Прыйшоў на работу 1 красавіка

P8068997Пра спецыялістаў ААТ “Каленкавічы” раёнка пісала ўжо неаднаразова. Сёння адкрыць некаторыя “заслоны” са свайго жыцця прый­шла чарга маладога спецыяліста, агранома-хіміка Рамана Краўчука.
– Раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе.
– Нарадзіўся і вырас недалёка ад Каленкавічаў – у Вярховічах. У іх і прайшло ўсё маё дзяцінства. Там жа ў 2008 го­дзе скончыў мясцовую сярэднюю школу. Хоць і не атрымаў ніякіх медалёў, але адзнакі ў атэстаце былі нядрэннымі. У мяне ёсць дзве старэйшыя сястры. З самага маленства было каго абараняць і за каго заступацца. Усе разам мы любілі дапамагаць бацькам па гаспадарцы…
– Раман, а ці любілі Вы ву­чыцца ў школе?
– Як і любы хлопец школу не вельмі любіў. Але былі прадметы, якія вучыў з вялікім задавальненнем. І гэта, як ні дзіўна, біялогія. У нас была настаўніца Ларыса Зобніна, якая вельмі цікава выкладала гэты прадмет.
– А цяпер крыху аб тым, як выбіралі навучальную ўстанову.
– Гэта вельмі цікавая гісторыя. У класе восьмым рашыў, што пасля сярэдняй школы буду паступаць у медкаледж у Брэст. Але жыццё вырашыла па-іншаму. Калі ўсе выпускныя экзамены былі здадзены, пачаў здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне для паступлення ў каледж. І вось, пасля апошняга тэста па хіміі, я выпадкова сустрэў свайго знаёмага, які паведаміў мне пра Гро­дзенскі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. Мяне гэта ўстанова зацікавіла. І так, амаль на апошнім этапе ўступнай кампаніі, у 2008 годзе я стаў студэнтам універсітэта. Вучыўся на агранамічным факультэце, і ніводнага разочку за пяць гадоў навучання не пашкадаваў аб сваім рашэнні. І адзнакі ў залікоўцы “гаварылі” аб гэтым.
– Калі Вы прыйшлі у “Каленкавічы”?
– Як ні смешна гэта гучыць, на сваё першае месца працы прыйшоў і заняў пасаду агранома-хіміка, насеннявода 1 красавіка гэтага года. Скажу больш, і практыку падчас навучання ва ўніверсітэце праходзіў менавіта ў гэтай гаспадарцы, таму ўжо ўсё і ўсіх ведаў.
– Як Вас прыняў калектыў?
– Вельмі добра, адносяцца ўсе як да сына – і параду дадуць, і навучаць дзе трэба, і пасварацца. Паважаю тых лю­дзей, сярод якіх знаходжуся, і яны паважаюць мяне, таму тут лёгка і добра працуецца. Аб лепшым першым месцы працы і марыць не прыходзіцца.
– А якія задачы ў гаспадарцы выконваеце як спецыяліст?
– Я не толькі аграном-хімік, але і насеннявод, таму спіс абавязкаў крыху пашыраны. Асноўная работа хіміка звязана з унясеннем ядаў і ўгнаенняў, насеннявода – якасная ачыстка насення, выбарка элітных гатункаў, падборка палёў…
– На якой працы заняты зараз?
– Як гаворыцца: восень – работ восем. Так і ў нас – работы хапае. Зараз у гаспадарцы ўбіраюць з палёў бульбу. Знаходжуся то ў полі, то на пераборцы. А яшчэ рыхтуем насенне зерневых да азімай сяўбы.
– Скажыце, падабаецца Вам праца? Ці плануеце застацца ў агранамічнай сферы і пасля адпрацоўкі?
– Хочаце верце, хочаце – не, але мая праца мне падабаецца, і пасля абавязковай адпрацоўкі планую застацца ў гэтай сферы і надалей. Не ведаю, як складзецца мой лёс далей, і куды занясе потым, але з агранаміяй расставацца пакуль не збіраюся.
– Ці створаны ў “Каленкавічах” умовы для працы маладога спецыяліста?
– Пэўна! Тут высокакваліфікаваныя спецыялісты. Яны з’яў­ляюцца добрымі настаўнікамі, асабліва калі робіш “першыя крокі”. Як маладому спецыя­лісту выплачваецца матэрыяль­ная дапамога. Зарплата мяне таксама задавальняе. Акрамя таго, кіраўніцтва гаспадаркі пра­паноўвала мне жыллё, але яно не спатрэбілася – жыву з бацькамі ў Вярховічах.
– Як праводзіце вольны час?
– Яго вельмі-вельмі мала, але калі ўсё ж такі выдаецца такая хвілінка, стараюся правесці яе з карысцю. Люблю пасядзець з вудай у цішы, а калі прыходзіць грыбны сезон, то не супраць пахадзіць з каўшом па лесе. Нярэдка мяне можна заўважыць у дамашняй цяпліцы – нават дома не забываю пра тое, што я – аграном!
– Раман, ці ёсць у Вас дэвіз, з якім Вы ідзеце па жыцці?
– Ёсць, і вельмі даўно. А гучыць ён так: што ні адбываецца, усё да лепшага!
– Дзякуй за размову! Поспехаў!
Наталля ГРЫЦУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий