Побач кукуруза і сорга

P7238587Недалёка ад Відамлі 2 мая было высеяна насенне 21 гібрыда кукурузы, прадастаўленае Івацэвіцкім кукурузакалібровачным заводам і нямецкай фірмай KWS.  Акрамя таго, – тут і пышна-зялёныя радкі сорга, зялёная маса пэўных сартоў якога ідзе на сілас (высока цэняцца засухаўстойлівасць і ўраджайнасць сорга). Праз кожныя 12 метраў – указальнік з назвамі гібрыда і фірмы-вытворцы.

Задумка намесніка дырэктара “Відамлянскага” па раслінаводстве Аляксандра Русецкага пераўтварылася ў “жывы” кукурузны даведнік, на радках-“старонках” якога выразна бачны ўсе мінусы і плюсы кожнага з гібрыдаў. Усе яны высеяны ў адзін дзень, у аднолькава падрыхтаваную глебу, адной сеялкай, але сёння ўжо відавочныя адрозненні і ў гушчыні лісця (а гэта – будучы сілас), і ў колькасці і размяшчэнні пачаткаў, і ў напаўняльнасці іх зернем.

На гэтай пясчанай дарозе, абапал якой зялёныя кукурузныя “сцены”, аздобленыя таблічкамі-даведнікамі, адчуваеш, які шырокі крок наперад зрабіла селекцыя. А вынік на гэтым полі будзе падведзены ўвосень, калі ў “Відамлянскім” адбудзецца выязны семінар спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў і вытворцаў насення кукурузы. Абавязковым атрыбутам тут будуць і вагі, якія бясстрасна вызначаць ураджайнасць кожнага гібрыда. На заметку аграномам і навукоўцам.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий