Таленавітая Лера

P2055184Многія бацькі лічаць, што дзіця з малых гадоў трэба аддаваць ва ўсе магчымыя гурткі, каб яно паспытала свае сілы ў розных відах дзейнасці і на аснове вопыту выбрала свой шлях. Часам здараецца так, што хлопчык ці дзяўчынка актыўна і захоплена акунаецца ў свет шматлікіх захапленняў, і… усё ў яго (яе) атрымліваецца! Немагчыма? А вось і не.

Так, пяцікласніца СШ №2 г.Каменец Лера Пірагова ў чым толькі ні праявіла сябе. Яна – выдатніца, дзённік запоўнены “васьмёркамі”, “дзявяткамі” і “дзясяткамі”. Матэматычны склад розуму і здольнасць аналізаваць вызначылі прыхільнасць дзяўчынкі да “царыцы навук” (вынік – 10 балаў за апошнюю чвэрць).

Мала хто ва ўзросце Валерыі можа дакладна назваць прафесію сваёй мары, а яна ўжо вызначылася: “Хачу быць бухгалтарам-эканамістам, як мая старэйшая сястра – цікава і прэстыжна.”

Ёсць у Леры і два браты, старэйшы – самастойны чалавек, а малодшы Данік – у першым класе. Сястра дапамагае яму з урокамі, раіць, як ладзіць сяброўскія ўзаемаадносіны з аднакласнікамі. Дома яна – першая матуліна памочніца. У вольную хвілінку, якіх мала, вышывае крыжыкам. Наведвала гурток “Модніца” пры камянецкім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, на ўроках працы Лера таксама старанна шые, разам з мамай майструе прыгожыя рэчы з дапамогай часопіса “Калекцыя ідэй” (нядаўна зрабілі прыгожае “капеечнае” дрэва).

Акрамя “звычайнай” школы дзяўчынка наведвае школу мастацтваў, дзе іграе на баяне, танцуе ва ўзорным калектыве эстраднага танца “Капрыз” пад кіраўніцтвам Валянціны Крывец і ў школьным аб’яднанні па інтарэсах “У рытме танца”. Святы, што ладзяцца ў Камянецкай дзіцячай бібліятэцы, рэдка бываюць без яе ўдзелу. Акрамя таго, Лера займаецца лёгкай атлетыкай у спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву “Пушча”. А яшчэ – піша вершы…

У рознабаковай, цікавай дзяўчынкі шмат сяброў, яна ніколі не сумуе. Варта браць прыклад.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий