Стагоддзе ў падарунак

Учора, 12 чэрвеня, свой пачэсны 100-гадовы юбілей святкавала наша зямлячка Марфа Дзмітрыеўна Ганчук. І ўсё стагоддзе яе нялёгкага, але шчаслівага жыцця, насычанага падзеямі, звязана з Камянюкамі, з пракаветнай пушчай. Шэсць гадоў таму Марфа Дзмітрыеўна асталявалася ў Брэсце, бліжэй да сына і ўнучкі, што заўсёды гатовы дапамагчы, але, між тым, жыве ў кватэры цалкам самастойна! Аптымізму і жыццёвай сілы ёй пазычаць няма патрэбы.

Марфа Дзмітрыеўна нарадзілася ў маляў­нічым пушчанскім краі ў 1920-м і была ў сваёй сям’і адной з чатырох сясцёр. Дзяў­чынкі падрасталі, а лёс рыхтаваў ім ня­лёгкія выпрабаванні. Спярша, у 1932-м, памерла маці, праз 7 гадоў – бацька, а там і да вайны – рукою падаць. Яна адабрала ў гераіні майго матэрыялу ўсіх сясцёр: дзвюх за сувязь з партызанамі паве­сілі немцы, з цягам часу не стала і апошняй. Сама Марфа цудам уратавалася – яе выцяг­нуў з гестапа бацюшка з Белавежы, у яко­га працавала служанкай.

У 43-м Марфа Дзмітрыеўна выйшла замуж і забрала ў сваю сям’ю асірацелую пляменніцу Лідачку. Муж, Сцяпан Ігнаць­е­віч, быў на фронце, ваяваў пад Кёнігс­бер­гам і вярнуўся дадому ў 1946-м. На­ра­дзі­ліся яшчэ адна дачка Рыма і сын Ула­дзі­слаў. Розніцы паміж дзецьмі бацькі ні­колі не рабілі. Уладзіслаў Сцяпанавіч з­гадвае, што доўгі час нават не здагад­ваўся, што Ліда яму не родная сястра, а стрыечная. “Выхоў­вала нас мама згодна з простым вясковым законам: тое, што можа зрабіць дзіця, ні­колі не робяць дарослыя”, – расказвае ён.

Пасля вайны мужа Марфы Дзмітры­еў­ны паставілі перад выбарам: ці ўступ­ленне ў партыю, ці 15 гадоў турмы (прычыну для гэтага ў той час знайсці было нескладана). І ён выбраў апошняе. На волю выйшаў раней тэрміну, у 1953-м… Праца­ваў у тагачасным запаведніку “Белавеж­ская пушча” электрыкам, слесарам у гаражах. Пайшоў з жыцця ў 1995 годзе.

А гераіня майго сюжэту абрала чыста жаночую прафесію – стала поварам, і выдатным! Працавала ў мясцовых дзіця­чым садку і рэстаране, у тым ліку і пасля выхаду на за­служаны адпачынак. А пон­чыкі Марфы Дзмітрыеўны славіліся на ўсе Камянюкі! Яе заўсёды клікалі на вя­селлі, каб нагатавала гэтай смакаты для гасцей. Акрамя таго, каб пракарміць вя­лікую сям’ю, Ганчукі доўгі час трымалі ў сваім доме кватарантаў.

Дачушкі гераіні майго матэрыялу ат­рымалі ў свой час медыцынскую (Ліда) і педагагічную (Рыма) адукацыю, а сын аб­раў прафесію, звязаную з лесам, сярод якога рос. Ён пачынаў свой працоўны шлях рабочым у Белавежскай пушчы, а завяр­шыў яго на пасадзе галоўнага ляснічага Брэсцкай вобласці. Па той жа прафесій­най сцежцы пайшлі і дочкі Уладзіслава Сцяпанавіча, скончылі лесатэхнічную ака­дэмію. Улада жыве і працуе ў Маскве, а Алеся – у Брэсце, яна – начальнік плана­ва-эканамічнага аддзела Брэсцкага лясгаса. Разам з бацькам Алеся штодзень наведвае любімую бабулю, падтрымлівае і дапамагае.

Марфа Дзмітрыеўна застаецца актыў­най і жыццярадаснай, нягледзячы на свой узрост. Песціць любімую сіямскую кошку Басю, ахвотна глядзіць тэлевізар, асаб­лі­ва – навіны, і можа пагаварыць пра палі­тыку, калі сустрэне цікавага ды абазнанага суразмоўцу. У яе – мноства знаёмых і сяброў, і гэта не здзіўляе, калі ўлічыць прыродны талент лёгка сходзіцца з людзь­мі. У свой час, дарэчы, яна вяла шырокую перапіску (тады папяровыя лісты былі яшчэ “ў модзе”).

У Марфы Дзмітрыеўны сёння 2 праўну­кі і 2 праўнучкі. З нагоды значнага юбі­лею і яны, і ўнукі, і дзеці падрыхтавалі для імянінніцы падарункі, кветкі і цёплыя словы пажаданняў. А Алеся (адкрыем таямні­цу) планавала аднавіць да святочнага 12 чэрвеня сямейную сядзібу бабулі, радавое гняздо, каб у гэты дзень адвезці яе туды і там спраўляць юбілей. Цудоўны падарунак з глыбокім сэнсам, ці не так? На жаль, няпростая сітуацыя, што складваецца сёння, не дазволіла ў тэрмін да­весці гэтыя планы да завяршэння. Але будзе яшчэ час…

“Доўгае жыццё – гэта не толькі падарунак Божы, але і выпрабаванне для чалавека”, – сказаў напрыканцы нашай гу­таркі сын юбіляркі Уладзіслаў Сцяпана­віч, і гэтыя словы запомніліся мне. Жыццё неаднаразова выпрабоўвае чалавека, і Марфа Дзмітрыеўна можа стаць прык­ладам таго, што ўсё можна вытрымаць, пераадолець, галоўнае – захоўваць дабрыню ў сэрцы. Тады доўгае жыццё стане сапраўдным падарункам…

Настасся НАРЭЙКА

 P. S. З нагоды 100-гадовага юбілею Марфе Дзмітрыеўне Ганчук уручаны каш­тоўны падарунак ад раённага выканаў­чага камітэта.