Пожилой возраст? — Золотой возраст!

Адказную пасаду старшыні пярвічкі раённай ветэранскай арганізацыі пры ААТ “Агра-Пелішча” Тамара Мурына заняла чатыры гады таму. Цяпер пад яе крылом 45 пажылых людзей, сярод якіх 5 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, сям’я ваеннаслужачага, што загінуў, удзельнік працоўнага фронту і 6 былых вязняў канцлагераў.
Перш-наперш сумесна з мясцовай гаспадаркай пярвічка клапоціцца пра тое, каб паўсядзённае жыццё пажылых людзей ў Пелішчанскім сельсавеце было камфортным. Некалькі разоў на год іх наведваюць з мэтай выявіць тых, каму патрэбна дапамога. Правяраюцца стан дамоў, запасы дроў і торфу перад зімой. Усе звесткі заносяцца ў базу даных. Пенсіянеры Пелішчанскага сельсавета атрымліваюць бясплатна дровы, бульбу і сена. Дапамагаюць ім таксама і па гаспадарцы: у пасадцы бульбы (за палову кошту), абмалоце зерня. Ім выдзяляюцца пры неабходнасці сенакосы і паша для жывёлы, аказваюцца для яе бясплатна ветэрынарныя паслугі. На кожную вёску тут, дарэчы, ёсць хаця б адзін конь, без якога на зямлі не абысціся.
Кожны пажылы чалавек можа звярнуцца ў пярвічку па дапамогу, калі яму неабходна нешта падрамантаваць у доме ці каля яго. “Дарэчы, многія пенсіянеры самі абладжваюць сваё жыллё так, што пасля нават у конкурсах перамагаюць,” – не без гонару гаворыць Тамара Мікалаеўна.
Не забываюць пра пенсіянераў і напярэдадні святаў: Дзён Перамогі, Незалежнасці, пажылых людзей, а таксама з нагоды юбілейных дат. З кастрычніка пазамінулага года па нядзелях у Пелішчанскім цэнтры культуры і вольнага часу праходзяць цёплыя “агеньчыкі” ўшанавання ветэранаў і пажылых людзей. Гаспадынькі прыносяць з сабой стравы, прыгатаваныя дома, за чаем так добра пагутарыць, паўспамінаць, зацягнуць песню, а потым пусціцца ў скокі. Ёсць сярод бабулек цудоўныя пявунні, некаторыя з іх (Ніна Свідуновіч, Лідзія Апанасенка і Надзея Цімчук), напрыклад, аб’ядналіся ў трыа аматарскага аб’яднання ветэранаў “Залаты ўзрост” пры мясцовым цэнтры культуры і вольнага часу. Іх выступленне – абавязковы і чаканы нумар літаральна кожнага святочнага канцэрта, што праходзіць у аграгарадку. А пра дасціпныя байкі, безліч якіх ведае пенсіянер Уладзімір Шалонік, чулі многія. Які “агеньчык” без іх? “Добра, што ідуць людзі на такія пасядзелкі, – зазначае Тамара Мурына. – На ўзрост не зважаюць, спяшаюцца і радуюцца заўсёды, як дзеці.” А з падрастаючым пакаленнем у пелішчанскіх ветэранаў вялікае сяброўства. Штогод сівыя дзядулі і бабулі з россыпам медалёў на грудзях ідуць у школу, каб расказваць дзецям пра вайну, каб паказаць, што няма на свеце нічога больш каштоўнага за мір.
Пярвічка пры ААТ “Агра-Пелішча” цесна супрацоўнічае з сельсаветам, іншымі ўстановамі і гаспадаркай, падтрымлівае сувязі з раённай ветэранскай арганізацыяй. У Тамары Мікалаеўны нямала абавязкаў, але яна не адчувае іх цяжару, бо тое, што робіць, усё – для людзей.

Настасся НАРЭЙКА
Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий