Рэйс у 3 тысячы тон

На пачатку гэтага тыдня ў “Белавежскім” віншаванні прымаў Сцяпан Царук. На МАЗе 5551 ён перавёз ужо больш за 3 тыс. тон зерня ад камбайнаў – гэта самы высокі вынік у вобласці. Ганаровую грамату і важкую прэмію яму ўручыў намеснік старшыні аблвыканкама Якаў Бухавецкі. Яго шчырыя словы падзякі і надзея неўзабаве зноў сустрэцца падчас абласных ці рэспубліканскіх “Дажынак”, напэўна, сталі выдатным стымулам для яшчэ больш плённай працы.

Не менш удзячнасці і ў словах генеральнага дырэктара ААТ “Белавежскі” Юрыя Мароза, якія “суправаджаў” канверт з прэміяй ад імя гаспадаркі, а таксама – старшыні прафкама Валянціна Супрыновіча.

Выпускнік Белавежскай СШ, Сцяпан атрымаў прафесію вадзіцеля ў Высокаўскім сельгаскаледжы. І першай яго аўтамашынай быў стары ГАЗ-53, затым – далёка не першай маладосці МАЗ, а тры гады таму атрымаў новую аўтамашыну. Работы ўдосталь амаль увесь год. Таму асноўны клопат аб хатняй гаспадарцы і дваіх дзецях (жывуць Царукі ў Расне, у катэджы з усімі выгодамі) на плячах жонкі, якая працуе ў дзіцячым садку. Плён работы гаспадара – у сямейным дастатку, ва ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. А недададзеную сваім дзецям «летнюю» ўвагу Сцяпан кампенсуе зімою, калі больш вольнага часу…

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий