Па слядах маці

Вольга Буйніч, аператар машыннага даення, спадзяецца, што новы год сустрэне ў асобнай кватэры ў Падбеле. Пакуль што яе невялічкая сям’я, у якой 5-гадовая дачка, жыве з бацькамі Вольгі. Яна працуе на адной ферме разам з маці ў Хамуцінах, толькі матуля – вартаўніком. Увогуле ж за спінай Вольгінай маці – 20 гадоў бесперапыннай работы даяркай (таму і на пенсію выйдзе яна раней). На ферму да яе, школьніцай, прыбягала дапамагаць Оля. А калі скончыла сярэднюю школу, прыйшла працаваць туды ж, у Хамуціны, – было гэта ў 2007-м.

У групе Вольгі – 57 рагуль, але з дапамогай малакаправода спраўляецца з такой клопатнай гаспадаркай. Ранішняе даенне пачынаецца а палове шостай, і добра, што да фермы блізка. Адна з адметнасцей працы – тое, што пяршатак даяркі атрымліваюць да ацёлу, і пазней самі іх раздойваюць. Такім чынам адбываецца прывыканне жывёлы да гаспадыні і наадварот незадоўга да важнай падзеі – першай лактацыі маладой рагулі. На думку Вольгі, гэта дадае зацікаўленасці ў выніках работы, бо пры высокай захаванасці маладняку можна атрымаць – як прэмію – цяля пэўнай вагі.

На пытанне, чым захапляецца ў вольны час, Оля сціпла заўсміхалася:

– Яго ў мяне амаль не бывае. А калі ёсць, аддаю сваёй дачушцы. Ёй ужо хутка ў школу, спак­валя вучу самаму неабходнаму. Гэтай зімой збіраемся з ёю наведаць сядзібу Дзеда Мароза.

Вольга ўпэўнена пачуваецца і за рулём уласнай легкавушкі, таму і ў вёсцы сям’я не адчувае сябе адарванай ад “вялікага свету”. Да таго ж і рэйсавы аўтобус у Падбелу з Каменца і назад рэгулярна едзе. Праўда, сумуюць вяскоўцы без маршрутнага таксі, да якога прывыклі, спадзяюцца, што былая зручнасць яшчэ вернецца…

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий