Пой, каменецкий край!

Беларуская зямля заўсёды была надзвычай ўрадлівая на таленты. З той, відаць, прычыны, што доўгія гады насычалася мудрасцю нашых продкаў. Хіба можна было, ступіўшы па ёй першы свой крок маленькаю, босай нагою, не адчуць непарыўнай повязі з тымі, хто быў да цябе, не пераняць іх песню і, самае галоўнае, не прыдумаць сваю? Нельга! Так адкажа любы беларус, а жыхар Камянеччыны – тым больш.
Я ніколі да гэтага суботняга дня, далібог, не здагадвалася аб тым, як прыгожа спявае камянецкі край. А ён спяваў… На шмат галасоў. Гэта было 11 лютага падчас раённага агляду-конкурсу ў межах абласнога тура ХI Рэспубліканскага фестывалю творчасці ветэранскіх калектываў “Неспакойныя сэрцы” і абласнога свята-конкурсу патрыятычнай песні “Табе мае спевы, Белая Русь”. Праходзілі яны ў Камянецкім ГДК.
Распачаў канцэрт народны клуб аматарскай песні “Перекресток”, а следам за ім па чарзе выходзілі на сцэну спевакі з самых розных куточкаў раёна. Таццяна Гурко і Ксенія Тыхнюк з Камянецкага ГДК, Дзіна Салівончык з Каленкавіцкага СДК, Аляксандра Краўцова з Амелянецкага, Вераніка Шманева з Рэчыцкага, Наталля Дзямчук з Навасёлкаўскага, Дзяніс Божамой са Стаўскага, Юлія Максімук з Войскага, Крысціна Анішчык і Валянцін Пацяйчук з Воўчынскага, Вольга Піліпук з Дзмітровіцкага, Анастасія Гурпа, Сана Салімава і Уладзімір Мазур з Агародніцкага, Ганна Шэўчык і Надзея Слімчук з Макараўскага СДК, Павел Сухараў з Высокаўскага ГДК, Жанна Вярэніч і Вольга Мышленік з Камянюцкага цэнтра рамёстваў і культуры, – усе яны пранікнёна і замілавана спявалі пра Беларусь. Нехта – малітоўна, нехта – інакш, але ажно так, што здавалася: не можа быць такой прыгажосці на зямлі. І так натуральна гучала беларуская мова, што нават думаць мы, гледачы, міжволі пачыналі на ёй. Не забылі спевакі і пра свае невялікія, але ад гэтага не менш любімыя гарады і вёсачкі, бо, як сцвярджае паэт Васіль Жуковіч: “малая бывае любоў, радзімы малой не бывае.” Пра свой родны край спяваў таксама хор вучняў старэйшых класаў Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў.
Ад песень пра Беларусь канкурсанты паступова перайшлі да ваенных. Пра «синенький скромный платочек», пра рускага Алёшу, якому ў Балгарыі стаіць помнік, пра «Сережку с малой Бронной и Витьку с Моховой», пра тое, як склалася б асобна ўзятае чалавечае жыццё, «если б не было войны»… Але вайна была, і забываць пра яе мы не маем права, як не забываюць яны, пражываючы ў душы кожную песню.
А пасля падняліся на сцэну тыя, хто нямала зведаў калісьці, пражыў жыццё, вартае павагі. Чатыры ветэранскія калектывы – вакальны гурт аматарскага аб’яднання ветэранаў “Равеснікі” Відамлянскага СДК, дуэт Зінаіды Таруц і Людмілы Брыт з Турнянскага СДК, трыа аматарскага аб’яднання ветэранаў “Залаты ўзрост” Пелішчанскага цэнтра культуры і вольнага часу і народнае аматарскае аб’яднанне ветэранаў вайны і працы “Белая вежа” – падзяліліся з гасцямі свята сваёй творчасцю. Адна з іх песень, “Мае вочы чорныя…”, нагадала мне дзяцінства, калі паўтарала за бабуляй словы і вывучыла іх так, што памятаю да гэтай пары. Добра, што ёсць такія песні. І добра, што ёсць людзі, якія спяваюць іх.
Сумую, згадваючы пра цудоўны суботні канцэрт, толькі з адной прычыны: мала людзей прыйшло ў глядзельную залу нашага ГДК. Артысты з усяго раёна з’ехаліся сюды, уваход быў свабодны, дзень выхадны – што яшчэ трэба? Няўжо тэлевізар даражэй за ўсё?..
А пераможцы, якія паедуць ад Камянеччыны на абласныя конкурсы, у хуткім часе будуць вызначаны. Можа, там іх сустрэнуць лепш?

Настасся НАРЭЙКА
Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий