Пераехалі з Брэста ў Лешню і не шкадуюць!

На пераезд у вёску Ірына Гурына з мужам і трыма дзецьмі адважыліся дваццаць год назад – трэба было тэрмінова вырашыць “кватэрнае пытанне”. У наваколлі Брэста шмат мясцін агледзелі і накіраваліся ў Турну.

Тут прапанавалі ім працу і калгаснае жыллё ў Лешні – дом у 90 “квадратаў” на прасторнай сядзібе…

Амаль адразу пасля таго, як пачала працаваць на ферме, што побач з Лешняй, Ірына папрасіла старшыню гаспадаркі, каб дазво­ліў узяць у лік зарплаты маладую карову. І неўзабаве яна ў двары Гурыных з’явілася, па малочныя прадукты ўжо не трэба было ісці ў магазін. Нядаўнія гараджане  сма­кавалі  дамашнія масла, тварог, смятану і нават свой “кефір”. На­поўніцу ацаніла Ірына вартасць дамашніх прадуктаў і жыццё на ўлонні прыроды пасля аперацыі і працяглага лячэння. Палюбіла вёску ўсёй душою.

З часам, калі знаёмыя не-не ды і прасілі прадаць ім “лішняе” з малочнага асартыменту, Ірына задумалася: ці не займець яшчэ адну карову? Тым больш, падобны прыклад побач: іх суседзі Шкуты шмат год запар трымаюць не менш як трое кароў (такое суседства з самага пачатку надавала ўпэўненасці ў новай для Гурыных справе, бо было ў каго парады папрасіць, было з кім параіцца). Усе пяцёра рагуль – на прывязі на лузе, што адразу за агародамі. Гаспадары ўдзяч­ныя дырэктару ААТ “АграТурна” Максіму Гульковічу за тое, што паша для кароў прадугледжана, дзве тоны сена гарантаваны.

…Цяпер у Ірыны Уладзімі­раў­ны ўжо чацвёра ўнукаў. У Лешні на свежых малацэ і тваражку растуць хутка. Прызвычаіліся з кубкамі чакаць свежага сырадою ля бабулі, якая пачынае даіць рагулю. А белыя вусы як знак якас­ці малака.

Дзеці пакуль што жывуць ра­зам з Ірынай у чаканні ўласнага жылля. Зяць едзе на працу ў Брэст (дачка ў дэкрэтным водпуску) і вязе прыгатаваныя матуляй дамашнія малочныя прадукты: у горадзе пастаянныя па­купнікі, што ацанілі талент Іры­ны як сыравара. Нямала амата­раў іх і сярод вяскоўцаў.

Працоўны дзень гаспадыні пачынаецца а 4-й раніцы, калі до­іць сваіх кароў. Паспявае праца­дзіць і пакінуць малако ў хала­дзільніку, і адразу – на ферму, дзе ў радзільным аддзяленні Ірыну з напарніцай чакаюць малыя цяляты і іх мамы-каровы. За хатнюю жывёлу спакойная, бо яе на луг выводзіць сын, і таксама – на ферму, дзе працуе жывёлаводам. А гатуе Ірына сваю “фірменную” прадукцыю звычайна ў выхадныя, якіх бывае два-тры на тыдні.

Праз два месяцы яна ўжо зможа пайсці на заслужаны адпачынак. Але наўрад ці зменіць рытм будняў на больш спакойны:  мяркуе, калі хопіць здароўя, пашырыць уласны “статак” да трох галоў, бо сёння не хапае яе “аўтарскіх” сыроў пастаянным клі­ентам. Ды і з унукамі-памочні­камі хоча пабыць даўжэй. Яны, як і іншыя дзеці, што летам едуць у Лешню з горада, бачаць кароў на лузе, а не на малюнку. На жаль, сёння не ў кожнай вёсцы такая магчымасць у дзяцей ёсць.

Галіна НОВІК.