Перасек: у суседстве з аленямі…

Изображение 582Зімовая цішыня пануе ў лясной вёсцы. Сёння ў Перасеку з комінаў толькі пяці хатуецца дым. Вясной жа вернуцца з горада некалькі бабуль, якія зімуюць у дзяцей, абудзяць вёску галасы дачнікаў – нашчадкаў тых, хто ўжо спачывае на вялікалескіх могілках.

А цяпер хіба што аўталаўка ці паштовая машына парушыць зялёную зачараванасць ды алень-прыгажун паважна прадэфіліруе па вясковай вуліцы ў пошуку агародных ласункаў. Гэтыя лясныя госці, як заўважае наймалодшая жыхарка вёскі Валянціна Хоміч (у дзявоцтве Дзенісюк) з’яўляюцца звычайна ў Перасеку а восьмай раніцы. А вось дзікі могуць наведацца ў любы час сутак. Таму так дбайна і схаваны тут агароды за плотам. На прасторнай сядзібе Валянціны Мікалаеўны, дзе яна нярэдка збірае грыбы, ўвагу дзікоў прыцягваюць, пэўна, і дубы-волаты, якія штогод сыплюць долу жалуды.

– Некалі набіралі іх у мяшкі, і бацька вазіў на млын у Каменец – была свая мука для свіней. Цяпер леснікі часам едуць да нас па жалуды дляИзображение 573 насення. А дубам гэтым па 300-400 гадоў, яны былі сведкамі тутэйшых падзей, пра якія мы і не ведаем.

Студзень у апусцелай вёсцы, у акружэнні сасонніку, які хутка і хораша, самасеем, запаланіў былыя палі, што гадоў трыццаць назад належалі даволі вядомаму цагельнаму заводу ў Перасеку… Руіны былога прадпрыемства побач з вёскай прыцярушаны снегам, тут і некалькі сажалак, што ўтварыліся ў месцах, дзе капалі гліну для вытворчасці цэглы. А цяпер сюды едуць па гліну сяляне з наваколля для ўласнай патрэбы – аб гэтым сведчыць невялікая копанка пры дарозе. І сама дарога – “гліняная”, ступаеш, нібы ў пластылін. Як згадвае Валянціна, геолагі, што працавалі тут перад пачаткам будоўлі завода, не раз казалі, што запас гліны на гадоў пяцьсот. Акрамя вытворчых пабудоў, тут былі і інтэрнат для рабочых, і сталовая, і магазін. Працавалі жыхары навакольных вёсак, на работу прывозілі з Чарнакоў, Падбелы, Ясеня, Рэчыцы… Летам на падмогу сюды прыязджалі студэнты. Бацька Валянціны Хоміч быў майстрам завода, маці шчыравала ля печы, дзе сушылі цэглу. Мая суразмоўца згадвае, як падлеткамі таксама працавалі тут, зараблялі на канікулах свае першыя грошы і мазалі. Але прадпрыемству, збудаванаму ў 1960-я, наканавана было жыць толькі гадоў дваццаць. Цяпер ніхто з мясцовых і не ведае, у чым прычына: ці то з часам рабочых рук не стала, ці то сабекошт цэглы быў высокім, а рэнтабельнасць нізкай, калі немагчыма канкурыраваць з новымі тэхналогіямі… Сёння Валянціна не пазнае гэтыя мясціны свайго дзяцінства.

Изображение 549– Няпраўда, калі кажуць, што лес расце доўга, – вачам не магу паверыць, што тут некалі мы палолі кукурузу, буракі, збіралі каласы на жытнім полі. Лесам зарастаюць ужо і рэшткі заводскіх збудаванняў. Хоць раней яшчэ спадзяваліся, што на такое радовішча гліны зверне ўвагу прадпрымальны чалавек…

