Пачуццё адказнасці за кожнае дзяжурства

Аляксандр Аніскевіч працуе ў пажарнай службе з 1995 года, калі ў пасёлку Прыазёрскі адкрыўся пост. З таго часу і застаецца нязменным вадзіцелем пажарнай аўтацыстэрны. Але аб усім па парадку і з самага пачатку…

Нарадзіўся Аляксандр у Радасці. Хадзіў у сярэднюю школу №1 г.Каменец. У 1985-м прызвалі ў армію. Служыў ва Украіне ў ракетных войсках. Пасля таго, як у 1987 годзе вярнуўся са службы на радзіму, ўладкаваўся на працу, дзе шчыраваў і да арміі, толькі ўжо на другую спецыяльнасць, у аўтапарк №9 горада Каменец. Быў аўтаслесарам, а стаў вадзіцелем. Дарэчы, сваю прафесію больш не мяняў, былі толькі розныя арганізацыі. У 1993 годзе – у будаўнічым мантажным упраўленні. А на наступны год перайшоў у Дэпартамент аховы. Нехта можа падумаць, што чалавек, мабыць, быў безадказным. На самой справе гэта не так. Мне, напрыклад, здаецца, што Аляксадр Аніскевіч проста шукаў такое месца, дзе сапраўды б адчуваў сябе патрэбным. І ён яго знайшоў – на пажарным пасту ў Прыазёрску, дзе шчыруе дагэтуль на працягу амаль дваццаці гадоў.

Аляксандр Барысавіч Аніскевіч выязджаў на пажары каля 200 разоў. Гавораць, што вадзіцель пажарнай машыны – гэта чалавек значны, бо менавіта ад яго залежыць, ці своечасова апынуцца на месцы здарэння таварышы-ратаўнікі. Як зазначаюць калегі, у Аляксандра Аніскевіча з гэтым праблем няма. Ён добра ведае раён выезду (населеныя пункты, якія ўваходзяць у склад чатырох сельсаветаў – Відамлянскі, Пелішчанскі, Навіцкавіцкі, Рэчыцкі) і горад Каменец. Акрамя таго, яго машына заўжды напагатове – прыйшліся дарэчы любоў да тэхнікі з дзяцінства і ранейшы вопыт працы ў гэтай сферы. Таму ўсе не вельмі значныя паломкі Аляксандр Барысавіч выпраўляе сам.

Нехта можа ўявіць, што вадзіцель толькі ездзіць. Але гэта не так: ён яшчэ дапамагае тушыць пажары і ратаваць чалавечыя жыцці.

На маё пытанне, ці падабаецца Аляксандру Барысавічу яго цяперашняя праца, адказаў так: “З самага пачатку вельмі хваляваўся, што не паспею, ці паеду не туды. А потым прызвычаіўся. Ведаеце, на мне ж таксама ляжыць вялікая адказнасць і гэтае пачуццё заўсёды са мной.”

За сумленную працу ў сваёй сферы Аляксандра Аніскевіча ўжо ўзнагароджвалі граматай райвыканкама. А бацькам не раз прыходзілі падзячныя лісты за добрае выхаванне сына.

Мабыць, і сапраўды добрае выхаванне атрымаў, калі і праз столькі гадоў службы ў МНС аб ім можна пачуць толькі станоўчыя водгукі і ад калег, і ад начальства.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий