Робаты ўсё зробяць: на ферме ў Мінкавічах спрабуюць працаваць без даярак

На мінулым тыдні новы малочнатаварны комплекс на 1 тыс. галоў дойнага статка ў “Белавежскім” прыняў першых 50 рагуль, якіх ужо дояць робаты.

На комплексе зманціравана рабатызаваная ўстаноўка “ка­русель”, і абслугоўвае яе адзін чалавек. А ў кантакце з той устаноўкай – чатыры робаты. Яны здольныя цалкам замяніць аператараў машыннага даення. І гэтымі днямі ў Мінкавічах у тым пераконваюцца.

КАБ РОБАТ НЕ ЗДЗІЎЛЯЎСЯ

Сістэма рабатызаванага даення працуе пакуль у тэставым рэжыме, а спецыялісты, у т.л. сэрвіснай службы, назіраюць за работай суперсучаснага абсталявання, каб гарантаваць яго адмысловую працу.

Першая група жывёлы, скрупулёзна адабраная для гэтай фермы (найперш каровіна вы­мя павінна быць стандартным, каб робат не “здзіўляўся”), толькі пачынае прывыкаць да новых умоў, да таго, што абыходжанне з ёю нязвыкла далікатнае. А ад шчаслівых кароў у доб­рым настроі, здароўі і прадук­тыўным даўгалецці можна чакаць больш малака. Спецыялісты спадзяюцца, што такая сістэма даення дапаможа павялічыць колькасць лактацый каровы, што надзвычай важна.

Першы намеснік генераль­нага дырэктара ААТ “Белавежскі” Алег Сухарукаў, у якога гэтыя дні звышнапружаныя, зазначае:

– На такой суперсучаснай ферме даярак няма, і мінімальны кантакт жывёлы з чалавекам дазваляе стабільна атрымліваць малако класа “экстра”, бо робат-дояр апрацуе вымя як трэба да і пасля даення. Падчас яго аператар атрымлівае даныя, колькі малака доіцца з кожнай чвэрці вымені, якая тлустасць, элект­раправоднасць яго і г. д. У рэжыме рэальнага часу можна сачыць за здароўем кожнай жывёліны і хутка рэагаваць на падазроныя перамены. Найперш прыходзіць на думку такая напасць, як мастыты. І прафілактыка хваробы вымені – галоўнае. Робат выдатна і “скрупулёзна” выконвае ўсе зададзеныя праграмай прафілактычныя маніпуляцыі, у тым ліку і масаж, а карова атрымлівае намнога менш стрэсу ад прысутнасці побач чалавека, у якога часам можа быць дрэнны настрой.

ЗАМЕСТ ДАЯРКИ КАМПАКТНЫ БЛОК

…Вечарам, калі наведаліся на новую ферму ў Мінкавічах, даенне кароў вось-вось па­він­на было пачацца: ля “кару­се­лі”, што змяшчае за адзін заход 24 рагулі, у чаканні іх маўклі­ва застылі… робаты. Праўда, зусім не чалавекападобнага кшталту, якіх бачым у папулярных тэлероліках, а ў выглядзе кампактнага блока, нашпіга­ванага электронікай і аснашчанага маніпулятарамі. Ферма выглядала амаль бязлюднай, хіба што некалькі маладых чалавек – прадстаўнікоў фірмы “ДэЛаваль” – зацікаўлена ўзіраліся ў маніторы і датчыкі. У цішыні ледзь чутны гул працуючага абсталявання. У тым ліку і “падгоншчык” жывёлы тут таксама працуе ад кнопкі.

Каровы яшчэ толькі вучацца самастойна заходзіць на “карусель”, папярэдне абавязкова прайшоўшы праз “разумныя” вароты: праз іх накіроўваюцца на даенне, гэтаксама вяртаюцца ў кароўнік, асобныя жывёліны адсякаюцца для апрацоўкі, калі камп’ютар знаходзіць для таго прычыну… І ўсё гэта дзякуючы спецыяльным  ашыйніку з транспондарам або кліпсе на вуху, па якіх камп’ютарная праграма ведае кожную карову “в лицо”. І робату можа не спадабацца якасць малака (яна вызначаецца пад­час даення) ад якой-кольвек з іх, аб чым ён катэгарычна заявіць. І яшчэ – калі карова з нейкай прычыны недадоена, камп’ютар верне яе на паўтор­нае даенне; беспамылкова вызначыць, колькі малака надоена з кожнай чвэрці вымені; назаве лепшыя дні для аплад­нення; аператыўна падкажа, чаго не хапае ў рацыёне. Спадарожны аналіз крыві жывёліны здольны “расказаць” аб усім, што цікавіць ветурача, заатэхніка, асемянатара.

На інтэлектуальнай ферме ў Мінкавічах абавязкі аператара галаўнога камп’ютара даверылі інжынеру Андрэю Яговічу, а загадвае фермай Раман Пераходзька, які мае вопыт працы ў жывёлагадоўлі.

Тут цалкам аўтаматыза­ва­на не толькі даенне кароў, але і выдаленне арганікі, рэгулярнае падсоўванне кармоў бліжэй да жывёлы…

* * *

Фінансаванне сучаснага комплексу, які поўнасцю будзе ўведзены ў строй да канца 2020-га (будоўля была пачата ў 2019-м) – за сродкі абласнога бюджэту, банкаўскіх пазык і ўласных грошай “Белавежскага”. Разлі­чаны кошт новага МТК – каля 27 млн. рублёў, але белавежцы зараней ведалі, што змогуць зэканоміць трэць гэтай сумы: вопыт атрымалі пры бу­даўніцтве сучаснага МТК у Караліне, дзе непасрэдна будоўля таксама вялася гаспадарчым спосабам. Тэрмін акупнасці рабатызаванага комплексу ў Мінкавічах да сямі гадоў – пры рэнтабельнасці такой вытворчасці у 28,3 %.

Фарміраванне статка для яго было распачата зараней, у т. л. маюць на ўвазе і перспектыўных нецеляў у іншых аддзяленнях гаспадаркі.

Якія чаканні звязваюць з гэтым суперсучасным комплексам у гаспадарцы? – пацікавілася ў генеральнага дырэктара ААТ “Белавежскі” Аляксандра Дуньковіча.

– Ён сапраўды супер, і рабатызаваная “карусель” падобнага тыпу пачынае працаваць на малочнатаварным комплексе ўпершыню на прасторах СНД. Набліжаліся да гэтай па­дзеі свядома, паэтапна асвой­ваючы ўсё больш тэхналагіч­нае аснашчэнне комплексаў у розных аддзяленнях. Наконт чаканняў… У перспектыве найперш спадзяемся на больш працяглае прадуктыўнае жыццё дойнага статка, бо выгадаваць добрую карову – справа нятанная, і тры лактацыі – як цяпер у сярэднім па Брэстчыне, – гэта малавата. Далікатнае стаўленне да жывёлы, зададзенае камп’ютарнай праграмай, гарантаванае выкананне ўсіх патрабаванняў тэхналогіі, адсутнасць чалавечага фактара – усё разам напэўна дасць і вынік: больш здаровы статак, якасць малака, важкія надоі. Ды і моладзь сёння вабяць падобныя тэхналогіі 21-га стагоддзя.

Галіна НОВІК.

Фота Віталія ДУЛЕВІЧА.