Под лучом надежды

Нам пашанцавала: дамоўленасць на сустрэчу з маці-выхавальніцай дома сямейнага тыпу ў Турне супала з тым часам, калі сям’я чакала прадстаўніц Мінскага міжнароднага жаночага клуба – жонак паслоў, дыпламатаў, консульскіх работнікаў, якія акрэдытаваны і працуюць у Рэспубліцы Беларусь. Усе Якавукі былі дома. Насустрач выбеглі малодшыя ветлівыя дзеці. А па прасторным сучасным двухпавярховым будынку разносіўся духмяны пах спечанай здобы. – Піражкі пячэм, у марознае надвор’е вельмі добра частавацца з чаем, — патлумачыла з усмешкай гаспадыня Таццяна Анатольеўна, якая разам з мужам Дзмітрыем Анатольевічам прыкметна хвалявалася ў чаканні гасцей. Але тыя спазняліся. І ў нас быў час пагутарыць. У гэтым доме сям’я жыве сем месяцаў. Дакладней, жыве Таццяна Анатольеўна з дзецьмі, якіх сямёра. Муж працуе ў Высокім на СААТ “Белавежскія сыры”, мае дастойную работу, з якой не хоча расставацца. На гэтым прадпрыемстве да пераезду ў вёску працавала ў заквасачным цэху і Таццяна Анатольеўна. Вельмі ўдзячныя Якавукі дырэктару Анатолію Мельнічэнку і старшыні прафкама Алене Яўташук за матэрыяльную падтрымку, якую яны аказваюць сям’і сёння. Між іншым, рабочае месца маці заняла старэйшая дачка Святлана, якая жыве ў Высокім (на ўскрайку горада ў сям’і Якавукоў ёсць прыватны дом, што належыць бацькам мужа). Там вучыцца ў сярэдняй школе і Паша, якога сям’я ўзяла на выхаванне сем гадоў назад. Там ён ходзіць у музычную школу, іграе на баяне. У Высокім жывуць і шматлікія родзічы. А мужа жонка забірае з горада на выхадныя, прывозіць на маленькім трохдзверным “Нісане-мікра”, за які, як прызналася, яшчэ выплачвае крэдыт. – Усе нашы дзеці вельмі ўпадабалі сядзібу ў Высокім, – кажа Таццяна Анатольеўна. – Там вельмі хораша ўлетку, у саломе шалашы рабілі, у духмяным сене бавіліся, з бацькам на рыбалку хадзілі. У мужа ўвесь інструмент знаходзіцца там, а хлопчыкам дай усё сваімі рукамі памацаць. Таму на пачатку працоўнага тыдня толькі і чуваць: калі паедзем да бабулі – у пятніцу ці суботу? Свекрыві Таццяны Анатольеўны 84 гады, яна вельмі любіць малых дзетак і пастаянна чакае і дзяцей, і ўнукаў у госці. Не нарадуецца на сваіх і прыёмных унукаў таксама і маці Таццяны, якая жыве ў Салігорску Мінскай вобласці. – Вось каб мара ажыццявілася калі-небудзь і дом сямейнага тыпу пабудавалі ў Высокім, каб нам там усім жыць, — дадае Таццяна Анатольеўна. – Тым больш, што ў Мадэста, Кірыла і Галі ёсць старэйшыя брат і сястра, якія вучацца ў Бучамлянскай дзяржаўнай дапаможнай школе-інтэрнаце. Іх можна было б таксама забраць у сям’ю, але наш дом лічыцца ўкамплектаваным, дзеці ў пакоях жывуць па двое. Месца хапіла б і яшчэ на двух. Праўда, ходзіць Валерыя ў 6-ы клас, а Алег – у 7-ы, вучэбную праграму ў мясцовай школе не адолеюць, а інтэгрыраваныя класы ёсць толькі ў Каменцы і Высокім. На выхадныя дні не раз бралі іх, каб дзеці не забывалі родныя сувязі. Але пастаянна адпачываць разам, здзяйсняць паездкі ў аквапарк ці лядовы палац, што ёсць у вобласці, не можам, бо наша аўто цеснае для сям’і. У Высокае заехаць за адзін раз і тое не ўдаецца… Яны вельмі розныя, іх дзеці. Сарамлівыя ціхоні і шчырыя свавольнікі. Самая маленькая, Таіса, увесь час патрабуе ўвагі маці. Ды і трохгадовая Ульяна ад яе не