Славятся своим делом

Вядома, што на Дошку гонару могуць трапіць толькі тыя, хто сумленна і з усёй адказнасцю адносіцца да сваёй прафесіі. У адкрытым акцыянерным таварыстве «Відамлянскае» вызначылі трох дастойных працаўнікоў. Ніжэй – пра кожнага з іх.
Мікалай ХВЕСІК,
трактарыст-машыніст.
Родам Мікалай Сцяпанавіч з Украіны, але беларуская зямля ўжо даўно стала для яго роднаю. У 1982 годзе прыехаў у Відамлю разам з маладой жонкай, дзе для сям’і праўленне тады яшчэ калгаса выдзеліла 2-пакаёвую кватэру. З цягам часу нарадзіліся двое дзетак, атрымалі дом з усімі выгодамі. Адразу пасля прыезду пайшоў працаваць на пагрузчык. Так з таго часу і працуе на ім (праўда, тэхніка за гэтыя гады памянялася). Зараз Мікалай Хвесік шчыруе на “Амкадоры”. Яго жалезнага каня можна ўбачыць паўсюль: на пагрузцы буракоў, арганічных угнаенняў… У дзень нашага візіту Мікалай Сцяпанавіч шчыраваў на будоўлі на тэрыторыі малочнатаварнай фермы “Лашэвічы”. Трыццаць гадоў аддаў гаспадарцы адказны працаўнік, які тут назаўсёды стаў сваім. Гавораць, што добрым працаўніком становіцца той, хто і дома – сапраўдны гаспадар. А Мікалай Сцяпанавіч менавіта такі. У яго хлявах месцяцца і рагуля, і свінні, і куры. Праўда, як прызнаўся герой гэтага сюжэта, асноўныя абавязкі па дамашняй гаспадарцы ляжаць усё ж такі на любай жонцы, бо сам пастаянна заняты на працы, якая прыносіць задавальненне не толькі маральнае, але і матэрыяльнае…
Любоў БЯЛЬЗЮК,
аператар машыннага даення.
Гэтая маладая жанчына працуе на адной з лепшых малочнатаварных фермаў адкрытага акцыянернага таварыства “Відамлянскае” – “Лашэвічы”. Яе загадчыца ахарактарызавала Любоў Уладзіміраўну ўсяго толькі двума словамі – сумленная і адказная. А гэта менавіта тыя якасці, якія патрэбны чалавеку, каб яго заўважылі і ацанілі. Любоў Бяльзюк родам з суседняй Турны, а ў гаспадарку прыйшла ў 2000 годзе на пасаду цялятніцы. Ужо амаль адзінаццаць гадоў яна – аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы “Лашэвічы”. Любоў Уладзіміраўна лічыць, што на рабоце, як і дома, на твары заўсёды павінна быць усмешка. Гэта галоўны аспект, якога сама гераіня і прытрымліваецца. Разам з напарніцай ёй прыходзіцца ўставаць у 4 гадзіны раніцы і ісці да дойнага статка, які зараз налічвае 300 галоў. Але гэта не праблема, бо да сваёй працы яны, зноў жа, падыходзяць з усёй адказнасцю. Хоць і бывае часам цяжка, сваю работу Любоў Бяльзюк мяняць не збіраецца…
У яе ўтульным доме заўсёды рады гасцям, а яны нярэдкія, бо тут жывуць яе кветачкі жыцця – сын і дачка. А гэта ці не галоўнае шчасце ў жыцці любой жанчыны?
Аляксандр ХІНІЧ,
галоўны інжынер-будаўнік.
Гэты чалавек прыйшоў у гаспадарку ў 1980 годзе, пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (тады – палітэхнічнага інстытута). Працаваў спачатку майстрам, потым – прарабам. І вось ужо два гады ён – галоўны інжынер-будаўнік гаспадаркі. Сам Аляксандр Афанасьевіч родам з Пелішча.
У склад мясцовай будаўнічай брыгады зараз уваходзяць 9 чалавек, якія заняты на рэканструкцыі малочнатаварнай фермы “Лашэвічы”, на добраўпарадкаванні комплекса “Пруска”, на будаўніцтве збожжасховішча ёмістасцю ў 6 тысяч тон. Для брыгады работы хапае і зімой, і летам. Таму прастояў няма. Будаўнікі ў гаспадарцы характарызуюцца толькі добрымі словамі. У іх начальнік ніколі не сядзіць на месцы, бо на ўсіх аб’ектах яго чакаюць для таго, каб параіцца, атрымаць заданне ці проста пагутарыць.

Наталля ГРЫЦУК

Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий