Президент уверен в выходе доходов населения на докризисный уровень

Прэзідэнт упэўнены ў выхадзе даходаў насельніцтва на дакрызісны ўзровень. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 9 лютага на нарадзе аб бягучай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне.
Перад нарадай Прэзідэнт сустрэўся з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам, які далажыў аб асноўных выніках і напрамках дзейнасці ўрада. «Прэм’ер-міністр мне дакладваў і аб росце цэн, і аб росце зарплаты на асноўных прадпрыемствах. Я зрабіў заўвагу і акцэнтаваў увагу ўрада на тым, што, вядома ж, нам трэба выходзіць на дакрызісны ўзровень, і ў гэтым сумненняў няма абсалютна: мы выйдзем на дакрызісны ўзровень даходаў насельніцтва», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу таксама на праблему росту цэн, якая патрабуе асаблівай увагі. «Нягледзячы на тое, што ўрад адной з галоўных задач ставіць барацьбу з інфляцыяй, па выніках першага месяца 2012 года мы бачым інфляцыю прыкладна 2 працэнты». Кіраўнік дзяржавы адзначыў прыкметную розніцу цэн у рэгіянальным разрэзе. Так, у Брэсцкай вобласці цэны на малако знізіліся на 0,3 працэнта, а ў Гомельскай – узраслі на 5 працэнтаў. Калі бульба ў цэлым па краіне падаражэла на 3,5 працэнта, то ў Магілёўскай вобласці – амаль на 6 працэнтаў. «І па іншых пазіцыях мы бачым такі ж разрыў. У чым справа?» – звярнуўся Прэзідэнт да прысутных.
Як далажыў прэм’ер-міністр, у цэлым народная гаспадарка ў 2012 годзе стартавала дынамічна. Бюджэтна-фінансавая сістэма Беларусі працуе з прафіцытам, прыток валюты перавышае яе адток. Запаволены рост цэн.
Сельскагаспадарчая галіна развіваецца ўстойліва. Урэгулявана пытанне набыцця гаруча-змазачных матэрыялаў і ўгнаенняў пад поўную патрэбнасць. Паводле аператыўных даных, стан пасеваў азімых культур здавальняючы. Забяспечана захаванасць бульбы і агародніны.
Па выніках 2011 года прадпрыемствы Мінпрама атрымалі прыбытак у эквіваленце $1,3 млрд. супраць $460 млн. у 2010 годзе. У праграме развіцця прамысловасці, якую распрацоўвае ўрад, прадугледжваюцца шляхі вырашэння адносна так званых праблемных прадпрыемстваў.
Што датычыцца будаўнічай сферы, то ўрад зацвердзіў пааб’ектны пералік будуемых жылых дамоў з цэнтралізаванай ільготнай крэдытнай падтрымкай. «Крэдытаванне ідзе па графіку ў зацверджаных аб’ёмах. Аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам максімум да 20 лютага ўдакладняць спісы грамадзян, якія маюць права на падтрымку дзяржавы па крытэрыях, вызначаных указам нумар 13. Усе заключаныя на момант прыняцця ўказа крэдытныя дагаворы будуць выкананы на раней дзеючых умовах», – расказаў Міхаіл Мясніковіч.
Сітуацыя на спажывецкім рынку таксама стабільная. «Для процідзеяння спекуляцыі на ўнутраным рынку на разгляд кіраўніка дзяржавы ўнесены праект указа па антыманапольных мерах. За выяўленую змову і неабгрунтаваны рост цэн прапануецца ўвесці строгія меры адказнасці», – паведаміў прэм’ер-міністр.
Памочнік Прэзідэнта Сяргей Ткачоў звярнуў увагу на такую праблему, як працэнтная палітыка ў банкаўскай сферы і дарагія крэдытныя рэсурсы. Кіраўнік дзяржавы наконт гэтага адзначыў: «Па працэнтнай палітыцы маё меркаванне вы ведаеце. Перад Нацыянальным банкам пастаўлена задача па спакойнаму зніжэнню працэнтнай стаўкі. І ў нас для гэтага ёсць усе ўмовы. Нават некаторыя банкі сёння крэдытуюць прадпрыемствы па значна больш нізкай стаўцы і знаходзяць магчымасць выдаць больш танныя крэдыты. Але палітыка павінна быць акуратнай», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.
