Строителя можно удержать только рублём

Ці не найбольш часта на рэкламных старонках газет і сайтах аб’явы з ключавым словам “патрабуюцца” датычаць спецыялістаў будаўнічых прафесій. Абяцаны заробак пачынаецца з лічбаў 5-6. Нярэдка – сціплая прыпіска: работа ў Расіі. І хоць тыя, што паспыталі “будаўнічага хлеба” ўдалечыні ад дома, не раз расчароўваліся ў шчодрых абяцанках, шэрагі іх няспынна папаўняюцца…
– Ці магчыма спыніць гэты працэс на карысць свайго рэгіёна? – з пытаннем звярнулася да начальніка Камянецкай ПМК-14 Аляксандра Суслава.
– Праблему не раз абмяркоўвалі са старшынёй райвыканкама. Усё, вядома, “завязана” на аплаце працы. Нам пахваліцца пакуль няма чым, бо, напрыклад, за адзін кубаметр кладкі плацім 90 тысяч рублёў – у Расіі за такую ж работу ў некалькі разоў больш. І людзі едуць, не звяртаючы ўвагі на рызыку, на выпадкі падману…
– А іменна?
– Было, што выязджалі на заробкі часткай калектыву арганізацыі – як юрыдычнай асобы. Дык па пяць месяцаў не маглі атрымаць заробленае…
– Колькі чалавек сёння ў штаце ПМК-14?
– Усяго – 159. З жалем канстатую факт, што да пачатку сёлетняй вясны звольніліся амаль сто чалавек. Затрымаць іх можна было толькі рублём. А такой магчымасці пакуль не маем. Сярэдняя зарплата за красавік склала 2 мільёны 157 тысяч рублёў.
– І ўсё ж, якое выйсце з той сітуацыі?
– Ведаем, што да канца года заробак павінен скласці 4 мільёны. Важкія складаемыя зарплаты – прадукцыйнасць, высокія якасць і тэмп работы. На жаль, звольніліся найбольш кваліфікаваныя работнікі, таму і пытанняў у адносінах прадукцыйнасці нямала… Кола замыкаецца…
– Недахоп якіх спецыялістаў адчуваецца найбольш востра?
– Нам патрэбны муляры, цесляры, бетоншчыкі, майстры, прарабы, эканаміст па зарплаце, інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела… Працуем цяпер у сваім раёне.
– Няўжо наша размова завершыцца на мінорнай ноце?
– Не зусім. Бо не губляем надзеі на перамены ў будаўнічай галіне, на вяртанне нашых будаўнікоў дадому.

Галіна НОВІК

Добавить комментарий