Профилактика — лучшее лекарство

Якая розніца паміж прастудай, грыпам і ВРВІ?
Прастуда – рэзкае ахаладжэнне цела, якое выклікае схільнасць да захворвання.
Вострае рэспіраторнае захворванне (ВРЗ) або вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя (ВРВІ) ахоплівае вялікую колькасць хвароб, што маюць аналагічную з грыпам клінічную карціну, але выклікаюць іх больш за 200 іншых вірусаў.
Грып – гэта вострае рэспіраторнае інфекцыйнае захворванне, узбуджальнікам якога з’яўляюцца вірусы некалькіх тыпаў (А, В і С). Ён небяспечны развіццём сур’ёзных ускладненняў (бранхітаў, пнеўманій, паражэннем сардэчнай мышцы і г.д.) і абвастрэннем хранічных захворванняў.
Якія меры прафілактыкі патрэбны, каб актывізаваць ахоўныя сілы арганізма?
Прыём вітамінаў, вітамінна-мінеральных комплексаў і прэпаратаў расліннага паходжання для павышэння імунітэту. Іх дастаткова ў аптэках раёна.
Уключайце ў рацыён цыбулю, часнок, больш свежых фруктаў і гародніны. У цытрусавых (лімонах, ківі, мандарынах, апельсінах, грэйпфрутах), соку квашанай капусты ўтрымліваецца вялікая колькасць вітаміну С, які садзейнічае павышэнню супраціўляльнасці арганізма.
Загартоўка – важнейшы метад прафілактыкі розных прастудных захворванняў. Яна дазваляе нармалізаваць функцыю дыхальных шляхоў пры ахалоджванні, што зніжае дозу вірусу ў арганізме. Займацца загартоўкай патрэбна штодзённа, яна павінна стаць ладам жыцця.
Пазбягайце стрэсаў, стамленняў і прастуды. Калі вы перагружаеце свой арганізм фізічнай або разумовай працай, знаходзіцеся ў стане стрэсу або дэпрэсіі, дык ваш імунітэт аслаблены і лёгка паддаецца вірусным інфекцыям.
Захоўвайце звычайныя меры паўсядзённай гігіены: прыкрывайце нос і рот папяровай сурвэткай у час кашлю або чхання; старанна і часта мыйце рукі з мылам, асабліва пасля кашлю, чхання; не датыкайцеся рукамі да вачэй, носа або рота. Інфекцыя перадаецца менавіта такім чынам; пазбягайце блізкага кантакту з захварэўшымі і месцаў, дзе шмат людзей.
Калі ж пазбегнуць рэспіраторных захворванняў не ўдалося, не займайцеся самалячэннем. Звяртайцеся да спецыялістаў, усе лекавыя прэпараты прымяняйце толькі па прызначэнні ўрача. І ні ў якім выпадку не пераносьце інфекцыю «на нагах”!

Ірына КЛЮКА,
намеснік загадчыка Камянецкай
цэнтральнай раённай аптэкі №16

Добавить комментарий