Служба дапамогі і дабрадзейства

IMG_2471_новый размерУпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ўжо 9 гадоў нязменна ўзначальвае Марыя Міхайлаўна Кузьміцкая. Сёння яна расказвае пра работу службы сацабароны і калектыў, які, як і яго кіраўнік, служыць высакароднай справе.

– Службе сацабароны – 95. Марыя Міхайлаўна, напомніце, калі ласка, асноўныя этапы яе развіцця.

– Свой пачатак сацыяльная служба бярэ ў далёкім 1919 годзе, калі Часовым рабоча-сялянскім урадам Беларусі быў утвораны Камісарыят сацыяльнага забеспячэння. На яго ўскладалася кіраўніцтва справай сацзабеспячэння ў рэспубліцы. У Камісарыят уваходзілі аддзелы пенсій, пайкоў і дапамог, ахвяр контррэвалюцыі і інвалідныя дамы і інш. Затым служба пераўтваралася ў аддзелы дзяржзабеспячэння, сацзабеспячэння, сацыяльнай абароны, упраўленне па працы, занятасці і сацабароне. Часова работа перапынялася толькі ў гады нямецкай акупацыі.

– Напэўна, варта назваць тых кіраўнікоў і спецыялістаў, хто аддаў гэтай справе ўсё сваё свядомае жыццё.

– Поспех нашай работы ў многім залежыць ад той асновы, якая была закладзена ветэранамі органаў сацыяльнай абароны. Першым кіраўніком аддзела да IMG_2495_новый размер1954 года была Праскоўя Фёдараўна Дзмітрук, рэвалюцыянерка-падпольшчыца, імя якой увекавечана ў назве адной з вуліц Каменца. Затым аддзел узначальвалі В.В.Зінькоў (1954-1960 гг.), І.Я.Рагозін (1960-1982 гг.). А Любоў Кліменцьеўна Харламенка 37 гадоў прысвяціла службе ў сацыяльнай абароне (1982-2006 гг.) У час яе кіраўніцтва аддзел быў адным з лепшых у вобласці, вопыт яго работы распаўсюджваўся па ўсёй рэспубліцы. Высокім прызнаннем работы Л.К.Харламенка стала ўзнагароджанне яе граматамі Савета Міністраў, Міністэрства працы і сацабароны, аблвыканкама, знакам “Выдатнік сацыяльнай абароны”.

Мы ганарымся таксама нашымі пенсіянерамі: Вольгай Майсееўнай Антановіч, якая прысвяціла службе занятасці звыш 20 гадоў; Нінай Пятроўнай Сяргейчык, якая працавала ў аддзеле пенсій і дапамог 32 гады; Ганнай Лаўрэнцьеўнай Ярмаловіч, Святланай Васільеўнай Анохінай, Тамарай Іванаўнай Кананчук, Галінай Мікалаеўнай Ліцвінюк, Ірынай Уладзіміраўнай Сіпайла, Аленай Уладзіміраўнай Пацяйчук, Нінай Цімафееўнай Фаміной, Зояй Міхайлаўнай Гарбачук, Валянцінай Аляксандраўнай Майсюк, Алай Мікалаеўнай Уласюк і многімі другімі.

– Ці мяняліся функцыі сацыяльнай абароны?

– Так. У даваенныя гады сацзабеспячэнне мела мізэрныя магчымасці. Больш даступным стала пенсіянаванне насельніцтва з прыняццем у 1956 годзе Закона аб дзяржаўных пен­сіях і Закона аб пенсіях і дапамогах членам калгасаў у 1964 годзе. Цяпер на падставе Закона “Аб пенсійным забеспячэнні” 11335 чалавек у раёне атрымліваюць розныя віды дзяржпенсій і дапамог. Іх выплаты ў 2013 годзе склалі 245,6 млрд.рублёў.

Значныя сродкі выдзяляюцца дзяржавай на будаўніцтва і ўтрыманне дамоў-інтэрнатаў, для сацыяльнай рэабілітацыі, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі людзям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, і г.д.

З чэрвеня 1988 года ў раёне створана служба надомнага абслугоўвання, якім ахоплена 148 населеных пунктаў, пад апекай сацработнікаў 417 інвалідаў і пенсіянераў.

У 2002 годзе створаны аддзел па працы, які займаецца пытаннямі захавання працоўнага заканадаўства, мінімальных сацыяльных гарантый, кантролю за тэрмінамі выплаты зарплаты, аховай працы і тэхнікай бяспекі на вытворчасці.

З чэрвеня 2004 года працуе Камянецкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у якім адкрыты ўжо 5 аддзяленняў. Яго мэта – аказанне сацыяльных паслуг людзям, гуманітарнай, юрыдычнай, псіхалагічнай дапамогі, тэрміновых сацыяльных паслуг, надомнае абслугоўванне і г.д.

У 2007 годзе да ўпраўлення быў далучаны цэнтр занятасці насельніцтва. Сёння мы аказваем садзеянне беспрацоўным грамадзянам у працаўладкаванні, прафарыентацыі і перанавучанні. За кошт бюджэтных пазык ствараем рабочыя месцы. Так, у 2013 годзе прыватнаму гандлёваму ўнітарнаму прадпрыемству “АўтарПлюс” было выдзелена 700 млн.рублёў для стварэння 14 рабочых месцаў, ТАА “БелМінералГруп” – 800 млн.рублёў пад 16 рабочых месцаў.