Яна бясконца любіць сваю радзіму, і нават бязлюддзе яе тут не палохае. Тым больш, што ў чацвер і суботу раніцай можна паехаць у Каменец, а пасля абеду вярнуцца дадому – маршрутны аўтобус даязджае да Вялікага Лесу, да якога ад Перасека з кіламетр. А смутак з ёю сёння ад таго, што паўгода назад пахавала свайго мужа. Пераехалі з ім у Перасек з Брэста, калі выйшлі на пенсію, распачалі рамонт у бацькоўскай хаце, навялі парадак у двары. Цяпер яго падтрымлівае Валянціна Мікалаеўна, чакае ў госці дзяцей, сясцёр ды пляменнікаў з горада. Шчыра дзеліцца з імі маленькімі радасцямі свайго вясковага жыцця. У ім так шмат месца займае лес, дзе не палохае і сустрэча са зверам. Кажа: адыдзі ўбок, і ён не зачэпіць. У ягадны ды грыбны час “знікае” ў лесе што­дня. Але і гасцінцаў лясных удосталь і сабе, і блізкім, ёсць чым частавацца і зімою. А тое, што Перасек абступіў малады сасоннік, гаворыць, нават і да лепшага – у ім больш грыбоў.

Калі засумуе па жывым голасе, выпраўляецца да цёткі Любы – Любові Андрэеўны Гусак. Яе сын з сям’ёй у Каменцы, клічуць да сябе, але цётка Люба і на дзявятым дзясятку не згаджаецца пакідаць хату на зіму. Яна таксама працавала на цагельным заводзе разам з бацькамі Валянціны. Успаміны яднаюць. Памяць старэйшай аднавяскоўкі ўчэ­піста трымае і падзеі Вялікай Айчыннай: у 1941-м Любе было 10 гадоў, памятае ўсё да драбніц. Як гарэлі блізкія Лескі, як уначы ў хату стукаліся партызаны, а днём прыходзілі немцы, як вывозілі на падводах сем’і з Перасека ў Пружанскі раён, а вёску адразу спалілі. Згарэла і царква, якая тут была. Памятае, як палілі Вялікі Лес, як дзе-хто паспеў зараней перавезці свае ха­ты ў іншае месца, як лёс Лесак ледзь не напаткаў і Дварцы, дзе ў лагчыну, акружаную кулямётамі, сагналі больш за паўтысячу чалавек; змілаваўся над імі “нейкі немец”, якога малілі аб літасці…Успаміны цёткі Любы перамяжаюцца згадкамі Валянціны аб некалі чутым ад бацькоў, якія вельмі скупа расказвалі аб перажытым у вайну. Яе бацька за ўцёкі – двойчы – з пунктаў збору моладзі для адпраўкі ў Германію трапіў у канцлагер у Аўстрыі. Пасля вызвалення праходзіў кароткую падрыхтоўку ў Венгрыі перад тым, як накіраваццаИзображение 578 на Далёкі Усход, дзе ішла вайна з Японіяй. Але завяршылася яна нават хутчэй, чым маглі спадзявацца…Двое бацькавых братоў навекі засталіся ў спісах тых, хто загінуў без вестак. Пасля вайны Дзенісюкі настойліва шукалі не толькі іх. Мікалай Самсонавіч спадзяваўся знайсці і былога нямецкага салдата, які служыў ахоўнікам у канцлагеры і тайком прыносіў савецкім палонным хлеб, дзякуючы якому, магчыма, і дачакаліся вызвалення. Вельмі ж хацеў убачыцца з ім, падзякаваць, паціснуць руку за смеласць. Але пошукі не далі вынікаў. Затое ў Перасек не раз прыязджалі яго сябры па няволі, з кім разам быў за калючым дротам Маўтхаўзена…

Калі да вайны ў Перасеку было больш за 120 жыхароў, дык пасля таго, як фронт пагрукатаў на захад, у спаленую вёску вярнуліся не ўсе. Жылі ў суседніх, пакуль зноў будавалі свае хаты. Ва ўсім выручаў лес. Але адрадзіцца цалкам вёска пасля вайны так і не змагла. Перамены, што прыйшлі сюды з будаўніцтвам цагельнага і лесапільнага заводаў, на жаль, былі ненадоўга. Але, з другога боку, разважае Валянціна Хоміч, мабыць, гэта паспрыяла захаванню зялёнай ўтульнасці мясціны, прыдатнай сёння для “настальгічнага” турызму, дзе можна адпачыць ад гулу гарадоў.

А тутэйшае багатае радовішча гліны, напэўна, яшчэ спатрэбіцца некалі нашчадкам …

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Рэчыцкі сельсавет.

Изображение 532

 

Изображение 537

Добавить комментарий