Поликлиника «растёт»

Галоўная ўстанова аховы здароўя раёна ў стадыі вялікай рэканструкцыі. Рамонтныя работы вядуцца ў бальнічных карпусах, а паліклініка “дарастае” новымі плошчамі, якія павялічаць яе амаль удвая.
Мяркуецца, што “пад ключ” паліклініка будзе гатова да верасня, а пакуль тут узводзяцца першы і другі паверхі адначасова з двух “крылаў” будынка. Яны злучацца на ўзроўні другога паверха. Такім чынам, перад цяперашнім уваходам утворыцца невялікі дворык.
Як зазначыў у размове галоўны ўрач Камянецкай цэнтральнай раённай бальніцы Іван Карасінскі, паліклініка пабудавана ў 1970 годзе  і не адпавядае сучасным санітарным патрабаванням. Таму і з’явілася неабходнасць правесці яе рэканструкцыю з дабудовай. Сёння многія ўрачы вядуць прыёмы пацыентаў у кабінетах, якія раскіданы па бальнічных карпусах. Пасля рэканструкцыі стане магчыма ўсім спецыялістам выконваць сваю работу ў адным будынку, як і медыкам, што вядуць агляд дапрызыўнікоў. Зараз яны працуюць не ў спецыялізаваных памяшканнях, а дзе давядзецца. Гэта стварае пэўныя цяжкасці. Бывае, што чалавеку, які звярнуўся па медыцынскую дапамогу, трэба наведаць не аднаго спецыяліста, а некалькіх. Вось і “курсіруе” `ён паміж карпусамі. А калі гэты пацыент інвалід? Дарэчы, каб аблегчыць хворым шлях па паверхах паліклінікі, у новаўзведзеным корпусе з правага боку з’явіцца ліфт.
Рэканструкцыя закране і існуючыя памяшканні. Пакуль тут вядуцца прыёмы пацыентаў у штатным рэжыме, але ў хуткім часе “закіпяць” рамонтныя работы. Будуць заменены ўсе камунікацыі, абновяцца знешні і ўнутраны выгляд.
Падчас наведвання паліклінікі там рупліва працавалі работнікі будаўнічага ўпраўлення “Будмантаж” ААТ “Будтрэст №8” горада Брэста. Дзвюма вахтамі яны ўзводзяць новыя памяшканні на працягу светлавога дня: з 8-і раніцы да 9-і вечара. Пры такіх тэмпах, калі добра будзе весціся фінансаванне, якое ідзе з абласнога бюджэту, рэканструкцыя завершыцца ў вызначаны тэрмін.

Валянціна Бачай

Фота Міколы Шума

Добавить комментарий