У чарговы раз Прэзідэнт звярнуў увагу яшчэ на адну праблему – празмерную паператворчасць: «Ніякіх запытаў, ніякіх адпісак і распісак. Мне гэта не трэба, мне патрэбны вынік!» Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта даручана навесці парадак у гэтым пытанні.
Кіраўнікі рэгіёнаў далажылі Аляксандру Лукашэнку аб сацыяльна-эканамічным развіцці абласцей і горада Мінска ў цяперашняй сітуацыі. У кожнай вобласці і сталіцы ў няпростых умовах надвор’я забяспечана стабільнае функцыянаванне сацыяльнай інфраструктуры, рэалізуюцца планы па развіццю розных сфер народнай гаспадаркі. Пры гэтым быў узняты шэраг пытанняў, у тым ліку крэдытавання жыллёвага будаўніцтва.
«Праз месяц ва ўрадзе павінны быць утрэсены ўсе пытанні: ЖБК, шматдзетных сем’яў, ваенных. І павінна быць выбудавана дакладная зразумелая канцэпцыя, каго бяром на льготную чаргу і дапамагаем ільготнымі крэдытамі, каму выдаём сацыяльнае жыллё. Пасля 8 сакавіка вы прыходзіце і дакладваеце мне поўную выразную карціну без усялякай кашы. Мы павінны даць грамадству дакладны адказ, як будзем дзейнічаць у гэтым і наступныя гады», – даручыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, трэба ў першую чаргу дапамагаць шматдзетным сем’ям. Яшчэ адзін прыярытэт — ваенныя.
«Там, дзе пачалі будаваць, там будзем будаваць. Недабудоўляў быць не павінна. І на гэта павінны быць накіраваны ўсе сродкі. Галоўны напрамак і крытэрый – дапамагчы чалавеку», – рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт абазначыў яшчэ адну тэму нарады – вырашэнне бягучых праблем, выкліканых анамальнымі ўмовамі надвор’я. Ён адзначыў, што работа ўсіх органаў і структур у гэты няпросты перыяд была адносна нармальная. «Але ёсць надзвычайныя здарэнні, з якімі нельга мірыцца», – заўважыў кіраўнік дзяржавы. Міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка расказаў аб мерах, якія прымаюць ратавальнікі ва ўмовах моцных маразоў. Паводле яго слоў, яшчэ ёсць рэальныя рэзервы для ўзмацнення прафілактыкі надзвычайных сітуацый. Пры гэтым міністр параўнаў статыстыку бягучага года з такім жа марозным 2006-м. Тады за тыдзень ва ўмовах моцных маразоў здарылася 604 пажары, а ў бягучым годзе – 294, што ў 2 разы менш. Значна скарацілася колькасць загінуўшых (з 86 да 30), аварый у камунальных сістэмах (64/24), адключэнняў электраэнергіі (26/14).
Вы павінны патрабаваць выканання вашых рашэнняў і прымаць меры да тых, хто гэтага не робіць», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «Губернатары павінны па ўсёй вертыкалі даць каманду. Яна павінна дайсці да старшынь сельсаветаў, кіраўнікоў сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў. У вёсцы ведаюць, да каго трэба зайсці дадому і прасачыць за парадкам. Падключыце ўсю моц улады для таго, каб гэта зрабіць», – даручыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт будзе трымаць сітуацыю пад асабістым кантролем.

1 thought on “Президент уверен в выходе доходов населения на докризисный уровень

Добавить комментарий