«Свобода — верный шаг к творческой мысли»

Алена Анатольеўна Ваўчок – педагог вышэйшай катэгорыі з 18-гадовым стажам. Працуе ў Камянецкім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, вядзе гурток “Вязанне”. І аб гэтым выбары не шкадуе.
Самая вялікая радасць для Алены Анатольеўны – бачыць, як гурткоўцы з задавальненнем бягуць на яе заняткі, на якіх заўсёды знаходзіць развіццё ідэя свабоднага выбару. Менавіта свабода, як лічыць педагог, самы верны крок да творчай думкі. Вось чаму яна, працуючы з маленькімі дзецьмі, актыўна выкарыстоўвае гульню як форму арганізацыі дзейнасці гурткоўцаў. Атмасфера добразычлівасці фарміруе ў малых разуменне таго, што ніхто з іх не будзе пакрыўджаны нават сумненнем у няздольнасці дасягнуць патрэбнага выніку. Як чалавек творчы яна да ўсяго падыходзіць нестандартна. Ёсць такі выраз “залатыя рукі” – яны могуць шмат і лепш за тыя, што ўмеюць другія. А ёсць яшчэ добрыя рукі. Гэтая вартасць не набываецца з вопытам. Яна альбо ёсць, альбо не. Менавіта такія рукі ў А.А. Ваўчок.
Пра сваіх гурткоўцаў Алена Анатольеўна можа расказваць доўга і цікава. Вось дзесяцігадовая Аня Нічыпарук прыходзіць на заняткі з маці. Вельмі працалюбівая і ўважлівая. Калі не ведаць пра яе праблемы са здароўем, ніколі не здагадацца, чаго варта такому дзіцяці навучыцца так добра вязаць. Ліза Рашэтнікава, Алеся Рыб і Мікіта Буйкевіч – вучні 3-га класа СШ №2 – займаюцца першы год, а ўжо робяць поспехі. Даша Ваўчок вяжа для лялек адзенне з чатырох год, робіць гэта з вялікім задавальненнем. Ліля Мурына крыху старэйшая, а ўжо вяжа рэчы для сябе. Сяброўкі Вераніка і Дар’я з СШ №1 ужо праз паўгода заняткаў сталі вязаць мадэлі для свайго гардэроба. Аня Шчэрба (СШ №1), Яна Пучынская і Оля Мурын (СШ №2) – гонар Алены Анатольеўны. Дзяўчаты займаюцца ў гуртку некалькі год і ўмеюць вязаць усё. А работа Олі Мурын была нават адзначана дыпломам рэспубліканскага конкурсу “Калядная зорка”. Дарэчы, вырабы гурткоўцаў пастаянна дэманструюцца на выставах.
З чаго пачынаецца ўменне рукадзельнічаць? Спачатку з назірання, як лёгка і непрымусова перабірае пруткі, ніткі твой настаўнік. Затым вучышся сам набіраць вочкі на пруткі, а потым хочацца штосьці новае. Для гэтага прыходзьце ў гурток “Вязанне”, дзе навучыцеся такому мастацтву ў Алены Анатольеўны Ваўчок.

Аляксандра Дацкевіч

Добавить комментарий