванае, аднапарасткавае, апрацаванае ад хвароб. Набываем яго з восені, заяўку падаем на цукровы завод. З восені ўносім і ўгнаенні: арганіку, а з мінеральных – фосфарныя і калійныя. У час вегетацыі раслін галоўнае – своечасовае і дакладнае прымяненне гербіцыдаў (3-4-разовае) супраць пустазелля. Адначасова ўносім мікраэлементы (бор, марганец), у ліпені – фунгіцыды супраць хвароб. Амаль ніякай ручной працы…
Здаецца, усё так проста: насенне, тэхніка ды суцэльная хімія… Але ж у “Агра-Зарэччы” атрымліваюць стабільныя ўраджаі салодкіх карэнняў пры пастаянным павелічэнні “валу”, а дзе-хто не мае і паловы таго… ААТ “Агра-Зарэчча” летась прадало 11 тысяч 256 тон цукровых буракоў пры ўраджайнасці 375,2 ц з гектара (у 2009 годзе – 432 ц, пэўна, умовы надвор’я былі больш спрыяльныя); рэнтабельнасць буракаводства – высокая. Банальная ісціна: поспех справы вырашаюць кадры: іх веды, уменне, старанне.
– Пэўна, напачатку спатрэбіўся і чыйсці вопыт? – цікаўлюся ў галоўнага агранома.
– Вядома. Семінары ж праходзілі не аднойчы і ў межах Брэстчыны, і рэспубліканскія. Мне з некаторымі калегамі ўдалося і за мяжой пабываць. У Германіі, у прынцыпе, тэхналогія такая ж, толькі там іншыя ўзаемаадносіны з партнёрамі. І сістэма севазваротаў адрозніваецца. Дарэчы, кіраўнік нашай гаспадаркі заўжды цікавіцца навінкамі – і айчыннымі, і замежнымі…
За адну кароткачасовую паездку, вядома, немагчыма ўнікнуць ва ўсе тонкасці сучаснага буракаводства. Радуе тое, што ў нас ёсць аграрыі, якія імі авалодалі. І цяпер у раёне не толькі такія аграпрамысловыя “кіты”, як “Белавежскі”, але і “Агра-Зарэчча” з прыбыткам ад буракаводства. А насельніцтва – з адносна недарагім цукрам.

Георгій ПАРАФЯНЮК

Добавить комментарий