Разам за гуманнасць

5 снежня адзначаўся Міжнародны дзень валанцёра. Такія добрыя, безадказныя людзі ёсць і ў нашым раёне. Чым жа займаюцца яны? Сёння камянецкая раённая арганізацыя “Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа” налічвае 52 пярвічкі і 4178 членаў.

Асноўныя мэты Таварыства – аблягчэнне чалавечых пакут, дапамога ахвярам узброеных канфліктаў і надзвычайных сітуацый, прапаганда міжнароднага гуманітарнага права (яго, дарэчы, факультатыўна вывучаюць у СШ №1 г.Каменец і Воўчынскай СШ) і асвета насельніцтва ў галіне аховы здароўя.

Сёлета 109 юных валанцёраў з вышэй названых школ, а таксама – Вярховіцкай, Камянюцкай, Навіцкавіцкай, Відамлянскай, Раснянскай, Турнянскай СШ, Хадасоўскай БШ актыўна ўдзельнічалі ў вырашэнні сацыяльна-бытавых праблем жыхароў сваіх населеных пунктаў, кіруючыся шчырым жаданнем прыносіць карысць людзям. У час канікулаў для юных валанцёраў праводзілася вучоба – базавы курс валанцёра.

Вядучая роля ў валанцёрскім руху раёна сярод школьнікаў належыць атраду “Дабрадзеі” Камянецкай гімназіі. Яго ўдзельнікі Аляксандра Дацкевіч, Ілья Мартысюк і Анастасія Мурашка былі на Белым возеры, дзе праходзіў V абласны форум валанцёраў, сярод гасцей якога былі брастаўчане, мінчане, гамяльчане і пецярбуржцы. На форум прыехалі не з пустымі рукамі: з відэафільмам, імянным тортам, канцэртнымі нумарамі. Камянчане паказалі сябе вельмі добра і атрымалі сертыфікаты на права правядзення трэнінгаў.

У дзень інваліда “Дабрадзеі” ўстанавілі скарбонку на ўваходзе на камянецкі рынак, у якую кожны жадаючы мог пакласці свае ахвяраванні для дапамогі двум цяжка хворым інвалідам. Акрамя таго, валанцёры завіталі ў аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў, дзе іх забаўляльная праграма “Разам мы мацнейшыя” мела поспех.

Шмат добрых спраў зрабілі і дарослыя валанцёры. Акрамя іх непасрэднага ўдзелу, своечасова паступалі членскія ўзносы ад устаноў адукацыі і “Камянецкай ЖКГ”, дырэкцыя ААТ “Белавежскі” ахвяравала значную суму, ААТ “Усход-Каменец” аказала дапамогу 16-і інвалідам. Сродкі накіраваны таксама ў прытулак у Пелішчы, мнагадзетнай сям’і, цяжка хворым дзецям-інвалідам. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву раённай арганізацыі Таварыства са старшынямі сельскіх Саветаў 40 адзінокіх пажылых людзей атрымалі харчовыя наборы на суму звыш 14 млн. рублёў.

Людміла ЛІЦ,

старшыня раённай арганізацыі “Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа”.

Добавить комментарий