Пераможны кідок ад Паўла Клімука

Напрыканцы мінулага тыдня Брэст прымаў удзельнікаў 55-га міжнароднага турніру памяці героя СССР, генерал-лейтэнанта Дзмітрыя Карбышава.

З года ў год у дадзеных спаборніцтвах прымаюць удзел мацнейшыя юныя лёгкаатлеты з розных краін. Вось і на юбілейныя старты завіталі спартсмены з Малдовы, Расіі, Украіны, Славакіі і інш. Найбольшая колькасць лёгкаатлетаў, безумоўна, была з Беларусі, сярод іх і прадстаўнікі Камянеччыны, выхаванцы СДЮШАР “Пушча” Ігар Сачкоў і Марыя Хван з Высокаўскай СШ, Алёна Мурына і Ілья Фісюк з СШ №2 г.Каменец, Андрэй Ярашук і Павел Клімук з Раснянскай СШ і Вераніка Галоўчык з Белавежскай сярэдняй школы. Выступалі юнакі і дзяўчаты ў дзвюх узроставых групах (1996-1997 г. н. і 1998-1999 г. н.).

Найбольш удала спаборніцтвы склаліся для Паўла Клімука (трэнер Іван Драпун), які выступаў у другой групе. У кіданні кап’я Павел з вынікам 48,88 м узняўся на першае месца. У штурханні ядра можна адзначыць Ілью Фісюка (8,6 м) і Алёну Мурыну (12,4 м). Абое занялі чацвёртае месца. Трэніруе спартсменаў Яўгеній Касцючык. Таксама выступленні сабе ў актыў могуць залічыць Андрэй Ярашук і Вераніка Галоўчык. Выхаванцы Івана Драпуна і Сяргея Нізаўца адпаведна абнавілі асабістыя дасягненні. Андрэй пастараўся ў бегу на 600 м, а Вераніка – у скачках у вышыню.

Выступалі на спаборніцтвах і выпускнікі СДЮШАР “Пушча”, якія зараз вучацца ў Брэсце. Гэта Раман Карпук, Дзмітрый Лапіцкі, Міхаіл Штамер, Яніна Рапека і Мікалай Карпук. Апошні з вынікам 50,92 м заняў пятае месца ў кіданні кап’я.

Добавить комментарий