Разбой учинил — молодость загубил

Гэтая крымінальная справа была разгледжана судом раёна сёлета, а свае злачынныя дзеянні падсудны ўчыніў летась.
У той асенні дзень 22-гадовы Дзмітрый Ярмашук, ураджэнец Маларыцкага раёна, які адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу (абмежаванне волі) за крадзяжы і грабеж, пасля работы разам са сваім сябруком выпіў бутэльку гарэлкі. Але, відаць, гэтага здалося мала, таму пайшлі ў магазін вёскі Абяроўшчына па “дабаўку”. Вось толькі адна “загваздка” – грошай не было… І тут заўважылі, як мясцовы жыхар купляе вялікую бутэльку віна і мясны рулет. Дзмітрый прапанаваў незнаёмцу выпіць разам, але мужчына адмовіўся. Што рабіць? Дагнаў таго вяскоўца, спытаў, дзе можна выпіць вадзіцы. Той паказаў на калодзеж. Карацей, Дзмітрый прасачыў, дзе жыве той вясковец, і разам са сваім сябруком па адбыцці пакарання ўвайшоў у той дом (а дзверы не былі на замку). На кухні гаспадар у паўзмроку выпіваў з жонкай віно. Дзмітрый падышоў да яго і прадставіўся… супрацоўнікам міліцыі. У адказ пачуў: “Пакажы дакументы…” І тады Дзмітрый “ускіпеў” – схапіў кухонны нож, які ляжаў на стале, прыставіў яго да горла гаспадара, запатрабаваў грошы. На стале ляжалі каля 160 тысяч рублёў, і нахабнік прыхапіў іх сабе, ды яшчэ каля шасці тысяч дастаў з кішэні вяскоўца. Не выключана, што той са страху і сам мог аддаць тыя грошы, што былі ў куртцы. Менавіта так па сутнасці расказаў аб садзеяным і сам Дзмітрый у ходзе папярэдняга следства, на вочнай стаўцы. А ў судзе прызнаў віну часткова, маўляў, яму той гаспадар дома сам даў грошы, ды ўсяго каля 13 тысяч рублёў, і нож да горла не прыстаўляў, проста хацеў адрэзаць ім кавалак мяса на стале. Ды і не забіраў пачатую бутэльку віна, мясны рулет, грошы , а чаму прызнаўся ў гэтым на папярэднім следстве, патлумачыць не можа… Спрабаваў выгарадзіць Дзмітрыя і яго сябрук па няшчасці. Аднак, на судовым пасяджэнні віна падсуднага была даказана, знайшлася адзіная змякчаючая абставіна – тое, што падсудны добраахвотна кампенсаваў нанесены ўрон.
Пры вынясенні прыгавора было ўлічана, што Дзмітрый не адбыў адзін год 11 месяцаў і 15 дзён абмежавання волі (так званай “хіміі”). Канчаткова яму прызначана за ўчыненне пагрозы прымянення насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага, з мэтай завалодання маёмасцю (разбой, учынены паўторна, з пранікненнем у жыллё), згодна з арт. 207, ч.2 Крымінальнага кодэкса РБ, пазбаўленне волі тэрмінам на 6,5 года з адбыццём у папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Гэты прыгавор быў абскарджаны ў касацыйным парадку. Брэсцкі абласны суд пакінуў яго ў сіле.

Аксана ШКЕЛЬ,
суддзя суда раёна

Добавить комментарий