– Сістэма сацыяльнага забеспячэння пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца. Якія новыя віды паслуг прапануюцца насельніцтву?

GE DIGITAL CAMERA– З мая 2010 года вялася актыўная работа па ўкараненні новай камп’ютарнай праграмы “Дзяржаўная інфармацыйная сістэма сацыяльнай абароны”. І цяпер прызначэнне і выплата ўсіх пенсій і дапамог вядзецца толькі ў гэтай праграме. Будуць падключацца і іншыя блокі (сацыяльная абарона, ільготы, размяшчэнне ў дамы-інтэрнаты, выдача сродкаў рэабілітацыі і інш.), гэта значыць, што, набраўшы прозвішча, імя і імя па бацьку грамадзяніна, які адносіцца да сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва, можна будзе ўбачыць, якімі льготамі і гарантыямі, сацыяльнымі паслугамі ён карыстаецца, усе даныя пра яго пенсію, меры дзяржаўнай падтрымкі. Устаноўлена і сістэма абароны інфармацыі.

На пачатку 2013 года ўступіў у сілу новы Закон РБ “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, ім удакладнена кола асоб, якія маюць права на дзярждапамогу, значна павялічаны памер дапамогі па доглядзе дзіцяці да трох гадоў і інш.

З красавіка 2012 года пачаў дзейнічаць Закон “Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе”, якім пашыраны віды і ўмовы прадастаўлення такой дапамогі. З улікам практыкі работы з 1.01.2014 года Указам Прэзідэнта №550 унесены змены і дапаўненні ў дзеючае заканадаўства. Пашыраны паўнамоцтвы камісій па прызначэнні адраснай дапамогі, прадугледжаны дадатковыя меры з мэтай прафілактыкі ўтрыманскіх настрояў і г.д.

У 2013 годзе ў сувязі з уступленнем у сілу новай рэдакцыі Закона “Аб сацыяльным абслугоўванні” зацверджаны пералікі, парадак і ўмовы аказання бясплатных і агульнадаступных паслуг дзяржаўнымі ўстановамі сацабслугоўвання, уведзена новае паняцце “дзяржаўны сацыяльны заказ”. Цяпер і некамерцыйныя недзяржаўныя арганізацыі могуць аказваць сацыяльныя паслугі насельніцтву, рэалізоўваць сацыяльныя праекты. Фарміруюць і фінансуюць дзяржаўны сацыяльны заказ мясцовыя выканкамы. Да інавацыйных сацпаслуг можна аднесці паслугі няні, па перадышцы і г.д.

Заканадаўства па сацыяльнай абароне ўдасканальваецца пастаянна. Таму адной з найважнейшых складаемых работы нашых спецыялістаў з’яўляецца веданне заканадаўчай базы і ўмелае яе прымяненне.

– Да таго ж трэба быць педагогам і псіхолагам, чалавекам бескарыслівым і высокамаральным. Назавіце такіх спецыялістаў.

– У нас не затрымліваюцца надоўга людзі выпадковыя. Толькі тыя, хто валодае такімі душэўнымі якасцямі, як міласэрнасць, цярпенне, уменне суперажываць, і высокай працаздольнасцю, на доўгія гады звязваюць сваё жыццё з сацыяльнай абаронай. Сёння лепшымі прадстаўнікамі нашай прафесіі з’яўляюцца сацыяльныя работнікі Раіса Кулік, Святлана Шляга, Валянціна Пратасевіч, Тамара Дроздзік, спецыялісты ТЦСАН Алена Шаблінская, Юлія Ліцук, Ларыса Калянюк, Тамара Бычкоўская.

Адзначу таксама кампетэнтную работу спецыялістаў упраўлення Святланы Барысюк, Іны Карасінскай, Святланы Паповай, Аляксандра Зянкевіча, Ігара Пятрэнкі. Добра зарэкамендавала сябе наша моладзь: Наталля Пацяйчук, Вольга Серадзюк, Ганна Салівончык…

Жадаю калектыву ўпраўлення і ТЦСАН, нашым ветэранам здароўя, шчасця, міру, дабрабыту і ўзаемаразумення ў сем’ях. Няхай ваша нялёгкая і плённая праца прыносіць задавальненне і адгукнецца ўдзячнасцю ў сэрцах тых, дзеля каго ажыццяўляецца сацыяльная работа.

Мы ўсё яшчэ знаходзімся пад уражаннямі Новага года і Калядных святаў – дзён, што заклікаюць нас да міласэрнасці, дабрачыннасці, успомніць пра нямоглых людзей, якім так патрэбна наша дапамога, наша чуласць. Не абыходзьце іх увагай, стаўцеся да іх так, як робяць гэта работнікі ўпраўлення і ТЦСАН. А дабро заўсёды вернецца дабром. Будзем памятаць пра гэта не толькі ў святы, а і кожны дзень.

Вера ІВАНЮКОВІЧ.

Фота Міколы Шума.

Добавить комментарий