Супраць дамашняга насілля

Як паведамлялася раней, у нашай краіне ў чэрвені гэтага года стартаваў праект пад назвай “Развіццё нацыянальнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь з мэтай процідзеяння дамашняму насіллю ва ўмовах дасягнення гендэрнай роўнасці”. Мяркуецца, што ў выніку рэалізацыі праекта будзе пашыраны спектр дапамогі жанчынам, якія пацярпелі ад дамашняга насілля.

Мерапрыемствы будуць ажыццяўляцца на ўсёй тэрыторыі краіны, але з акцэнтам на Мінск і ў трох пілотных рэгіёнах Брэсцкай вобласці: у Брэсце, Кобрыне і Каменцы. Донар праекта – Шведскае агенцтва міжнароднага развіцця і супрацоўніцтва. Нацыянальнае выканаўчае агенцтва – Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Фонд ААН у галіне народанасельніцтва выступае ў якасці міжнароднага партнёра, а нацыянальнымі партнёрамі з’яўляюцца Міністэрства ўнутраных спраў, Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт, Кобрынскі і Камянецкі раённыя выканаўчыя камітэты, міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Гендэрныя перспектывы” і Беларуская праваслаўная царква (“Саюз сястрынстваў міласэрнасці”). Праект рэалізуецца на працягу трох гадоў.

15 лістапада у зале пасяджэнняў Камянецкага райвыканкама за “круглым сталом” былі абмеркаваны пытанні фарміравання рабочай групы міжведамаснага ўзаемадзеяння ў сферы папярэджання дамашняга насілля і барацьбы з яго праявамі. Вяла праграму кіраўнік групы ўпраўлення праектамі па папярэджанні дамашняга насілля і забеспячэнні гендэрнай роўнасці фонду ААН у галіне народанасельніцтва Галіна Дзясятава. У абмеркаванні прынялі ўдзел як прадстаўнікі зацікаўленых службаў нашага раёна, так і вядучыя спецыялісты з Мінска і Брэста: Алег Каразей – начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Рэспублікі Беларусь; Ірына Альхоўка – старшыня Праўлення міжнароднага грамадскага аб’яднання “Гендэрныя перспектывы”; Раман Кручкоў – сямейны псіхолаг, член беларускай асацыяцыі псіхатэрапеўтаў; Марыя Гамзюк – начальнік аддзела сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта і іншыя.

Абмеркаванне было ажыўленым і зацікаўленым. Нераўнадушны погляд на праблему дамашняга насілля выказалі прадстаўнікі райаддзела ўнутраных спраў, раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзела адукацыі райвыканкама, грамадскіх арганізацый. Прыводзіліся канкрэтныя прыклады, абмяркоўваліся варыянты дзеянняў у той ці іншай сітуацыі. Але відавочна, што за адно пасяджэнне немагчыма расставіць усе кропкі над “і” – працэс гэты складаны і працяглы. Спачатку варта вывучыць як айчынны, так і замежны вопыт у гэтай сферы, прававую базу. Так, удзельнікі “круглага стала” атрымалі буклет пад назвай “Агляд міжнароднага вопыту і перадавой практыкі процідзеяння дамашняму насіллю”, і гэта – як падручнік для далейшай складанай работы. Мяркуйце самі: у выніку рэалізацыі праекта намечана пашырыць спектр дапамогі жанчынам, якія пацярпелі ад дамашняга насілля; упершыню ў Беларусі будзе распрацавана, пратэсціравана, а затым укаранёна на нацыянальным узроўні мадэль работы з мужчынамі-правапарушальнікамі ў сферы дамашняга насілля. Да таго ж было заўважана, што, хоць і рэдка, але часам парушаюць мір у сям’і і жанчыны. І з пацярпелымі, і з парушальнікамі, якіх называюць агрэсарамі, на мой погляд, павінны працаваць псіхолагі, псіхатэрапеўты, нарколагі, юрысты і іншыя спецыялісты.

Галоўная работа па вызначаным праекце яшчэ наперадзе. Што датычыцца пацярпелых ад сямейнага насілля (а яно можа быць не толькі фізічным, але і псіхалагічным, эканамічным), дык галоўная парада адна: не заставацца адзін на адзін са сваёй бядой, а звяртацца ў адпаведныя інстанцыі па дапамогу і кансультацыі, якія могуць аказвацца ананімна. Так, у Камянецкі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва найперш варта пазваніць на тэл. 2-16-91; у райаддзел міліцыі – на 2-17-78 (у рабочыя дні і гадзіны, для кансультацый); агульнанацыянальная бясплатная “гарачая лінія” ў Мінску – 8-801-100-8-801 – працуе штодзённа з 8 да 20 гадзін (па аўторках і суботах дзяжураць юрысты, у астатнія дні – псіхолагі).

Георгій ПАРАФЯНЮК.

Фота Наталлі ГРЫЦУК.

Добавить комментарий