адстае. І шасцігадовы Мадэст “круціцца” каля маці, імкнецца дапамагаць на кухні. У памочніках ходзяць Галя і Паша, якім 10 і 12 год адпаведна. У любові і разуменні жывуць васьмігадовы Кірыл і біялагічны сын Давід, якому сем; з лістапада 2010 года ў сям’і прыёмныя брат з сястрой – чатырохгадовы Сярожа і Таіса, якой 2,5 года. Усе дзеці вызначаюцца дабрынёй, чуласцю, працавітасцю. – Яны ахвотна выконваюць работу па дому, прыбіраюць свае цацкі, – тлумачыць Таццяна Анатольеўна. – Меншыя з дзіцячага садка прыносяць малюнкі, розныя вырабы, зробленыя сваімі рукамі – усё гэта для мамы. А прыязджае бацька, бягуць да яго, наперабой шчабечуць, поспехамі ў школе, садку дзеляцца. У сям’і пастаянна клапоцяцца адзін пра аднаго. Якавукі з дзяцінства прывучаюць малых да самастойнасці, самі паказваюць добры прыклад, бо свае праблемы імкнуцца вырашаць уласнымі сіламі. Дарэчы, шит каго зацiкавяць новости беларуси за неделю. Праўда, ім прыходзіцца вельмі ўважліва дазіраваць бацькоўскую любоў, каб ніхто не адчуваў сябе пакрыўджаным. На думку Дзмітрыя Анатольевіча, самае галоўнае – любіць усіх аднолькава, бо няма дрэнных дзяцей, бываюць толькі цяжкія. Але кожны мае права на разуменне і развіццё. Да яго слоў Таццяна Анатольеўна дадала: – Мы хочам, каб усе нашы дзеці скончылі школу, атрымалі адукацыю, сталі добрымі людзьмі. На кожнае дзіця Якавукам дзяржава выплачвае каля 500 тысяч рублёў дапамогі (з лютага яны падраслі) плюс зарплаты гаспадара і маці. Даходаў на такую сям’ю пры цяперашніх цэнах малавата. – Куртка каштуе 480 тысяч, боты – 380 тысяч… Галі купілі джынсы цёплыя, сукенку на свята, – расказвае Таццяна Анатольеўна. – Родзічы дапамагаюць. Гуманітарныя рэчы дзеці носяць дома. І хоць грошай на адзенне ўсім адразу не хапае, у халадзільніку заўсёды ёсць запас прадуктаў, каб прыгатаваць гарачыя стравы, напячы піражкоў. Піражкоў з начынкай напякла гаспадыня дома і для гасцей. Яны прыехалі ў вялікім аўтобусе, разам са сваімі дзецьмі і з падарункамі для сям’і Якавукоў. Віцэ-прэзідэнт па дабрачыннасці Мінскага міжнароднага жаночага клуба, жонка саветніка Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Наталія Сухавецкая расказала, што іх клубу 20 год, што яго ўдзельніцы вывучаюць звычаі і культуру краіны, дзе працуюць іх мужы, а таксама займаюцца дабрачыннасцю, наведваюць шматдзетныя сем’і і сацыяльныя ўстановы. Для дзяцей прадстаўніцы Літвы, Украіны, Малдовы, Арменіі, Ірана прывезлі два веласіпеды, развіваючыя гульні, кнігі, размалёўкі, мяккія цацкі, школьны партфель. Таццяне Анатольеўне падарылі сучасную швейную машынку і добра ілюстраваную вялікую кнігу “Кулінарная дыпламатыя”, у якой сабраны рэцэпты жонак паслоў і дыпламатаў. Калі госці зазбіраліся ў дарогу, адна з іх, што стаяла побач са мной, зазначыла: “Для мяне вялікі гонар знаходзіцца ў вашай краіне і бачыць, як тут адносяцца да людзей”. Спачатку я не зразумела, што яна мела на ўвазе, а потым здагадалася: замежная госця праніклася тым пачуццём, што ў нас так трапятліва аберагаюць дзяцей ад магчымай нядобранадзейнай будучыні. Так яно і ёсць. Сям’я – аснова дзяржавы. Гэта і пра іх, сямейства Якавукоў – дружнае, накіраванае ў будучыню.

Вера ІВАНЮКОВІЧ Фота Міколы ШУМА

2 thoughts on “Под лучом надежды

Добавить комментарий